Прыклад модуляў аператыўнай энергазалежнай памяці з адвольным доступам: SDRAM у першую чаргу выкарыстоўвацца ў якасці асноўнай памяці ў персанальных камп’ютарах, рабочых станцыях і серверах.

Памяць з адвольным доступам, аператыўная памяць (англ.: random-access memory, RAM) — від камп’ютарных прыладаў для захоўвання інфармацыі. На сённяшні дзень існуе ў выглядзе інтэгральных схем, якія дазваляюць мець доступ да захаванай інфармацыі ў любым парадку (г. зн. адвольна). «Адвольна» ў гэтым выпадку падкрэслівае тое, што любая частка інфармацыі можа быць атрымана за пэўны час, незалежна ад яе месцазнаходжання і суадносін з папярэдняй часткай.

Тэрмін «памяць з адвольным доступам» часта асацыююць з энергазалежнымі тыпамі памяці (такімі як DRAM), дзе інфармацыя губляецца пасля адключэння сілкавання. Многія іншыя тыпы памяці таксама з’яўляюцца памяццю з адвольным доступам, у тым ліку большасць тыпаў памяці толькі для чытання і флэш-памяць (г. зв. NOR-flash).

Абмен данымі паміж працэсарам і аператыўнай памяццю адбываецца:

  1. непасрэдна,
  2. альбо праз звышхуткую памяць 0-га узроўню — рэгістры ў АЛП, ці пры наяўнасці кэша — праз яго.

Даныя, якія знаходзяцца ў аператыўнай памяці, даступныя толькі ў той час, калі на модулі памяці падаецца напружанне, г. зн. камп’ютар уключаны. Знікненне на модулях памяці сілкавання, нават кароткачасовае, вядзе да скажэння ці поўнага знішчэння даных у АЗП.

Энергазберагальныя рэжымы працы мацярынскай платы камп’ютара дазваляюць пераводзіць яго ў рэжым «сну», што значна скарачае узровень спажывання камп’ютарам электраэнергіі. Для захоўвання зместу АЗП у гэтым выпадку ўжываюць запіс зместу аператыўнай памяці ў спецыяльны файл (у сістэме Windows XP ён называецца hiberfil.sys), альбо ў спецыяльны падзел (swap-partition у сістэме gnu/linux).

У агульным выпадку, аператыўная памяць утрымлівае даныя аператыўнай сістэмы і запушчаных на выкананне праграм, таму ад аб’ёму аператыўнай памяці залежыць колькасць задач, якія адначасова можа выконваць камп’ютар.

Аператыўная запамінальная прылада, АЗП — тэхнічная прылада, якая рэалізуе функцыі аператыўнай памяці.

АЗП можа быць выраблена як асобны блок ці ўваходзіць у канструкцыю, напрыклад аднакрыштальнай ЭВМ ці мікракантролера.

Гісторыя

У 1834 годзе Чарлз Бэбідж пачаў распрацоўку Аналітычнай машыны. Адна з важных частак гэтай машыны называлася «Склад» (store), і прызначалася для захоўвання прамежкавых вынікаў вылічэнняў. Вынікі запаміналіся з ужываннем валоў і шасцерняў.

ЭВМ першага пакалення можна лічыць пакуль эксперыментальнымі, таму ў іх ужывалася безліч разнастайных запамінальных прылад: на ртутных лініях затрымкі, электронна-прамянёвых і электрастатычных трубках. У якасці аператыўнай памяці ужываўся таксама магнітны барабан: ён забяспечваў дастатковую для камп'ютараў тых часоў хуткадзейнасць і ўжываўся ў якасці асноўнай памяці для захоўвання праграм і ўведзеных даных.

Другое пакаленне патрабавала больш тэхналагічных у вытворчасці схем аператыўнай памяці. Найбольш распаўсюджаным відам памяці ў той час стала памяць на магнітных сардэчніках.

Пачынаючы з трэцяга пакалення большасць вузлоў камп'ютараў сталі вырабляць на мікрасхемах, у тым ліку і аператыўную памяць. Найбольшае распаўсюджанне атрымалі два віды АЗП: на аснове кандэнсатараў (дынамічная памяць) і трыгераў (статычная памяць). Абодва гэтыя віды памяці не здольны захоўваць даныя пры адключэнні сілкавання — для гэтай мэты выкарыстоўваецца энерганезалежкая памяць.

АЗП сучасных камп'ютараў

АЗП большасці сучасных камп'ютараў уяўляюць сабой модулі дынамічнай памяці, якія змяшчаюць паўправадніковыя ІС ЗП, арганізаваныя па прынцыпу прылад з адвольным доступам. Памяць дынамічнага тыпу танней, чым статычнага, і яе шчыльнасць вышэй, што дазваляе на той жа прасторы крэмніевай падложкі размяшчаць больш ячэек памяці, але пры гэтым яе хуткадзейнасць ніжэй. Статычная, наадварот, больш хуткая памяць, яле яна і даражэй. У сувязі з гэтым масавую аператыўную памяць ствараюць на модулях дынамічнай памяці, а памяць статычнага тыпу ўжываецца для стварэння кэш-памяці ўнутры мікрапрацэсара.

Гл. таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.