World of Tanks (бел.: Свет танкаў) — камп’ютарная гульня, кліенцкая масавая шматкарыстальніцкая анлайн-гульня ў рэальным часе ў жанры аркаднага танкавага сімулятара ў гістарычным сетынгу Другой сусветнай вайны, распрацаваная беларускай студыяй Wargaming.net. Распрацоўнікі пазіцыянуюць гульню як MMO-экшэн з элементамі ролевай гульні, шутара і стратэгіі[8]. Канцэпцыя «World of Tanks» грунтуецца на камандных танкавых бітвах у рэжыме PvP. Анлайн-рэліз рускай версіі гульні адбыўся 12 жніўня 2010 года. Анлайн-рэліз World of Tanks на тэрыторыі Еўропы і Паўночнай Амерыкі адбыўся 12 красавіка 2011 года[9].
Гульня грунтуецца на схеме Free2Play; самі распрацоўнікі дэкларуюць толькі бясплатную загрузку кліента і бясплатны ўваход у гульню[8].
Для амерыканскіх, кітайскіх і еўрапейскіх гульцоў працуюць асобныя серверы[10]. Распрацоўкай гульні — праграмаваннем, гульнявым працэсам, дызайнам і стварэннем гульнявых мадэляў — займалася звыш 300 чалавек у Беларусі, пераважна выпускнікі БДУІР, БДУ і Беларускай акадэміі мастацтваў. Супрацоўнікі з Амерыкі, Кітая ды Еўропы ажыццяўлялі прасоўванне, рэкламу і тэхпадтрымку[11]. У лютым 2012 года колькасць гульцоў перасягнула 18 мільёнаў[12], з якіх 250 тыс. былі з Беларусі[13].
Гісторыя гульні
Ідэя гульні, па словах распрацоўнікаў, з’явілася 29 або 30 снежня 2008 года. Афіцыйны анонс гульні быў зроблены студыяй Wargaming.net 24 красавіка 2009 года. Паводле заявы распрацоўнікаў, для стварэння гульні «World of Tanks» быў запланаваны самы вялікі бюджэт у гісторыі гульнявой індустрыі краін СНД, аднак дакладных дадзеных пра бюджэт гульні няма. Альфа-тэставанне гульні пачалося ў верасні 2009 года; на той момант было створана толькі пяць мадэляў танкаў і адна няскончаная карта. Да моманту пачатку закрытага бэта-тэставання 30 студзеня 2010 года былі гатовыя ўжо некалькі дзясяткаў мадэляў бранятэхнікі і тры цалкам скончаных карты. За чатыры месяцы на ўдзел у бэта-тэсце было пададзена каля 40.000 заявак, у ходзе тэставання праведзена больш за 400.000 баёў. У сакавіку 2010 года распрацоўнікі абвясцілі, што плануюць развіваць праект яшчэ як мінімум 5-7 гадоў.
24 чэрвеня 2010 года пачалося адкрытае бэта-тэставанне гульні; у першай версіі адкрытага бэта-тэсту гульцам былі даступныя школы танкабудавання СССР і Германіі і сем розных карт.
8 ліпеня 2010 года стартаваў закрыты бэта-тэст англамоўнай версіі «World of Tanks».
12 жніўня 2010 года адбыўся анлайн-рэліз «World of Tanks», аднак з-за тэхнічных прычынах серверы гульні запрацавалі толькі 13 жніўня 2010 года.
27 студзеня 2011 года англамоўная версія гульні перайшла ў рэжым адкрытай бэта-версіі, яе рэліз адбыўся 12 красавіка 2011 года.
У 2012 годзе гульня ўключана ў склад дысцыплін фінальных гульняў найбуйнейшага кіберспартыўнага мерапрыемства свету World Cyber Games.
