Mauzer | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | альтэрнатыўны рок, ню-метал |
Гады | 2002-2010 |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Мова песень | беларуская |
Лэйбл | БМАgroup |
Склад | Jan Mauzer, Kolxz, Lenny, Vase |
Былыя ўдзельнікі |
Уладзімір Крутаў, Павел Емяльянаў, Андрэй «Bor» Грышчанкоў, Ілля «ill83» Касценіч, Арам «R.Am», Ігар «Igr» Давыдаў, Рома «Ufo» Сашчэка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Mauzer» — беларускі ню-метал гурт з Магілёва, заснаваны ў 2002 годзе.
Гісторыя
Пачатак творчасці
Mauzer утварыўся на аскепках хэві-металічнага гурта «Равновесие» ў 2002 годзе. Нагодай знікнення гурта з’явіліся супярэчнасці паміж лідарам Цвікам, гітарыстам і асноўным аўтарам музыкі, і Янам, вакалістам і асноўным аўтарам тэкстаў (тады яшчэ рускамоўных). Цвік, які лічыў, што Ян не ўмее спяваць, таемна ад яго запрасіў на рэпетыцыю іншага вакаліста. Гітарыст Колхз адмовіўся граць у такім складзе, і разам з Янам яны ўтварылі новы гурт. Басіст Igr пайшоў у новы праект Цвіка. Бубнач Ill83 не верыў у паспяховасць праекта Маўзэра і пайшоў граць у поп-гурт RadioVer, аднак прапанаваў калектыву сваю дапамогу ў якасці прадзюсара.
Улетку 2003 года да Mauzer далучыўся Igr, і ў верасні быў адыграны першы канцэрт у складзе: Ян — спеў, Koлхз — гітара, Вова «Мядзведзь» Крутаў — гітара, Igr — бас, Паша «Капітан» Емяльянаў — ударныя (таксама — Nevma, Akute). Хутка пасля гэтага, з-за непатрэбнасці гурту другога гітарыста і імкнення Вовы граць іншую музыку, ён сыходзіць. Паша Емяльянаў прывёў у гурт свайго сябра Бора. Бор, з’яўляючыся бэк-вакалістам, рэдка наведваў рэпетыцыі, новыя песні з’яўляліся без яго ўдзелу, і, па сутнасці, ён так і не стаў паўнавартасным удзельнікам гурта. Некаторы час з Маўзэрам рэпетуе былы ўдзельнік гуртоў Like Suicide, 3t.ON і іншых Макс «Рабакоп» Рыбакоў. Але нечакана для ўсіх замест паездкі на тыдзень у Маскву ён з’язджае ў Ізраіль. У гэты час у гурт прыходзіць сэмплер Ufo.
Першыя поспехі і першы альбом
Аднойчы Яну патэлефанаваў Аляксандр Памідораў. Яму спадабаліся 2 песні з дэма-запіса («Я застануся» і «Людзі») і ён прапанаваў паехаць у добрую польскую студыю, каб адну з песень бясплатна запісаць і выдацца на зборніку з лідарамі беларускага року, а таксама запрасіў гурт на фестываль Басовішча. Тэлефанаванне Памідорава вельмі падбадзёрыла каманду, і ў 2005 годзе нікому не вядомы Mauzer становіцца пераможцам галоўнага беларускага рок-фестывалю. Разам з хлопцамі гэты раз граў ударнік Сяргей «Dead» Цэлабёнак з гурта Asguard (пазней таксама і Vodar Susviet). Прызам за перамогу стала магчымасць запіса альбому на прафесійнай студыі ў Польшчы. На невядомасці ставіцца кропка, а ударнік Ill83 далучаецца да гурта.
У снежні 2005 года Mauzer становіцца лаўрэатам яшчэ аднаго беларускага рок-фестывалю Рок-кола. Прэса заве гурт «лідарамі новай хвалі беларускага року». У пачатку 2006 года на цырымоніі Рок-каранацыі 2005 атрымлівае рок-карону як «Дэбют году», абыходзячы такіх канурэнтаў, як Саша і Сірожа і Naka. У лютым 2006 года на польскай студыі «Rembrandt» запісваюцца гітары і ўдарныя для дэбютнага альбома. Праца над альбомам працягваецца ў Беларусі на магілёўскай студыі «B.S.S.R recordz». Запіс баса, вакала, электронікі, звядзенне і майстэрынг ідзе да пачатку кастрычніка.
