Linux
Выява лагатыпа
Заснавана на ядро Linux[d]
Падтрымлівае платформы DEC Alpha[d], x86, x86_64[d], ARM[d], PowerPC[d], RISC-V[d] і MIPS[d]
Вэб-сайт kernel.org (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Linux (таксама вядомая як GNU/Linux), Unix-падобная камп’ютарная аперацыйная сістэма. Самы вядомы прыклад паспяховага праграмнага праекта з адкрытым зыходным кодам і свабоднай праграмы; у адрозненне ад закрытых аперацыйных сістэм, такіх як Microsoft Windows ці Mac OS X, усе зыходныя коды гэтай аперацыйнай сістэмы поўнасцю адкрытыя для выкарыстання, унясення змен і распаўсюджвання.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх персанальных камп’ютарах. Але з тых часоў многае змянілася, і цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Oracle, Hewlett-Packard і Novell, гэту АС эфектыўна выкарыстоўваюць і у якасці сервернай аперацыйнай сістэмы і, апошнім часам, як настольную аперацыйную сістэму. Linux выкарыстоўваюць і на суперкамп’ютарах, і на мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічаць асноўнымі прычынамі поспеху гэтай аперацыйнай сістэмы яе бяспеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстання і распаўсюджвання.

Гісторыя

У 1983 Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэнне паўнавартаснай Unix-падобнай аперацыйнай сістэмы, якая б з’яўлялася таксама свабоднай. У пачатку 1990-ых гг., Праект GNU ужо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сістэмы — бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, Unix-падобную абалонку каманднага радка — акрамя галоўнага, ядра. У 1990 годзе праект GNU пачаў распрацоўку ядра Hurd, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.

Лінус Торвальдс, стваральнік ядра Linux

Тым часам, у 1991 годзе, студэнт універсітэта Хельсінкі Лінус Торвальдс пачаў, спачатку як аматарскі праект, напісанне іншага ядра. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай Unix-падобнай сістэмай, напісанай Таненбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Таненбаўм не дазваляў іншым людзям змяняць сваю аперацыйную сістэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісанне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро «Freax». Назву ж «Linux» прыдумаў Ары Лемке, адміністратар сервера FTP, на якім размяшчаліся першыя версіі ядра; ён даў гэту назва тэчцы, з якой упершыню можна было сцягнуць файлы гэтага ядра.

Афіцыйны сімвал Linux — вясёлы пінгвін.

Першапачаткова для настройкі і ўстаноўкі Linux быў неабходны камп’ютар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя версіі Linux не маглі загружацца з цвёрдага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазней былі напісаны адмысловыя праграмы-загрузчыкі Linux. Сістэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўшчыкі ядра Linux прыстасавалі яго для працы з кампанентамі GNU, каб стварыць закончаную паўнавартасную свабодную аперацыйную сістэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай свайго «дзіцяці», у той жа час іншыя складнікі аперацыйнай сістэмы — кампаненты GNU — застаюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не з’яўляецца часткай Праекта GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камерцыйныя кампаніі аб’ядноўваюць усе неабходныя складнікі аперацыйнай сістэмы GNU/Linux і прыкладныя праграмы ў дыстрыбутывы.

Апаратныя платформы

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае мноства разнастайных апаратных архітэктур. Linux — адна з самых пераносных аперацыйных сістэм, якая можа працаваць і на кішэнных камп’ютарах на аснове ARM-працэсараў, iPAQ, і на вялікіх камп’ютарах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных платформ.

Правы капіравання, ліцэнзія, гандлёвая марка Linux

Ядро Linux і большасць праграм GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе змяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997 годзе, Лінус Торвальдс сказаў: «тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной з лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў.» Аднак некаторыя важныя складнікі аперацыйнай сістэмы Linux выкарыстоўваюць іншыя ліцэнзіі; многія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай версіяй GPL, а Аконная сістэма X выкарыстоўвае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux з’яўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.

