Папярэднік |
Ford Focus |
Ford Escort — кампактны легкавы аўтамабіль кампаніі Ford.
Дэбютаваў у 1990 годзе, пасля чаго зведаў дзве мадэрнізацыі, з-за чаго ў некаторых каталогах мадэль 1990—1998 гадоў падзяляюць або на тры пакаленні — пятае (MkV, 1990), шостае (MkVI, 1992) і сёмае (MkVII, 1995)[1], або на два — пятае (MkV, 1990—1995) і шостае (MkVI, 1995—1998).
Гісторыя
- 09.1990: дэбют мадэлі.
- Ford Escort (1990—1992)
- Ford Escort (1990—1992)
- Інтэр’ер (1990—1992)
- 09.1991: з’явіўся матор аб’ёмам 1,3 л (60 к.с.) абсталяваны сістэмай размеркаванага ўпырску паліва; дэбютуе спартовая мадыфікацыя RS 2000, абсталяваная 2,0-літровым рухавіком магутнасці 150 к.с.
- 02.1992: з’явіліся бензінавыя рухавікі серыі Zetec аб’ёмам 1,8 л — 105 к.с. і 130 к.с.
- 06.1992: рэстайлінг. Змяніліся бамперы, капот з рашоткай радыятар, заднія ліхтары і дзверы багажніка. У салоне з’явіўся новы злёгку мадыфікаваны руль, які быў зроблены з мякчэйшых матэрыялаў і павінен быў забяспечыць лепшую бяспеку пры франтальным удары. Для паляпшэння бяспекі таксама дапрацавалі кузаў: Escort і Orion атрымалі ўзмоцненыя дзверы, парогі і падлогу, якія павінны былі лепш супрацьстаяць бакавым ударам. Седан Orion меў іншую рашотку радыятара з цэнтральнай храміраванай планкай, яго задняя частка засталася без змен[2]. Гаму сілавых агрэгатаў дапоўніў рухавік сямейства Zetec аб’ёмам 1,6 л (90 к.с.).
- Ford Escort (1992—1995)
- Ford Escort (1992—1995)
- Ford Orion (1992—1993)
- 02.1995: грунтоўная мадэрнізацыя. Аўтамабіль атрымаў новыя капот, авальную рашотку радыятара і абцякальныя масіўныя бамперы, паказальнікі паваротаў аб’яднаныя з фарамі. Бакавыя молдынгі і дзвярныя ручкі сталі больш патопленымі ў дзверы, а бакавыя люстэркі здабылі новыя абрысы. Змены зведалі і ўнутраныя кузаўныя панэлі з мэтай паменшыць шум і вібрацыі, чаму спрыялі ўдасканаленыя падвеска рухавіка і выпускная сістэма. Дапрацавана падвеска. Цалкам змяніўся інтэр’ер. З’явілася паўнапрывадная версія (з рухавікамі 1,6i 16V; 1,8i 16V і 2,0i 16V). Версія Ghia знешне адрознівалася храміраванымі рашоткай радыятара і апраўленнем задняга нумара, бакавыя люстэркі былі афарбаваныя ў адзін колер з кузавам.
- 03.1996: да шэрагу рухавікоў дадаўся турбадызель 1,8 л (70 к.с.).
- 07.1998: заканчэнне вытворчасці ў Германіі; але аўтамабілі яшчэ працягвалі выпускацца да 2000 года ў Вялікабрытаніі і Беларусі.
1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 | 1997 | 1998 |
---|---|---|---|---|---|---|---|
457 800[3] | 499 400[4] | н.д. | н.д. | 477 000[5] | 462 986[6] | 422 600[7] | 380 000[8] |
На змену Ford Escort прыйшла мадэль Focus.
Агляд
Мадыфікацыі
Аўтамабіль прапаноўваўся з даволі шырокай гамай мадыфікацый: трох і пяцідзверны хэтчбек, седан (да 1993 года прадаваўся як асобная мадэль Orion), універсал, кабрыялет і фургон.