Бранятэхніка ў гульні
У гульні прадстаўлена больш за 150 тыпаў танкаў і самаходных гаўбіц, якія былі на ўзбраенні СССР, Трэцяга рэйху, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая і Японіі або распрацоўваліся ў гэтых краінах. Чакаецца выхад Італьянскай лінейкі танкаў і танкаў «Зборнай Еўропы». Агулам гульня ахоплівае гісторыю танкабудавання 1920-1950-х гадоў.
У гульні ёсць не толькі мадэлі танкаў, якія рэальна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але і эксперыментальныя мадэлі, які існавалі толькі на чарцяжах або ў прататыпах (напрыклад, звыш цяжкі танк «Маўс», рэальна выраблены толькі ў двух асобніках); апроч гэтага, дапускаюцца неаўтэнтычныя мадыфікацыі баявой тэхнікі — гарматы, вежы, рухавікі і г. д., якімі ў рэальнасці танкі не абсталёўвалі.
Прадстаўленая ў гульні бранятэхніка ўмоўна падзяляецца на пяць класаў (лёгкія, сярэднія і цяжкія танкі, а таксама процітанкавыя і гаўбічныя САУ) і 10 узроўняў.
Гульнявы працэс
У «World of Tanks» гульцы ўключаюцца ў бітвы адразу ж, без папярэдніх гульняў у адзіночным рэжыме, што дазваляе параўноўваць гульню з Battlefield Heroes. Першапачаткова гулец атрымлівае ў свае распараджэнне па адным танку першага ўзроўню кожнай нацыі: СССР (МС-1), Германіі (Leichttraktor), ЗША (T1 Cunningham), Францыі (Renault FT), Кітая (NC-31), Японіі (Renault Otsu) — лёгкія танкі, Вялікабрытаніі — сярэдні танк (Vickers Medium Mark I) з цалкам навучаным экіпажам. Удзелам у бітвах гулец зарабляе «крэдыты», трэніруе экіпаж і назапашвае балы досведу для атрымання доступу да новых вузлоў і баявым машынам. Кожная мадэль бранятэхнікі мае шэраг вузлоў — гармату, вежу, хадавую частку, рухавік і радыёстанцыю — якія можна замяніць на больш дасканалыя ўзоры. Апгрэйды тэхнікі робіцца ў «ангары» у прамежках паміж баямі. «Крэдыты» расходуюцца на рамонт пашкоджанага танка, набыццё боепрыпасаў, расходных матэрыялаў і дадатковага абсталявання; на іх таксама набываюць ўдасканаленыя вузлы і новыя баявыя машыны. Ад абсталявання, боепрыпасаў і танкаў, якія не выкарыстоўваюцца гульцом ён можна пазбавіцца, атрымаўшы палову ад іх першапачатковага кошту. У далейшым плануецца ўвесці магчымасць унутрыгульнявога гандлю паміж гульцамі.
Гульнявы працэс у «World of Tanks» грунтуецца на бітве двух выпадкова падабраных каманд з 15 гульцоў — пры гэтым у адной камандзе могуць спалучацца танкі розных нацый і гадоў выпуску, рэальныя танкі і эксперыментальныя мадэлі. Умова перамогі ў бітве — поўнае знішчэнне каманды саперніка, або захоп яго базы, для чаго адзін або некалькі танкаў павінны знаходзіцца ў адзначанай зоне некаторы час, не атрымліваючы пры гэтым пашкоджанняў. З абнаўленнем 0.7.4 былі ўведзеныя рэжымы «Штурм» (адна з каманд павінна, адбіваць атаку каманды саперніка і ўтрымаць базу) і «Сустрэчны бой» (каманды спрабуюць захапіць адзіны на карце кантрольны пункт). З абнаўленнем 8.9 быў уведзены рэжым «Камандны бой» (каманда складаецца з сямі гульцоў з выкарыстаннем тэхнікі да восьмага ўзроўню ўключна, якая падбіраецца не выпадковым чынам, а на аснове асабістага рэйтынгу гульцоў).
