Адаптацыя ў біялогіі — развіццё новых біялагічных уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гістарычным плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору.

Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіялагічных змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутранага асяроддзя — гамеастазу.

Сярод шматлікх формаў адаптацыі вылучаюць

  • генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет
  • фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.

Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напрыклад, працэсы акліматызацыі да новых кліматагеаграфічных умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напрыклад, паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных. У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці.

Найбольш складаныя формы мае сацыяльная адаптацыя.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.