Хведар Ільяшэвіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 лютага 1910(1910-02-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 лістапада 1948(1948-11-07) (38 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, журналіст, выкладчык, выдавец, рэдактар, палітык, празаік, гісторык
Гады творчасці 19221948
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хведар Ільяшэвіч, або Ілляшэвіч (17 лютага 1910, Вільня — 7 лістапада 1948, Ватэнштэт, Германія; Псеўданімы: Баец; М. Дальны; М. Д.; Святаслаў Залужны; Л. Іскра; Каласок; Лявон; Малады; Рабочы; Чырвоная кветка; крыптанімы: І-ч; Хв. І-ч; Х. І.[1]) — беларускі паэт, празаік, крытык, гісторык, грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія

У сям’і бацькоў, апроч Хведара, быў старэйшы сын Мікалай і дачка Ніна. У часе Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію, тамсама вучыўся і брат Мікола, потым выкладаў у гімназіі беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным жыцці, друкаваўся ў беларускіх часопісах. Як сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады, хадзіў па вёсках, распаўсюджваў ідэі беларускага руху, літаратуру. Па палітычных матывах двойчы арыштаваны польскімі ўладамі[1]. У 1927 годзе звольнены з гімназіі, зняволены ў Лукішскую турму.

Пасля вызвалення з турмы зноў актыўны ў беларускай дзейнасці. Адначасова вучыўся на гістарычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, у 1936 годзе абараніў дысертацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)», атрымаў ступень магістра філасофіі. Ажаніўся, з жонкай Надзеяй жыў у Вільні, дзе ў іх нарадзілася двое дзяцей.

Не прыняў савецкай улады пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе, ведаючы лёс А. Салагуба, У. Жылкі, Ф. Аляхновіча, асабіста знаёмых і рэпрэсаваных пасля 1939 года А. Луцкевіча, У. Самойлы, М. Краўцова, Н. Арсенневай, Р. Шырмы. Сам не быў рэпрэсіраваны, да 1941 года працаваў у Віленскай беларускай гімназіі. Потым з сям’ёй пераехаў і жыў у Тапалянах каля Беластока.

Падчас вайны дзеяч Беларускага камітэта, з вясны 1943 года старшыня Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Беластоку, адзін з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога», тамсама публікаваліся яго артыкулы пра М. Забэйду-Суміцкага, Ф. Аляхновіча, У. Жылку і іншых беларускіх дзеячоў культуры. Падпісваў свае артыкулы псеўданімам М. Д. У кастрычніку 1943 года прыцягнуў да супрацоўніцтва з «Новай дарогай» Масея Сяднёва, які прыбыў з Магілёўшчыны. Летам 1943 года ў Беластоку выкладаў на трохтыднёвых педагагічных курсах для беларускіх настаўнікаў.

У ліпені 1944 года выехаў у Берлін, сям’я заставалася ў Беластоку. Працаваў у рэдакцыі «Раніцы». Займаўся выдавецкай дзейнасцю. Уваходзіў у кіраўніцтва падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, быў сябрам замежнага сектара ЦК БНП[2]. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе. Жонку, Надзею Ільяшэвіч, якая аказалася на тэрыторыі Польшчы занятай Чырвонай арміяй, некалькі разоў дапытвалі савецкія службы бяспекі. Пазней яна з дзецьмі пераехала ў Шчэцін, дзе і цяпер жыве дачка Ільяшэвіча — Марыля Марліч.

Пасля капітуляцыі Германіі жыў у англійскай зоне акупацыі ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце, настаўнічаў у мясцовай беларускай гімназіі, апекаваў беларускіх скаўтаў. У 1946 годзе ў Рэгенсбургу рэдагаваў часопіс «Шляхам жыцьця» (1946—1948), бюлетэнь «Апошнія весткі» (разам з Міколам Шылам)[1]. Пазней рэдагаваў і іншыя беларускія выданні.

Загінуў у аўтакатастрофе ў лагеры ў Ватэнштэце. Пахаваны ў Галендорфе паблізу Браўншвайга.

Творчасць

Вершы друкаваліся ў «Студэнцкай думцы», «Беларускай ніве», «Крыніцы». Да 1939 года выдаў тры зборнікі паэзіі — «Веснапесьні» (1922), «Зорным шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936), а таксама кнігу пра літаратурную творчасць Ядвігіна Ш., шматлікія апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады.

Аўтар кніг «Навагоднія запросіны» (1946), «У Купальскую ноч» (1946), «Песні выгнання» (1947), «Апавяданні» (1948).

У 1981 годзе выйшла кніга «Недапетая песня. Жыццё і творчая спадчына Хведара Ільяшэвіча»[3]. У 2000 годзе, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму, выйшаў збронік выбраных твораў. У 2021 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Спадчына: агледзіны» выйшаў зборнік выбраных твораў, таксама ў зборніку апублікаваны ўспаміны блізкіх пра Ільяшэвіча, яго перапіска з Юркам Віцьбічам і Вольгай Таполяй.

У 1944 годзе ў Беластоку планаваў выдаць некалькі кніг лепшых твораў беларускай літаратуры ў серыі «Беларуская народная бібліятэчка», а таксама беларускіх перакладаў сусветнай класікі ў серыі «Бібліятэка перакладу». Выдаў у 1944 годзе ў Берліне 7 кніжак серыі «Народная бібліятэчка» (6 з іх на газетнай паперы) — Юркі Віцьбіча «Нацыянальныя сьвятыні» і «Вяліскія паўстанцы», Уладзіміра Глыбіннага «Смаленшчына — адвечная беларуская зямля», Арцёма Музыкі «Прыгоды Панаса і Тараса», Лявона Радзіміча (апавяданні «Адам і Ева», «Чабор»), Міколы Шчаглова «Беларуская музычная культура», зборнік «Дудар» (апавяданні В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, А. Савіцкай, Ядвігіна Ш., А. Падгорнага, С. Палескага).

Бібліяграфія

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.