Сувязь паміж гульцамі падчас баёў і каардынацыя дзеянняў ажыццяўляюцца праз тэкставы чат, або голасам (паміж гульцамі ў складзе ўзвода, роты, або ў трэніровачных пакоях). Гулец, танк якога знішчаны, выбывае з бою, але можа або назіраць за бітвай ў рэжыме свабодна пераключальнай камеры, або пакінуць поле бою і вярнуцца ў ангар, адкуль неадкладна адправіцца на іншую бітву на іншым танку, або дачакацца вяртання пашкоджанага танка з бою. Ёсць рэйтынгавая сістэма, якая адлюстроўвае статыстыку перамог і паражэнняў і фіксуе дасягнення асобнага гульца.
Ёсць некалькі асноўных рэжымаў камеры: від ад трэцяй асобы, калі гулец назірае за танкам з боку, і від праз прыцэл, які набліжае аб’екты для больш дакладных стрэлаў. Ёсць таксама трэці рэжым камеры — гаўбічны (пры выкарыстанні САУ з навясным агнём). Пры ўключэнні гэтага рэжыму можна назіраць частку карты зверху, набліжаць або аддаляць камеру для прыцэльвання.
Вялікае значэнне ў «World of Tanks» даецца гістарычнай дакладнасці баявых машын. Гэта тычыцца іх вонкавага выгляду, блізкага да рэалістычнасці браніравання, размяшчэння ўнутраных і вонкавых агрэгатаў і экіпажа. Пры стварэнні мадэляў танкаў распрацоўнікі кансультуюцца з ваеннымі гісторыкамі і экспертамі ў галіне танкабудавання.
У гульні рэалізавана складаная мадэль пашкоджанняў, якая ўлічвае тып і таўшчыню броні, хуткасць снарада і вугал яго сустрэчы з бранёй, тып боепрыпасаў і шэраг іншых фактараў. Стан танка таксама не вычэрпваецца адзіным параметрам «здароўя»: у канструкцыю кожнай машыны закладзены аб’екты, адпаведныя рухавіку, хадавой частцы, гармаце, боеукладцы, бензабакам і іншым найбольш важным у функцыянальным плане вузлоў, а таксама членам экіпажа; пры гэтым кожны такі аб’ект можа быць пашкоджаны індывідуальна, што адпаведным чынам адаб’ецца на паводзінах танка: пашкоджанне рухавіка можа знерухоміць танк, прабіты бак можа выклікаць пажар, а кантужаны камандзір не зможа эфектыўна выяўляць замаскіраваныя варожыя танкі.
Абнаўленне 0.8.0 дадала ў гульню рэалістычную фізіку руху: цяпер тэхніка гульцоў можа залазіць на схілы узвышшаў, спускацца або нават падаць з іх, атрымліваючы ў некаторых выпадках пашкоджанні, тануць у вадаёмах на карце. Акрамя таго, пры паваротах ў руху на высокай хуткасці здараюцца заносы.
Аднак, нягледзячы на дэталёвую прапрацоўку вонкавага выгляду танкаў, набліжаную да рэальнасці мадэль пашкоджанняў, разлікі балістыкі і пашкоджання брані, дакладнасць паводзін бранятэхнікі ў баі прынесена распрацоўнікамі ў ахвяру «іграбельнасці»: спрошчана кіраванне, паскораны рух танка і перазарадка гарматы, агляд адаптаваны пад гульца. Самі распрацоўнікі таксама не адмаўляюць аркадных элементаў гульні:
Wargaming.net: Мы пераважна называем нашу гульню MMO-экшэнам. Хоць рысы і сімулятара і аркады ў гульні ёсць. Стопрацэнтным танкавым сімулятарам «World of Tanks» назваць нельга, бо стаўка робіцца не на абсалютную дакладнасць у кіраванні танкамі, а на дынаміку баёў. Мы не ставілі перад сабой мэты стварыць складаны сімулятар, бо гэта магло б пашкодзіць інтэнсіўнаму і захапляльнаму геймплэю. Так што «World of Tanks» — хутчэй сеткавы экшэн з элементамі сімулятара, аркады і нават стратэгічнай гульні. |
У гульні рэалізаваны «туман вайны»: месцазнаходжанне бранятэхнікі праціўніка невядома, варожы танк робіцца бачным для гульца толькі калі камандзір яго танка здольны «разгледзець» варожую машыну; пры гэтым выяўлены танк робіцца бачным і іншым гульцам каманды, калі яны знаходзяцца ў радыусе дзеяння рацыі гэтага танка. Верагоднасць выяўлення праціўніка залежыць ад далёкасці агляду з танка, дасведчанасці экіпажа, выкарыстання праціўнікам маскіроўкі, а таксама цэлага шэрагу іншых фактараў, і разлічваецца дынамічна; з прычыны складанасці і рэсурсаёмістасці разлік бачнасці можа адбывацца з затрымкай.