Вымаўленне

У 1992 годзе Л.Торвальдс патлумачыў, як вымаўляецца слова Linux. З улікам беларускай фанетыкі яго трэба вымаўляць як «лінукс». Гукавы файл з запісам вымаўлення гэтага слова самім Торвальдсам можна знайсці тут.

Linux і Праект GNU

Мэтай Праекту GNU ёсць напісанне Unix-падобнай аперацыйнай сістэмы, якая б цалкам складалася са свабодых праграм. Большасць дыстрыбутываў Linux засноўваецца на свабодных праграмах, напісаных пад сцягам Праекту GNU. Фонд Свабодных Праграм разглядае гэтыя дыстрыбутывы як «варыянты» сістэмы GNU і патрабуе называць такія аперацыйныя сістэмы GNU/Linux ці сістэма GNU на аснове Linux. Хаця некаторыя дыстрыбутывы пагадзіліся з такой назвай, але большасць дыстрыбутываў не змяшчаюць літары «GNU» у сваіх назвах. Лінус Торвальдс назваў патрабаванне называць Linux-сістэмы словаспалучэннем-абрэвіятурай GNU/Linux «бязглуздзіцай».

Судовыя справы SCO

У сакавіку 2003 года, SCO Group пачала судовую справу супраць IBM, абвінаваціўшы карпарацыю IBM у выдачы абароненага аўтарскім правам праграмнага кода SCO праекту распрацоўкі ядра Linux, што забаронена ліцэнзіяй на выкарыстанне Unix, якую дала SCO Group карпарацыі IBM. Прадстаўнікі SCO Group адправілі лісты ў шматлікія кампаніі, пагражаючы ім судовымі справамі за далейшае (незаконнае, на іх думку) выкарыстанне ядра Linux. Былі распачаты справы супраць карпарацый DaimlerChrysler (справа закрыта ў 2004 годзе), AutoZone. З іншага боку, Red Hat, Novell і іншыя кампаніі таксама распачалі судовыя справы супраць SCO Group. Пад пытаннем цяпер нават правы SCO Group: карпарацыя Novell распачала судовую справу, аспрэчваючы правы SCO Group на гандлёвую марку Unix.

У сакавіку 2007 года SCO Group вынайшла 326 радкоў зыходнага кода, якія могуць быць аднесены да інтэлектуальнай уласнасці SCO, з больш як 70000 радкоў зыходнага коду Linux, з іх 121 радок з’яўляецца стандартнай дырэктывай #define мовы праграмавання C.

Працэс распрацоўкі

Аперацыйная сістэма Linux вельмі хутка развіваецца дзякуючы энтузіястам з усяго свету. У 2001 годзе было праведзена даследаванне праграмнага кода аперацыйнай сістэмы Red Hat Linux 7.1. Яно паказала, што каля 71 % праграмнага кода гэтай аперацыйнай сістэмы напісана на С, аднак выкарыстоўваліся і іншыя мовы: C++, Lisp, Perl, Python, Ruby і г.д.

Праграмнае асяроддзе

Гістарычна Linux выкарыстоўваўся як серверная аперацыйная сістэма, але яе нізкі кошт, пераноснасць і магутнасць Unix дапамаглі гэтай АС пашырыцца і на іншыя, раней неўласцівыя ёй задачы. Linux з’яўляецца адным з галоўных складнікаў папулярнай канцэпцыі сервернай платформы «LAMP» (Linux, Apache, MySQL, Perl/PHP/Python).

Дзякуючы нізкаму кошту і высокаму ўзроўню пераноснасці Linux часта выкарыстоўваюць у якасці платформы-асновы для ўбудаваных сістэм, напрыклад, тэлебачання, мабільных тэлефонаў, кішэнных камп’ютараў, электронных кніг. Linux з’яўляецца галоўным канкурэнтам Symbian OS у сферы мабільнай тэлефаніі, а таксама спрабуе заняць сваё пачэснае месца на рынку аперацыйных сістэм для кішэнных камп’ютараў, ствараючы альтэрнатыву Windows CE і Palm OS.