- Ford Escort седан
- Ford Escort Cabriolet
- Ford Escort Turnier
Escort хэтчбек | Orion / Escort Sedan[9] | Escort Turnier[10] | Escort Van[11] | Escort Cabriolet | |
---|---|---|---|---|---|
Даўжыня, мм | 4036 | 4290 | 4300 | 4285 | 4036 |
Шырыня, мм | 1692 | 1700 | 1685 | 1688 | 1692 |
Вышыня, мм | 1395 | 1400 | 1416 | 1576 | 1395 |
Колавая база, мм | 2525 | ||||
Escort Van / Escort Express
Фургон. Грузападымальнасць стандартнай версіі складае 595 кг, а ўзмоцненага варыянта (з дызельным рухавіком) на 180 кг больш. Унутраныя памеры грузавога адсеку: даўжыня — 1823 мм, шырыня — 1625 мм, вышыня — 1076 мм; аб’ём — 2,5 куб. м[11].
XR3i
Escort ХR3i — мадыфікацыя з шаснаццаціклапанным маторам з электронным упырскам паліва аб’ёмам 1,8 літра і магутнасцю 130 к.с. Мог разганяцца да 60 міль у гадзіну (96 км/г) за 8,8 с і развіваў максімальную хуткасць звыш 200 км/г. У параўнанні са стандартнай мадэллю інтэр’ер меў сядзенні Recaro, люк у даху з механічным прывадам і прайгравальнік з эквалайзерам, спідометр на панэлі прыладаў быў разлічаны да 240 км/г. Знешне быў адметны адсутнасцю рашоткі радыятара, пры гэтым астуджэнне ажыццяўлялася праз адтуліну ў бамперы[12]. Сярод іншых знешніх адрозненняў былі аэрадынамічны абвес і спойлер.
RS2000
Escort RS2000 — мадыфікацыя, абсталяваная 2-літровым агрэгатам магутнасцю 150 к.с., дзякуючы якому аўтамабіль мог паскарацца ад 0 да 100 км/г за 8,0 секунд і меў максімальную хуткасць 225 км/г. Escort RS2000 таксама мог пахваліцца шырокім стандартным абсталяваннем, у прыватнасці, гідраўзмацняльнікам руля, ABS, цэнтральным замком, электрычнымі шклападымальнікамі і кандыцыянерам[13].
- Ford Escort RS2000
- Ford Escort RS2000
Камплектацыі
Базавая камплектацыя CL з дадатковага абсталявання мела толькі цэнтральны замок і аўдыёпадрыхтоўку. Тахометра ў камплектацыі CL няма, а яго месца займаў блок кантрольных лямпаў. Таксама не было ўзмацняльніка рулявога кіравання. Знешне аўтамабілі ў камплектацыі CL можна адрозніць па нефарбаваных чорных пластмасавых бамперах.
Больш дарагая камплектацыя — CLX: цэнтральны замок, аўдыёпадрыхтоўка, тахометр, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, электрашклапад’ёмнікі ў пярэдніх дзвярах; бамперы, афарбаваныя ў колер кузава.
Люксавая версія Ghia мела падушкі бяспекі, узмацняльнік руля, нацягвальнік рамянёў бяспекі, заднія падгалоўнікі, імабілайзер, электрычны люк на даху, электрычныя шклапад’ёмнікі спераду, электрапрывад люстэркаў і прыборную панэль з імітацыяй аздаблення дрэвам. Кошт складаў 30 150 марак[14].
Седан Orion/Escort Sedan, што рэдка для гэтага тыпу кузава, мог мець у якасці опцыі задні шклоачышчальнік[15].
Рухавікі
Аўтамабіль абсталёўваўся бензінавымі рухавікамі аб’ёмам 1,3; 1,4; 1,6; 1,8; 2,0 л і 1,8-літровым дызелем.
Бензінавыя
Аўтамабіль абсталёўваўся бензінавымі рухавікамі трох сямействаў.