Распрацоўнікі не выключаюць магчымасці з’яўлення ў гульні сродкаў падтрымкі танкаў, такіх як авіяцыя, артылерыя і нават пяхота.
Камандная гульня
На момант анлайн-рэлізу ў гульні быў магчымы толькі ўваход у бой ўзводамі да трох танкаў або трэніровачныя баі. У версіі 0.6.2 былі ўведзеныя ротныя баі 15 на 15 гульцоў; патч 0.6.2.8 увёў у гульню кланы і міжкланавыя бітвы за тэрыторыі на глабальнай карце, якія ў гульні называюцца «Сусветнай вайной». Таксама існуе рэжым камандных баёў 7 на 7 гульцоў з версіі 9.4.
Кланы і «Сусветная вайна»
Гулец, які далучыўся да клану, атрымлівае прыпіску (тэг) клана ў канцы нікнэйм і доступ да асобнага ўнутрыгульнявога каналу тэкставай сувязі паміж членамі клана. Для рэжыму «Сусветная вайна» створана глабальная карта, якая ўключае Еўропу, часткі Азіі, Паўночнай Афрыкі, Паўночнай Амерыкі і ўсю тэрыторыю Расіі, падзеленая на невялікія зоны ўплыву, за кантроль над якімі і адбываюцца бітвы паміж кланамі. Чым больш тэрыторый будзе знаходзіцца пад кантролем клана, тым больш гульнявых пераваг ён атрымлівае. За валоданне тэрыторыяй у скарб клана паступае ўнутрыгульнявая валюта — «золата», якую звычайна купляюць за рэальныя грошы. Колькасць «золата», якая атрымліваецца з тэрыторыі, расце з яе аддаленнем ад зоны дэсантавання і даходзіць да 4560 адзінак на суткі, тады як у зоне дэсанта за суткі кланы атрымліваюць толькі 240 адзінак. «Золатам» распараджаецца камандзір, намеснік камандзіра і скарбнік клана. Новы клан, жадаючы ўступіць у баі за тэрыторыю, павінен падаць заяўку на дэсантаванне ў адной з мноства даступных для гэтага зон, пасля чаго яму трэба будзе прайсці турнір на выбыванне ад 1/32 да фіналу, дзе клан, які нападае змагаецца з ўладальнікамі гэтай тэрыторыі.
Наяўнасць мноства ворагаў і небяспека нападаў з усіх бакоў падахвочвае кланы ствараць кааліцыі з абавязацельствам ўзаемнага ненападзення на правінцыі адзін другога. Гэта дазваляе кланам вывесці войскі правінцый, якія знаходзяцца на мяжы з саюзнікамі і засяродзіць іх для баёў за астатнія правінцыі. Некаторыя кааліцыі канчаюцца здрадніцкімі ўдарамі ў спіну, а іншыя аказваюцца устойлівымі і існуюць на сталай аснове.