Linux таксама шырока выкарыстоўваецца для стварэння прадуктаў абслугоўвання сетак (брандмаўэр, роўтар) з-за яе нізкага кошту і ўстойлівасці працы.

Linux з’яўляецца самай распаўсюджанай аперацыйнай сістэмай для суперкамп’ютараў. У лістападзе 2005 года ў спісе наймагутнейшых суперкамп’ютараў свету TOP500 два найхутчэйшыя суперкамп’ютары свету працавалі на Linux. З 500 сістэм гэтага спіса, 371 (74.2 %) выкарыстоўвалі розныя версіі Linux, у тым ліку сем з дзесяці найлепшых суперкамп’ютараў.

Гульнявая прыстаўка Sony PlayStation 3, прэзентаваная ў лістападзе 2006 года, першапачаткова падтрымлівала аперацыйную сістэму Linux, хоць у далейшым магчымасць усталяваць альтэрнатыўную аперацыйную сістэма была абмежавана. Sony да гэтага ўжо пастаўляла праграмны збор Linux, які кожны ўладальнік Sony PlayStation 2 мог устанавіць на сваю кансоль. Распрацоўшчыкі гульняў, напрыклад, Atari і id Software, апошнім часам пачалі выпускаць версіі сваіх вядомых гульняў пад АС Linux.

Дыстрыбутывы

Ядро Linux выкарыстоўваецца ў якасці аднаго са складнікаў дыстрыбутываў Linux. Дыстрыбутывы Linux ствараюцца камп’ютарнымі аматарамі, закрытымі суполкамі, камерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі па ўсім свеце. У склад дыстрыбутыва акрамя ядра Linux дадаюць сістэмныя і прыкладныя праграмы, сістэму ўстаноўкі, інтэграваную сістэму кіравання ўстаноўленымі праграмамі і інш. Дыстрыбутывы ствараюць з абсалютна рознымі мэтамі: падтрымка адмысловай камп’ютарнай архітэктуры, лакалізацыя праграмнага забеспячэння, падтрымка праграм рэальнага часу выканання, для ўбудаваных сістэм і інш. Шмат дыстрыбутываў не ўтрымліваюць несвабодных кампанентаў, якія могуць замінаць свабоднаму распаўсюджванню і выкарыстанню праграм. На сайце DistroWatch заўсёды можна атрымаць інфармацыю пра большасць дыстрыбутываў.

Тыповы дыстрыбутыў агульнага прызначэння ўключае:

  1. ядро Linux;
  2. бібліятэкі і службовыя праграмы Праекту GNU;
  3. абалонкі каманднага радка;
  4. сістэму вокнаў X;
  5. адзін ці некалькі кіраўнікоў вокнаў (KDE, GNOME, Xfce і інш.);
  6. тысячы іншых праграмных прадуктаў: офісныя праграмы, кампілятары, тэкставыя рэдактары, навуковыя праграмы і інш.

Linux на персанальным камп’ютары

Высокі ўзровень доступу да ўнутраных механізмаў працы Linux паспрыяў стварэнню міфу пра тэхнічную накіраванасць Linux у параўнанні з яго канкурэнтамі на персанальных камп’ютарах. Linux і іншыя свабодныя праграмы часта крытыкуюць за цяжкасці выкарыстання гэтых праграм.

Аднак у апошнія гады сітуацыя карэнна змянілася. Цяпер Linux-ам можна лёгка карыстацца, не ведаючы асаблівасцей унутраных працэсаў гэтай АС, дзякуючы графічнаму інтэрфейсу карыстальніка, падобнаму на інтэрфейсы іншых аперацыйных сістэм. Хаця ў некаторых сферах для Linux яшчэ не створаны паўнавартасныя аналагі спецыялізаваных праграм з іншых аперацыйных сістэм (гульні, мадэляванне), аднак большасць неабходных кожнаму карыстальніку праграм ужо напісана і эфектыўна выкарыстоўваецца. Да таго ж, шмат карпарацый абвясцілі аб падтрымцы Linux у наступных версіях сваіх праграмных прадуктаў. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Linux ужо амаль гатовы для паўсюднага выкарыстання і на персанальных камп’ютарах.

