Вокладка Новага Запавету ў перакладзе Агрыкалы

Se Wsi Testamenti (бел.: Новы Запавет) — першы пераклад Новага Запавету на фінскую мову, выкананы Мікаэлем Агрыкалам, біскупам Турку. Пераклад быў скончаны да 1543 року, пасля чаго цягам яшчэ пяці гадоў дапрацоўваўся, перш чым пабачыў свет; агулам праца заняла 11 гадоў. У 1548 Новы Запавет, заснаваны на дыялекце Турку, быў аддрукаваны ў Стакгольме.

«Testamenti» складаецца з 718 старонак, мае багата ілюстрацый і дзве прадмовы. У практычнай прадмове Агрыкала абгрунтоўвае выкарыстанне дыялекту Турку і расказвае, як хрысціянства трапіла ў Фінляндыю. У тэалагічнай прадмове вядзецца пра тое, што пераклад Агрыкалы заснаваны на грэчаскім арыгінале, лацінскім зборы Эразма Ратэрдамскага, нямецкім перакладзе Марціна Лютэра, а таксама на шведскай Бібліі Олаўса Петры.

Гісторыя

Ідэі Рэфармацыі пачалі распаўсюджвацца ў Фінляндыі ў пачатку XVI стагоддзя, калі яна была часткай шведскага каралеўства пад кіраўніцтвам Густава Вазы. Сярод прыхільнікаў царкоўных рэформ панавала ідэя непасрэднай і асабістай камунікацыі чалавека з Богам, якая мусіла адбывацца на вядомай чалавеку мове. Біблія была перакладзена паслядоўнікамі Рэфармацыі на многія еўрапейскія мовы. Першы пераклад Новага Запавету на фінскую мову быў выкананы вучнем Лютэра, біскупам архідыяцэзіі Турку Мікаэлем Агрыкалам (Se Wsi Testamenti Somexi) з грэчаскіх арыгіналаў у 1548 годзе і надрукаваны. На той час яшчэ не існавала друкаванай літаратуры па-фінску, таму Агрыкала за сённяшнім часам лічыцца бацькам фінскай літаратурнай мовы. Галоўнай моўнай крыніцай для Агрыкалы былі гаворкі найбольш заселенай паўднёва-заходняй Фінляндыі, але некаторыя словы былі ўзятыя і з гаворак іншых рэгіёнаў[1]:28.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.