У ліпені 2006 года Mauzer выступае на «Басовішчы» ў якасці аднаго з хэдлайнераў. У жніўні гурт выступае на вялікім open-air у цэнтры Мінска. На момант выступу гурта перад сцэнай знаходзіцца не менш за 10 тысяч чалавек. У верасні Mauzer атрымлівае запрашэнне выступіць на «Джынсавым фэсце» ў Мінску. Перад выступам калектыва ўлады выключаюць элетрычнасць, і Ян чытае першы куплет песні «Беларусь будзе вольнай» праз мегафон.
25 снежня на беларускім лэйбле БМАgroup выходзіць дэбютны альбом гурта «Радасьць». Пасля прэзентацыі альбома ў мінскім клубе «Арэна» гурт пакідае Бор. Амаль усе партыі Бора пяюцца і чытаюцца цяпер Ромам Ufo. На «Рок-каранацыі 2006» у лютым 2007 года Ян Маўзэр атрымлівае рок-карону як выканаўца года. 22 чэрвеня гурт выступае на галоўнай сцэне расійскага фестываля «Воздух».
Летам 2007 года з невялікім скандалам (быў выдалены сайт каманды) дырэктар і ударнік Ill83 сышоў з гурта, восенню яго замяніў R.Am. Але з-за напружанага графіку і ён не доўга ўтрымаўся ў гурце, паспеўшы адыграць толькі чатыры канцэрта, у тым ліку на фэсце «Права быць свабодным» і магілёўскі, супольны з 5diez. Цяпер на месцы ўдарніка грае Vase, які прыйшоў з гурта 3t.ON.
Крызіс
Пад канец ліпеня 2008 года з групы сыходзіць Ігар Давыдаў, і на месца бас-гітарыста прыходзіць Lenny, з якім гурт выступае на фестывалі Be Free, а затым на Be2gether. У пачатку 2009 года з групы сыходзіць Ufo.
У 2010, за тыдзень да прэзентацыі апошняга альбома PORNA ў Мінску, з гурта сыходзяць ударнік Vase і басіст. Гурт выступіў з акустычным канцэртам. Пасля гэтага канцэрта пачалі гаварыць аб развале каманды. Праз некаторы час у гурце фактычна застаўся толькі адзін Ян Маўзэр.
У студзені 2011 года, у сваім інтэрв’ю «Нашай Ніве», Ян Маўзэр распавёў пра планы аднавіць гурт у новым складзе.[1]
Дасягненні
- Пераможца рок-фестываля Басовішча-2005. Узнагарода — запіс альбома ў студыі Rembrandt (Беласток).
- Лаўрэат фестываля Рок-кола 2005 у Полацку
- Рок-каранацыя 2005 года: Дэбют года
- Рок-каранацыя 2006 года: Ян Маўзэр — выканаўца года
Дыскаграфія
Альбомы
Відэакліпы
- «Калыханка», рэж. — Павел Кваснеўскі (Белсат)
Супольныя праекты
- «Песьні свабоды» (2006) — «Брудная вада»
- «Чарнобыльскі вецер» (2006) — «Памірала Радзіма»
- «Дыхаць!» (2006) — «Людзі»
- «Песьні свабоды-2» (2006) — «Беларусь будзе вольнай!»
- «XLAM: Лучшая беларусская альтернатива» (2006) — «Брудная вада»
- «Прэм’ер Тузін 2006» (2006) — «Беларусь будзе вольнай», «Брудная вада»
- «Не заганяйся» (2007) — «Шызафрэнія»
- «Прэм’ер Тузін 2007» (2008) — «Калыханка»
Зноскі
Літаратура
- Д.П. «TAV.MAUZER» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі (бел.) / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 305–306. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-6783-42-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Mauzer
- Mauzer на Басовішчы-2007