Хаця для Linux існуе шмат праграм для наладкі сістэмы, панэляў кіравання і інш., але дагэтуль вельмі актыўна падтрымліваюцца магчымасці наладкі сістэмы шляхам рэдагавання адпаведных тэкставых файлаў настроек.

Рынак

Згодна з даследаваннямі рынку, якія правяла кампанія IDC, 25 % сервераў і 2,8 % настольных камп’ютараў працуюць пад кіраваннем Linux (2004). Рынак Linux хутка павялічваецца, а таму прагназуецца, што ў 2008 годзе рынак напісання і абслугоўвання праграмных прадуктаў для Linux дасягне 35.7 міліярдаў долараў.

Усталяванне

Самы распаўсюджаны метад усталявання Linux на персанальны камп’ютар — усталяванне з аптычнага дыску CD-ROM. Звычайна вобразы такіх дыскаў можна свабодна спампаваць з Інтэрнэта і запісаць на свой носьбіт.

Некаторыя вытворцы камп’ютарнай тэхнікі пастаўляюць на рынак камп’ютары з ужо ўсталяванай і наладжанай АС Linux. Сярод такіх вытворцаў можна выдзяліць Hewlett-Packard і Dell.

Альтэрнатывай усталяванню стандартнай настольнай аперацыйнай сістэмы з’яўляецца магчымасць усталявання на камп’ютары тонкага кліента. Гэты метад заснаваны на загрузцы аперацыйнай сістэмы з аднаго з сеткавых камп’ютараў. Такая загрузка змяншае кошт аднаго камп’ютарызаванага працоўнага месца.

Таксама даволі распаўсюджана практыка запуску паўнавартаснай і гатовай для выкарыстання аперацыйнай сістэмы Linux адразу з аптычнага дыска, ці USB-дыска без усталявання на HDD. Такую загрузку падтрымліваюць многія дыстрыбутывы (Knoppix, Ubuntu Linux і інш.)

Праграмаванне для Linux

Інтэграванае асяроддзе распрацоўкі KDevelop

Збор кампілятараў GNU (GCC) з’яўляецца стандартным для АС Linux. GCC падтрымлівае наступныя мовы праграмавання: C, C++, Java, Фартран і інш. Большасць дыстрыбутываў таксама змяшчаюць інтэрпрэтатары Perl, Python. Апошнім часам распрацоўшчыкі дыстрыбутываў пачалі пастаўляць і кампілятар C ад Праекта Mono.

Для Linux існуе шэраг інтэграваных асяроддзяў распрацоўкі, у тым ліку KDevelop, Anjuta, NetBeans, Eclipse, але ўсё роўна тэкставыя рэдактары Emacs і Vim застаюцца вельмі папулярнымі ў праграмісцкай супольнасці. Дзве асноўныя графічныя бібліятэкі стварэння інтэрфейсу для Linux: Qt і GTK+.

Акрамя свабодных кампілятараў і іншых праграм распрацоўкі існуюць і закрытыя, якія выпускаюць такія карпарацыі як Intel, PathScale і Група Portland.

Тэхнічная падтрымка

Тэхнічную падтрымку карыстальнікаў Linux забяспечваюць камерцыйныя кампаніі і зацікаўленыя групы карыстальнікаў Linux.

Бізнес-мадэль камерцыйных кампаній звычайна заключаецца ў атрыманні грошай за абслугоўванне сваіх дыстрыбутываў, якія распаўсюджваюцца бясплатна. Некаторыя распаўсюджвальнікі бяруць грошы і за выкарыстанне сваіх дыстрыбутываў, а не толькі падтрымку. Яны дадаюць у дыстрыбутыў закрытыя праграмы і такім чынам абмяжоўваюць правы карыстальнікаў на распаўсюджанне.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.