Папараці | ||||||||||||
Мнаганожка звычайная | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Сінонімы | ||||||||||||
| ||||||||||||
|
Па́параці[1] сапраўдныя, поліпадыяпсіды (Polypodiopsida) — клас сучасных папарацепадобных.
Апісанне
Гэта шматгадовыя ці вельмі рэдка аднагадовыя расліны ад дробных форм да вельмі буйных. Іх геалагічная гісторыя бярэ пачатак у карбоне. Паходзяць, верагодна, ад зігаптэрыдыяпсід.
Сцёблы іх уяўляюць сабой прамастаячыя ствалы, у дрэвападобных форм яны іншы раз дасягаюць значнай вышыні ці прадстаўлены карэнішчам. Праводзячая сістэма — ад пратастэлы да вельмі спецыялізаваных тыпаў дыктыястэлы. Трахеіды лесвічныя. Рэдка маюцца сасуды. Лісты вельмі розных тыпаў як па памерах, так і па форме, жылкаванні і шчыльнасці. Маладыя лісты спіральна закручаны.
Асаблівасці біялогіі
Раўнаспоравыя ці, рэдка, разнаспоравыя расліны. Спарангіі ў большасці выпадкаў сабраныя ў сорусы. Пакрывальца можа быць, а можа і адсутнічаць. Спарангіі маюць аднаслойныя сценкі (у лептаспарангіятных папарацей) і не маюць вусцеек. Маецца кальцо, якое ў прадстаўнікоў класа дасягае вялікай разнастайнасці і высокай спецыялізацыі. З павышэннем спецыялізацыі кальца лік спор у кожным спарангіі змяншаецца. Гаметафіты ў большасці прадстаўнікоў класа зялёныя, наземныя і двухполыя, а ў разнаспоравых форм — раздзельнаполыя і моцна рэдукаваныя. Антэрыдыі, у адрозненне ад вужоўнікавых і мараціевых, больш дробныя і больш-менш выступаюць над паверхняй гаметафіта і ўтвараюць значна меншы лік сперматазоідаў. Архегоніі параўнальна мала адрозніваюцца ад архегоніяў офіяглосапсід і мараціяпсід.
Класіфікацыя
Клас поліпадыяпсіды налічвае да 300 родаў і каля 12000 відаў, а разам з вымерлымі папарацямі — і яшчэ больш.
Клас падзяляюць на тры падкласы:
- поліпадыіды (Polypodiidae)
- марсілеіды (Marsileidae)
- сальвінііды (Salviniidae)
Значэнне
Папараці з’яўляюцца важным кампанентам у надглебавым покрыве лясоў, балот і вільготных лугоў. Сярод іх сустракаюцца лекавыя і дэкаратыўныя расліны[1]. Некаторыя віды ядомыя (напрыклад, маладыя парасткі качадыжніку)[1].
Зноскі
- 1 2 3 Беларусь 1995.
Літаратура
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. — ISBN 978-985-439-644-6
- Па́параці // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 557. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.