Да першага належаў чыгунны верхняклапанны матор 1,3 л з ніжнім размяшчэннем размеркавальнага вала ў блоку цыліндраў (OHV) і ланцужным прывадам ГРМ. Гэта матор серыі HCS (High Compression Swirl), ён жа Endura-E ў мадэрнізаваным варыянце пад стандарт выхлапу EEC 96.
Другое — васьміклапанныя рухавікі 1,4 л або 1,6 л з верхнім размяшчэннем размеркавальнага вала (OHC) і паўсферычнымі камерамі згарання. З зубчастым рамянём ГРМ і гідраштурхачамі клапанаў. Гэтая серыя матораў пазначаецца як CVH (Compound Valve Hemi) або PT-E на апошніх серыях Escort.
Трэцяе — 16-клапанныя двухвальныя (DOHC) рухавікі серыі Zetec (у залежнасці ад сістэм упырску адрозніваюць Zetec-E і Zetec-SE), якія з’явіліся ў лютым 1992 года.
Мадэль | Тып | Аб’ём | Колькасць цыліндраў/клапанаў | Магутнасць, кВт (к.с.) |
---|---|---|---|---|
1,3i | HCS / Endura-E | 1299 см³ | Р4/8V | 44 (60) |
1,4i | CVH | 1391 см³ | Р4/8V | 52 (71) |
1,4i | PT-E | 1391 см³ | Р4/8V | 55 (75) |
1,6i | Zetec-E | 1597 см³ | Р4/16V | 65 (88) |
1,6i | Zetec | 1597 см³ | Р4/16V | 66 (90) |
1,6i | CVH | 1596 см³ | Р4/8V | 77 (105) |
1,8 16V | Zetec | 1796 см³ | Р4/16V | 77 (105) |
1,8 16V | Zetec-E | 1796 см³ | Р4/16V | 85 (115) |
1,8 16V | Zetec | 1796 см³ | Р4/16V | 96 (130) |
2,0 16V | DOHC | 1993 см³ | Р4/16V | 110 (150) |
2,0 16V | DOHC | 1993 см³ | Р4/16V | 162 (220) |
Дызельныя
Дызельны рухавік — 1,8-літровы віхракамерны, даступны ў трох варыянтах: атмасферны 60 к.с., і турбанаддзіманы 70 і 90 к.с.
Мадэль | Тып | Аб’ём | Колькасць цыліндраў/клапанаў | Магутнасць, кВт (к.с.) |
---|---|---|---|---|
1,8 D | Endura-D | 1753 см³ | Р4/8V | 44 (60) |
1,8 TD | Endura-DE | 1753 см³ | Р4/8V | 51 (70) |
1,8 TD | Endura-DE | 1753 см³ | Р4/8V | 66 (90) |
Трансмісія і хадавая частка
Прывад: пярэдні, або поўны.
Каробка перадач — механічная, пяціступеньчатая; перадатачныя лікі: I – 3,58 (3,15); II – 1,91; III – 1,28; IV – 0,95; V – 0,76; задні ход – 3,62; галоўная перадача – 3,82 (4,27).
Акрамя механічных каробак, на 1,4- і 1,6-літровыя мадыфікацыі мог усталёўвацца варыятар CTX.
Пярэдняя падвеска — незалежная, тыпу McPherson з адным рычагом. Задняя — паўзалежная, спружынная бэлька на падоўжных рычагах. Пярэдні стабілізатар папярочнай устойлівасці мацуецца да рычага праз стойку з двума шаравымі шарнірамі, усталёўваўся на ўсіх версіях; заднім абсталёўваліся толькі двухлітровыя мадыфікацыі. Тормазы з узмацнялнікам; пярэднія — дыскавыя, вентыляваныя; заднія — барабанныя.
Бяспека
Вынікі тэсту Euro NCAP, 1999[16] | ||
---|---|---|
Бяспека пасажыраў | 14 | |
Бяспека пешаходаў | 18 | |
Пратэставаны аўтамабіль: Ford Escort 1.6 LX |
Упершыню Escort быў выпрабаваны спецыялістамі Euro NCAP у 1998 годзе, але камітэт не стаў публікаваць вынікі — як было абвешчана, "у сувязі з дапрацоўкай фірмай Ford структуры кузава" аўтамабіляў, якія выпушчаныя пасля кастрычніка 1998 года і ідэнтыфікацыйныя нумары (VIN) якіх пачынаюцца з XC15000[17].
