F-117 Nighthawk | |
---|---|
| |
Тып | ударны самалёт |
Распрацоўшчык | Lockheed Martin |
Вытворца | Lockheed[d] і Lockheed Martin |
Першы палёт | 18 чэрвеня 1981 |
Пачатак эксплуатацыі | кастрычнік 1983 |
Канец эксплуатацыі | 22 красавіка 2008 |
Статус | сняць з узбраення |
Эксплуатанты | ВПС ЗША |
Гады вытворчасці | з 1983 да 1990 |
Адзінак выраблена | 64 (уключаючы 5 YF-117) |
Кошт праграмы распрацоўкі | 6,56 млрд.[1] |
Кошт адзінкі | 111,2 млн долараў ЗША[2] |
Базавая мадэль | Lockheed Have Blue |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Lockheed F-117 Nighthawk (бел.: Локхід F-117 «Начны ястраб») — рэактыўны ваенны самалёт — тактычны знішчальнік амерыканскай канструкцыі (кампанія «Lockheed») стэлс 2-га пакалення.
Самалёт быў распрацаваны ў Аддзяленні перадавых праектаў[3] кампаніі «Lockheed» (Бербанк, Каліфорнія) з улікам досведу выпрабавальнага самалёта «Have Blue». Кантракт на распрацоўку атрыманы ў 1978 годзе, першы палёт адбыўся 18 чэрвеня 1981 года на палігоне ў Невадзе, серыйная вытворчасць пачата ў 1982 годзе. Выпускаўся да 1990 года; выпушчана больш за 50 адзінак у адной мадыфікацыі F-117A. Кошт аднаго самалёта каля 45 млн долараў ЗША.
Быў на ўзбраенні ў ВПС ЗША[4] з кастрычніка 1983 года. Высокія кошт эксплуатацыі самалёта і з’яўленне лепшых за яго B-2, F-22 і F-35 прывялі да пастановы пра зняцце самалёта з узбраення.
Першы ў свеце серыйны ваенны самалёт, цалкам распрацаваны дзеля выкарыстання тэхналогій малой заўважальнасці стэлс. Быў прызначаны для дзеянняў у высоканебяспечнай паветранай прасторы і для нанясення раптоўных удараў па цэлях асаблівай важнасці, у т.л., высокатрапнымі боепрыпасамі з лазерным навядзеннем і тактычнай ядзернай зброяй.
Вытворчасць
Усе серыйныя самалёты F-117 былі выпушчаны ў мадыфікацыі F-117A. Выраблены 64 адзінкі, апошні серыйны экзэмпляр быў пастаўлены ВПС ЗША ў 1990 годзе.
Эксплуатацыя
Факт існавання самалёта F-117 упершыню афіцыйна прызнаны 10 лістапада 1988 года, калі Пентагон выпусціў прэс-рэліз з апісаннем гісторыі стварэння самалёта і апублікаваў адну рэтушаваную фатаграфію.
Першы публічны паказ двух F-117 адбыўся 21 красавіка 1990 года. У 1991 годзе (пасля вайны ў Персідскім заліве) «Найт Хок» быў прадэманстраваны на Парыжскім авіясалоне.
Спачатку ўсе F-117 знаходзіліся на ўзбраенні 4450-й тактычнай групы на авіябазе Тонапа, Невада (Tonopah Test Range Airport). У 1989 годзе група ўвайшла ў склад 37-га тактычнага знішчальнага крыла. У 1992 годзе ўсе самалёты былі пераведзены на авіябазу Холамен у 49-е знішчальнае крыло. Яны стаялі на ўзбраенні трох эскадрылляў: двух баявых (8-я знішчальная «Чорная авечка», 9-я знішчальная «Лятаючыя рыцары») і адной вучэбнай (7-я эскадрылля баявой падрыхтоўкі «Крычашчыя дэманы»). Пілоты F-117 назвалі сябе Бандытамі (Bandit). Кожны з 558 «бандытаў», які калі-небудзь лятаў на «Найт Хоку», меў свой парадкавы нумар; такім чынам, напрыклад, брыгадны генерал Грэгары Фіст (Gregory Feest) «Бандыт 261» быў 261-м пілотам, дапушчаным да палётаў.
