Васямнаццатая дынастыя (1550—1292 да н.э.) — адна з найбольш вядомых дынастый Старажытнага Егіпта. Часам XVIII дынастыя называецца дынастыяй Тутмосідаў, таму што ў яе ўваходзяць усе чатыры фараона па імі Тутмос.
У яе ўваходзіў шэраг найбольш магутных фараонаў (уключаючы Тутмоса III), якія пашырылі межы Егіпта ад пятага парога Ніла на поўдні і да Еўфрата на поўначы. Да гэтай дынастыі адносіцца кіраванне Хатшэпсут і, магчыма, яшчэ дзвюх жанчын-фараонаў. Значнай фігурай з'яўляецца Эхнатон (таксама вядомы як Аменхатэп IV), «фараон-ератык», які ўпершыню на дзяржаўным узроўні ўвёў манатэізм, і яго жонка Неферціці.
Апошнім сваяком Тутмосідаў на троне быў Тутанхамон, пахавальня якога, адкрытая ў 1922 годзе Говардам Картэрам, стала адным з найвялікшых археалагічных адкрыццяў, паколькі з'яўлялася адной з нешматлікіх неразрабаваных царскіх грабніц. Эе і Харэмхеб, якія кіравалі пасля Тутанхамона, таксама ўключаюцца ў XVIII дынастыю.
Таксама гэтай дынастыі належаць такія пабудовы як Храм Амона ў Луксоры, памінальны храм Тутмоса III, і ступеньчаты храм Царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры.
Дынастыя звычайна аб'ядноўваецца з XIX і XX, утвараючы «Новае царства».
Паводле ДНК-даследаванняў, прадстаўнікі XVIII дынастыі належалі да гаплагрупы R1b1a2[1].
Яхмас I
Васямнаццатая дынастыя была заснавана Яхмасам I, братам Камаса, апошняга кіраўніка XVII дынастыі. Яхмас завяршыў барацьбу з валадарствам гіксосаў. З выгнаннем гэтай дынастыі завяршыўся Другі пераходны перыяд у гісторыі Егіпта, і пачалося Новае царства (Егіпецкая імперыя). Яхмаса I змяніў Аменхатэп I. Абодва фараоны кіравалі больш за 20 гадоў.
Тутмос I і Хатшэпсут
Тутмос I, відаць, не быў непасрэдна звязаны з дынастычнай лініяй, а далучыўся да яе шляхам шлюбу. Пасля яго ўлада перайшла да Тутмоса II і яго жонкі, царыцы Хатшэпсут, якая была дачкой Тутмоса I. Неўзабаве пасля смерці мужа яна заняла трон і кіравала больш за 20 гадоў з-за маленства свайго прыёмнага сына, Тутмоса III. Даследчыкі XIX стагоддзі меркавалі, што Хатшэпсут узурпавала ўладу, аднак новыя даследванні сведчаць, што яна была эфектыўнай і паспяховай кіраўніцай, як пра яе і гаворыцца ў антычных гісторыях. Пры ёй быў адноўлены міжнародны гандаль, адроджана багацце краіны, Хатшэпсут падтрымлівала буйныя будаўнічыя праекты і вярнула да жыцця спустошаныя храмы. Вакол пабудаванай ёй уласнай грабніцы пазней узнікла Даліна Цароў, таму што пазнейшыя фараоны жадалі быць звязанымі з веліччу яе пахавальнага комплексу. Яе сын, Тутмос III, пазней праславіўся як найвялікшы ваенны дзеяч егіпецкай гісторыі. Яго пераемнікам стаў Тутмос IV, які кіраваў 10 гадоў.
Аменхатэп III, Эхнатон і амарнскі перыяд
Першыя запісы пра афіцыйныя адносіны Егіпта з замежнымі дзяржавамі адносяцца да часу кіравання Аменхатэпа III, пры якім Егіпет перажыў эканамічны ўздым. Па ўсім Егіпце было пабудавана шмат храмаў і манументаў у гонар бога Себека, які маляваўся ў выглядзе кракадзіла. Частка дыпламатычнай перапіскі Аменхатэпа, якая вялася на акадскай мове, захоўвалася ў царскіх архівах у эль-Амарне і адыграла важную ролю ў вывучэнні гэтага перыяду.
Фараон Эхнатон правёў рэлігійную рэформу, якая складалася ва ўвядзенні манатэізму (некаторыя навукоўцы мяркуюць, што Эхнатон толькі аднавіў манатэізм). Лічыцца, што прысвячэнне Эхнатона богу Атону выклікала незадаволенасць асяроддзя, з-за чаго пасля смерці ён падвергся праклёну памяці. Хоць сучасныя егіптолагі лічаць рэлігійныя рэформы Эхнатона найбольш важнай падзеяй перыяду, самі егіпцяне лічылі амарнскі перыяд няўдалым. Частковае вяртанне да традыцыйнай егіпецкай рэлігіі адбылося ўжо падчас кіравання Сменхкары і Нефернеферуатона (магчыма, пад гэтымі імёнамі кіравала царыца Неферціці).
Тутанхамон
Наступны фараон, Тутанхамон, не дажыў да дваццацігоддзя, пасля чаго лінія атрымання прастола ў спадчыну абарвалася (паводле праведзенага ў 2008 годзе даследавання, два плады, пахаваныя разам з ім, маглі быць яго дочкамі-блізнятамі). Анхесенамон, удава Тутанхамона, звярнулася да хецкага караля Супілуліўма I з просьбай паслаць ёй у мужыкі аднаго са сваіх сыноў, зрабіўшы яго такім чынам кіраўніком Егіпта, таму што не жадала выходзіць замуж за прадстаўніка ніжэйстаячага класа. Супілуліўма I адправіў пасла, які высвятліў, што сітуацыя апісана дакладна. Аднак, хецкі прынц Цананца быў забіты па дарозе на мяжы паміж Хецкай і Егіпецкай імперыямі. У адказ на гэта ўгневаны Супілуліўма I абвясціў вайну залежным ад Егіпта Сірыі і Паўночнаму Ханаану. Аднак сярод егіпецкіх палонных успыхнула эпідэмія, якая прывяла да спусташэння Хецкага царства — загінуў як Супілуліўма I, так і яго непасрэдны спадчыннік.
Два апошнія кіраўнікі XVIII дынастыі, Эе і Харэмхеб, паходзілі з прыдворных чыноўнікаў, хоць Эе мог з мэтай атрымання ўлады ажаніцца з удавой Тутанхамона незадоўга да яе смерці. Кіраванне Эе было кароткім. Яго пераемнік Харэмхеб быў дыпламатам пры двары Тутанхамона і мог быць выбраны ім у якасці пераемніка і, магчыма, прыйшоў да ўлады ў выніку звяржэння Эе. Ён таксама не меў дзяцей і выбраў пераемніка.
З пачаткам валадарання ў 1292 годзе да н.э. Рамсеса I пачалася XIX дынастыя.
Радавод XVIII дынастыі
Зноскі
Літаратура
- Петер Элебрахт «Трагедия пирамид! 5000 лет разграбления египетских усыпальниц» (перевод с немецкого) О. И. Павловой, Москва, издательство «Прогресс», 1984 года./Peter Ehlebracht «Heltet die Piramiden Fest! 5000 Jahre Grabraub in Agypten» Dusseldorf — Wien, 1980, Econ Verlag.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме XVIII дынастыя
- Гісторыя XVIII дынастыі