З патчам 0.6.4 глабальная карта была пашырана прыкладна да 800 правінцый за кошт дадавання Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і ўсёй тэрыторыі СССР. У далейшым карта будзе працягваць пашырацца за кошт астатняй часткі свету аж да Антарктыды.
Прэміум-элементы гульні
Гульнявая валюта ў «World of Tanks» дзеліцца на «крэдыты» і «золата». «Крэдыты» налічваюцца за праведзеныя гульцом баі, прычым ўзнагароджваюць як перамогу каманды агулам, так і індывідуальныя дасягненні гульцоў; «золата» можа быць купіць за рэальныя грошы, а таксама атрымаць ў ходзе розных акцый. Некаторыя магчымасці гульні робяцца даступнымі толькі пры ўмове аплаты «золатам»:
- купля прэміум-акаўнта з павялічаным у паўтара разы атрыманнем гульнявых грошай і досведу;
- стварэнне клана;
- купля прэміўмнай бранятэхнікі;
- купля дадатковага месца для тэхнікі ў ангары;
- купля дадатковага месца для экіпажа ў казарме;
- імгненнае навучанне члена экіпажа да максімальнага ўзроўню асноўнага навыку, а таксама скід дадатковых навыкаў без страты досведу;
- пералічэнне балаў досведу пэўнага танка ў балы «вольнага» досведу, якія можна выкарыстаць для развіцця кожнага танка;
- магчымасць нанясення на танк камуфляжнай афарбоўкі і дэкаратыўных элементаў на неабмежаваны тэрмін;
- магчымасць дэмантажу складанага абсталявання;
- змена імя карыстальніка;
- купля гульнявых крэдытаў;
Набыццё прэміум-акаўнта забяспечвае 50 % прыбаўку да атрымання гульнявых грошай (крэдытаў), баявога досведу і досведу экіпажа ў кожным баі, што дазваляе зэканоміць час і хутчэй дасягнуць высокіх узроўняў у кожнай галіне развіцця;
За «золата» можна набыць «прэміўмную бранятэхніку», якая прыносіць большую колькасць «крэдытаў» за бой і, звычайна, больш танную ў рамонце за аналагічную бясплатную бранятэхніку. Распрацоўнікі гульні заяўляюць, што прэміўмная бранятэхніка не з’яўляецца ўсёпераможнымі «убермашынамі» на полі бою, «за рэальныя грошы нельга атрымаць якія-небудзь звышпатрэбныя бонусы» і «платныя паслугі не даюць сур’ёзных пераваг у бітвах; важней за ўсе „прамыя рукі“ і тактычнае мысленне».
World of Tanks у Беларусі
У Беларусі гульня «Свет танкаў» прыцягнула больш як 100 тысяч актыўных карыстальнікаў.
З удзелам распрацоўнікаў са СТАА «Гейм Стрым» у Беларусі праходзяць нацыянальныя і міжнародныя кіберспартыўныя спаборніцтвы, адбор на World Cyber Games.
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь рэалізуе праграму папулярызацыі камп’ютарных гульняў у інтарэсах патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі. У жніўні 2011 года быў праведзены першы турнір па дысцыпліне World of Tanks.
Мінабароны Беларусі і кампанія Wargaming плануюць арганізаваць эксперыментальны камп’ютарны клас у адной з вайсковых часцей Беларусі, дзе будучыя танкісты змогуць адточваць навыкі ў гульні «Свет танкаў» і на сімулятарах.