Пры паўторным выпрабаванні, праведзеным у наступным годзе, была адзначана моцная дэфармацыя падлогі, рулявая калонка значна ссунулася ў салон (уверх — на 122 мм), а ногі кіроўцы апынуліся без абароны пры ўдары аб дэталі пад панэллю прыбораў. На грудзі абодвух манекенаў дзейнічалі вялікія нагрузкі ад рамянёў бяспекі.
Пры першым бакавым краш-тэсце Escort паказаў вельмі сур’ёзную рызыку смяротных пашкоджанняў грудзей кіроўцы, і Ford істотна ўзмацніў бакавіны кузава. Дапрацаваны аўтамабіль атрымаў 11 балаў за бакавы ўдар.
У 1999 годзе краш-тэст аўтамабіля таксама быў праведзены расійскім выданнем Аўтарэвю (руск.: Авторевю)[18].
Escort RS Cosworth
Ford Escort RS Cosworth быў створаны для ўдзелу ў чэмпіянаце свету па ралі. Распрацоўка і падрыхтоўка да вытворчасці ажыццяўлялася кампаніяй SVE (Special Vehicle Engineering), якая ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў і распрацовак Ford of Europe ў Дантане (Вялікабрытанія). Вытворчасць ажыццяўлялася кампаніяй Karmann.
Ад серыйнага Escort засталіся толькі дзверы, дах, лабавае шкло і фары. Кузаў аўтамабіля атрымаў развіты аэрадынамічны пакет: сплітар спераду і падвойны задні спойлер.
Рухавік — аб’ёмам 1993 куб. см., 16-клапанны турбіраваны, дапрацаваны фірмай Cosworth. Пры дапрацоўцы атрымаў турбанаддзіманне Garret Т25, сістэму электроннага кіравання падачай паліва Ford ЕСС IV і мадэрнізаваную галоўку цыліндраў. Матор пры невялікай (8,0:1) ступені сціску развіваў магутнасць 227 к.с. пры 5750 аб/хв, а максімальны круцільны момант складаў 299 Нм пры 2500 аб/хв.
Escort RS Cosworth меў прывад на ўсе колы. У якасці міжвосевага дыферэнцыяла выкарыстоўвалася віскамуфта, якая ў штатных умовах размяркоўвала круцільны момант паміж пярэднімі і заднімі коламі ў суадносінах 1:2. Каробка перадач — сяміступеньчатая. У падвесцы ўжытыя газавыя амартызатары і стабілізатары папярочнай устойлівасці як на пярэдніх, так і на задніх колах. Тормазы — дыскавыя на ўсіх колах, вентыляваныя.
Год | Ралі | Аўтамабіль | Пілот | Штурман | Каманда | Крыніцы |
---|---|---|---|---|---|---|
1993 | Ралі Партугаліі | Ford Escort RS Cosworth | Франсуа Дэлекур | Даніэль Граталу | Ford Motor Co. Ltd. | [19] |
Ралі Корсікі | Франсуа Дэлекур | Даніэль Граталу | Ford Motor Co. Ltd. | |||
Ралі «Акропаліс» | Мікі Біясьён | Тыцыяна Сівіера | Ford Motor Co. Ltd. | |||
Ралі Сан-Рэма | Джанфранка Куніка | Стэфана Эвангелісці | Ford Italia | |||
Ралі Каталоніі | Франсуа Дэлекур | Даніэль Граталу | Ford Motor Co. Ltd. | |||
1994 | Ралі Монтэ-Карла | Франсуа Дэлекур | Даніэль Граталу | Ford Motor Co. Ltd. | ||
Ралі «Тысяча азёр» | Томі Мякінен | Сэпа Хар’янэ | Ford Motor Co. Ltd. | |||
1996 | Ралі Інданезіі | Карлас Сайнс | Луіс Мойя | Ford Motor Co. Ltd. | ||
1997 | Ралі «Акропаліс» | Ford Escort WRC | Карлас Сайнс | Луіс Мойя | Ford Motor Co. Ltd. | [20] |
Ралі Інданезіі | Карлас Сайнс | Луіс Мойя | Ford Motor Co. Ltd. | |||
Дарожная версія
Правілы амалагацыі абавязвалі выпусціць 2500 асобнікаў, а знешне серыйны аўтамабіль павінен быў выглядаць гэтак сама, як і гоначны. Такім чынам дарожныя аўтамабілі мелі такі самы аэрадынамічны пакет, у тым ліку і характэрны падвойны задні спойлер, аднак на некаторых рынках прапаноўваліся без яго верхняй часткі.