Баявое выкарыстанне
Магчымасць выкарыстання F-117 існавала і абмяркоўвалася перад аперацыяй ЗША у Грэнадзе (1983), але першае рэальнае баявое выкарыстанне адбылося ў час аперацыі ЗША ў Панаме (1989, аперацыя «Джаст Коз»), калі быў нанесены раптоўны начны ўдар па панамскіх ваенных аб’ектах.
Поўнамаштабнае выкарыстанне F-117 адбылося ў час вайны ў Персідскім заліве (1991) і было ацэнена як вялікі поспех праграмы. Колькасць F-117 складала каля 2,5 % агульнага парку баявых самалётаў кааліцыі; імі было зроблена каля 1270 баявых вылетаў без ніводнай баявой страты — менш за 4 % агульнай колькасці баявых самалёта-вылетаў шматнацыянальных сіл і каля 1 % агульнай колькасці баявых самалёта-вылетаў. У першую ноч паветраных налётаў F-117 паразілі 31 % прызначаных цэляў, а наогул за час канфлікту пілоты F-117 паразілі каля 40 % агульнага ліку стратэгічных цэляў.[5]
Пазней F-117 выкарыстоўваліся ў час ваенных дзеянняў у Югаславіі ў 1990-х гадах і ў час войнаў у Афганістане і Іраку ў 2000-х гадах.
Збіццё F-117 у Югаславіі
Незвычайнасць і разрэкламаванасць F-117 прычыніліся пільнай увазе да баявога выкарыстання самалёта, у т.л. да магчымых баявых страт. У час ваенных дзеянняў НАТА ў Югаславіі (1999) сілы СПА Югаславіі змаглі збіць F-117 (ноччу 27 сакавіка 1999), першы і адзіны раз. Лётчык катапультаваўся, падаў аварыйны сігнал з ручной аварыйнай радыёстанцыі і наладзіў сувязь з паветраным камандным пунктам яшчэ ў час свайго спуску на парашуце, які заняў у яго каля 20 хв.; прызямліўся за каля 40 км ад Бялграда і на світанні, праз 6 гадзін пасля катапультавання, быў эвакуіраваны пошукава-выратавальнай групай Сіл спецыяльных аперацый ВПС ЗША.
Зняцце з узбраення
ВПС ЗША збіраліся эксплуатаваць F-117 прынамсі да 2018 года, аднак недахоп грошай на закуп новых шматмэтавых знішчальнікаў F-22 прымусіў іх пачаць працэс зняцця «Найт Хока» з узбраення значна раней. Афіцыйна пра гэта было аб’яўлена восенню 2006 года. У 2006 годзе была закрыта школа падрыхтоўкі пілотаў F-117, яе апошні выпуск адбыўся 13 кастрычніка 2006 года.
Першыя дзесяць F-117 былі зняты з узбраення ў снежні 2006 года. Да сакавіка 2008 года ВПС ЗША працягвалі эксплуатаваць 15 самалётаў гэтага тыпу. Урачыстае заканчэнне эксплуатацыі F-117 адбылося на авіябазе Райт-Патэрсан 11 сакавіка 2008 года, аднак фармальна працэдура зняцця з узбраення завяршылася 22 красавіка 2008 года, калі чатыры F-117 у апошні раз падняліся ў паветра, здзейсніўшы пералёт на авіябазу Тонапа. Знятыя з узбраення самалёты станам на 2014 год знаходзяцца на захоўванні ў спецыяльным «сховішчы 1000» і падтрымліваюцца ў палётапрыдатным стане.
У 2016 годзе Кангрэс ЗША прыняў рашэнне адправіць наяўныя F-117 на авіябазу Дэвіс-Мантэн у штаце Арызона для захоўвання на адкрытай пляцоўцы. У лютым 2019 года ў суседнім штаце Невада назіраліся палёты чатырох самалётаў гэтай мадэлі.