Дасягненні і ўзнагароды World of Tanks
Гульня World of Tanks узяла мноства прэстыжных узнагарод і занесена ў кнігу рэкордаў Гінэса. Сярод значных дасягненняў беларускага «Свету танкаў»:
- Лепшая кліенцкая Online-гульня КРГ-2010
- Рэкорд па адначасоваму знаходжанню гульцоў на адным гульнявым ММО-серверы, паводле версіі кнігі рэкордаў Гінэса (больш за 90 тыс. чалавек, 21 студзеня 2011 года)
- Лепшая гульня КРГ-2011
- Прыз глядацкіх сімпатый КРГ-2011
- Званне «Народны лідар» у ходзе Усерасійскай Online-акцыі «Народнае галасаванне Прэміі Рунэту-2011»
- «Best Use of Online» Develop Award 2012
- «Golden Joystick Awards 2012» Best MMO
- «Golden Joystick Awards 2013»
Да канца 2012 года гульня была прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, уключаючы Ватыкан. У «Свеце танкаў» зарэгістравана 75 млн гульцоў, а ў студзені 2014 года зафіксаваны новы рэкорд па адначасоваму знаходжанню online на адным гульнявым кластары: толькі ў СНД паказчык перавысіў 1 114 337 чалавек.
З 2012 года World of Tanks стала новай кіберспартыўнай дысцыплінай, яна з’явілася на нацыянальных гульнях многіх краін і буйнейшым міжнародным чэмпіянаце — World Ciber Games.
Гл. таксама
- Wargaming.net
- World of Warplanes
- World of Battleships
Зноскі
- ↑ Анлайнавая гульня «Свет танкаў» ужо ў продажы . Новый Диск. Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2012. Праверана 7 сакавіка 2011.
- ↑ World of Tanks Announced in China(нявызн.)(недаступная спасылка). WorldOfTanks.com (8 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2010. Праверана 7 сакавіка 2011.
- ↑ wot.kongzhong.com (кіт.) . Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2012. Праверана 7 сакавіка 2011.
- ↑ World of Tanks: The Time Has Come! (англ.)(недаступная спасылка). WorldOfTanks.com (12 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2011. Праверана 12 красавіка 2011.
- ↑ https://worldoftanks.eu/en/wot-1-20-1/
- ↑ Games powered by BigWorld Technology (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2012. Праверана 7 сакавіка 2011.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 Steam — 2003. Праверана 21 чэрвеня 2022.
- 1 2 Апісанне гульні(недаступная спасылка). WorldOfTanks.ru. Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2010. Праверана 8 сакавіка 2011.
- ↑ World of Tanks released . Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2012. Праверана 12 ліпеня 2012.
- ↑ «Свет танкаў» трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса. Беларуская камп’ютарная гульня збірае ашаламляльную колькасць геймераў . Грамадства. Белтэлерадыёкампанія (27 сакавіка 2011). Праверана 16 верасьня 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Ганна Гарустовіч. Кароль Іарданіі падсеў на беларускія танчыкі . Звязда (24 лютага 2012). Праверана 24 лютага 2012.
- ↑ Вячаслаў Будкевіч. У Гродне пройдзе адкрыты Кубак Беларусі па кіберспорце(недаступная спасылка). Грамадства. БелаПАН (9 лютага 2012). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2020. Праверана 12 ліпеня 2012.
- ↑ Алесь Пілецкі. Брэд Піт ганяе на танку па беларускіх вёсках . Еўрапейскае радыё для Беларусі (24 лютага 2012). Праверана 27 лютага 2012.(недаступная спасылка)
Спасылкі
- Афіцыйныя сайты
- Афіцыйны рускамоўны сайт гульні (руск.)
- Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь Архівавана 16 лістапада 2014.
- Афіцыйны паўночнаамерыканскі сайт гульні (англ.)
- Афіцыйны еўрапейскі сайт гульні (англ.) (ісп.) (ням.) (фр.) (польск.)
- Афіцыйны паўднёва-ўсходнеазіяцкі сайт гульні Архівавана 28 чэрвеня 2012. (англ.) (тайск.)
- Афіцыйны кітайскі сайт гульні (кіт.)
- Афіцыйны сайт распрацоўшчыкаў Wargaming.net
- Агляды, блогі, рэцэнзіі
- World of Tanks (руск.) на сайце Absolute Games
- worldoftanks ў сацыяльнай сетцы «Twitter»