Варыянты
F-117N «Seahawk» («Сіхаўк»)
ВМС Злучаных Штатаў выпрабавалі F-117 у 1984 годзе, але вызначылі, што ён непрыдатны для авіяносцаў. У пачатку 1990-х гадоў кампанія Lockheed прапанавала ВМФ мадэрнізаваны палубны варыянт F-117, які атрымаў назву «Seahawk», як альтэрнатыва адмененай праграме A/F-X. Непажаданая прапанова была дрэнна ўспрынята Міністэрствам абароны, якое не зацікавілася прапанаванымі магчымасцямі адзінай місіі, асабліва таму, што гэта адбярэ грошы ад праграмы Joint Advanced Strike Technology, якая ператварылася ў Joint Strike Fighter. F-117N адрозніваўся б ад наземнага F-117 некалькімі параметрамі, напрыклад, выкарыстаннем крылаў з менш рэзкай стрэлападобнасцю і рэканфігурацыі хваставога апярэння. Ён таксама быў бы абсталяваны турбавентылятарнымі рухавікамі General Electric F414 замест General Electric F404. Самалёт апцыянальна павінен быў быць абсталяваны вузламі мацавання, якія забяспечваюць дадатковыя 8000 фунтаў (3600 кг) карыснай нагрузкі, і новым радарам для наземнага нападу. У гэтай ролі F-117N мог несці ракеты класа «паветра-паветра» AIM-120 AMRAAM.
F-117В
Пасля адмовы ВМС, Lockheed прадставіла абноўленую кампаноўку, якая ўключала магчымасць фарсажу і большы акцэнт на F-117N як на шматмэтавым самалёце, а не проста на штурмавіку. Каб павысіць цікавасць, кампанія Lockheed таксама прапанавала наземны варыянт F-117B, які падзяляе большасць магчымасцей F-117N. Гэты варыянт быў прапанаваны ВПС ЗША.
Тэхнічныя характарыстыкі
Тэхнічныя характарыстыкі
- Даўжыня самалёта: 20,08 м
- Вышыня самалёта: 3,78 м
- Размах крыла: 13,2 м
- Плошча крыла: 73 м²
- Экіпаж: 1 чалавек
- Маса:
- Пустога: 13380 кг
- Нармальная: 21150 кг
- Максімальная: 23815 кг
- Баявая нагрузка: 2270 кг (2500 кг пры памяншэнні запасу паліва)
- Запас паліва: 5500 кг
- Нагрузка на крыло:
- пры максімальнай узлётнай масе: 327 кг/м²
- пры нармальнай узлётнай масе: 290 кг/м²
- франтальная ЭПР: па некаторых даных 0,025 м² (для РЛС X-дыяпазону), па іншых звестках 0,1-0,01
Рухавік
- Тып рухавіка: 2 х ТРДД General Electric F404-F1D2
- Цяга максімальная: 2 x 4850 кгс
- Цягаўзброенасць:
- пры нармальнай узлётнай масе: 0,46
- пры максімальнай узлётнай масе: 0,41 F-117 у палёце
Лётныя характарыстыкі
- Максімальная скорасць: 993 км/ч (М=0,91)
- Крэйсерская скорасць: 905 км/ч (М=0,83)
- Далёкасць: 1720 км
- Баявы радыўс: 860 км
- Практычная столь: 13700 м
- Максімальная эксп. перагрузка: +6 G
Зноскі
- ↑ Па курсе 1990 года, з іх каля 2 млрд. на НДВКП, 4,27 млрд. на закупы, 295,4 млн. на стварэнне наземнай інфраструктуры
- ↑ Aronstein and Piccirillo 1997, стар. 267
- ↑ Аддзяленне нефармальна вядомае як Skunk Works.
- ↑ Толькі ў адным падраздзяленні: 4450-я тактычная група, пазней — 49-е знішчальнае авіякрыло ВПС ЗША, база Холаман, Нью-Мексіка.
- ↑ Паводле словаў генерала Бруса Карлсана, цытата ў «Stealth fighter honored…».
Літаратура
- Derek Kaufman. Stealth fighter honored at Wright-Patterson — Адкрытыя матэрыялы ВПС ЗША.
- F-117A Nighthawk // Factsheets — Адкрытыя матэрыялы ВПС ЗША.
- Кистанов В. Боевая подготовка подразделений самолетов F-117 — час. «Зарубежное военное обозрение».
- Владимир Ильин. Стратегическая авиация в начале XXI века — час. «Зарубежное военное обозрение».
- Дрожжин А., Анедченко С. Боевые действия авиации в ночных условиях — час. «Зарубежное военное обозрение».
- Прокофьев С. Подготовка летчиков ВВС США по действиям в случае аварийного покидания самолета — час. «Зарубежное военное обозрение».
- Control of the Air: The Enduring Requirement — Air Force Historical Studies Office Архівавана 31 снежня 2007.
- Joe Baugher. Lockheed F-117A // US Military Aircraft(недаступная спасылка).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Lockheed F-117 Nighthawk