У адрозненне ад ралійных аўтамабіляў, дарожныя машыны мелі пяціступеньчатую каробку перадач MT75.
Серыйная вытворчасць пачалася 27 красавіка 1992 года[21].
Ралійны аўтамабіль выйграў ралі «Монтэ-Карла» ў 1994 годзе. У гонар перамогі былі выраблены 70 машын спецыяльнай серыі Cosworth Monte Carlo. Машыны адрозніваліся колерам кузава Jewel Violet і літымі дыскамі OZ[22].
Выпуск дарожных Escort RS Cosworth быў завершаны ў студзені 1996 года. Усяго было пабудавана 7145 дарожных машын: 1992 — 3448 адз.; 1993 — 1143 адз.; 1994 — 1180 адз.; 1995 — 1306 адз.; 1996 — 68 адз[21].
Зборка ў Беларусі
30 ліпеня 1997 года ў пасёлку Апчак Мінскага раёна быў адкрыты завод па зборцы аўтамабіляў "Форд".
На заводзе была наладжана зборка мікрааўтобусаў Ford Transit і хэтчбекаў і седанаў Ford Escort з карбюратарнымі рухавікамі аб’ёмам 1,3 і 1,6 л. У сабраных у Беларусі аўтамабілях ідэнтыфікацыйны VIN-нумар пачынаўся з Y4F, а на восьмай пазіцыі (код зборачнага завода) меў літару A[23].
5 снежня 1997 года на заводзе быў выраблены 1000-ы аўтамабіль "Форд": ім стаў седан Эскорт CLX колеру "срэбны металік", з рухавіком 1,6 л[24].
З сакавіка 1999 года сабраныя аўтамабілі сталі абсталёўвацца рухавікамі з упырскам паліва, АБС, кандыцыянерам і падушкамі бяспекі[25].
Скасаванне падатковых і мытных ільгот і расійскі фінансавы крызіс 1998 года прывялі да таго, што завод так і не змог выйсці на запланаваную магутнасць. Ажыццяўляць зборку ў Беларусі стала нявыгадна і ў ліпені 2000 года Ford Union згортвае вытворчасць. З 1997 па 2000 год было сабрана 2380[26] аўтамабіляў Ford Escort, пераважна з кузавам седан, карбюратарнымі маторамі і ў базавай камплектацыі[23].
Зноскі
- ↑ Когда машины были надежны (руск.). abw.by (4 снежня 2006). Праверана 9 жніўня 2017.(недаступная спасылка)
- ↑ De snelle facelift van de Ford Escort Mk5 - Uit de Oude Doos (гал.). autoweek.nl (28 верасня 2022). Праверана 28 верасня 2022.
- ↑ Europe 1991: VW Golf leads, Ford Fiesta & Renault Clio on podium (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Europe 1992: New gen VW Golf and Opel Astra on top (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Europe 1995: Fiat Punto interrupts 154 months of Golf domination (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Europe 1996: VW Golf resists Fiat Punto assault (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Europe 1997: Fiat Punto crowned for the first time (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Europe 1998: VW Golf, Renault Megane and Fiat Punto lead (англ.). bestsellingcars.wordpress.com. Праверана 26 жніўня 2022.
- ↑ Игра в четыре руки // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 23 (138). — С. 13.(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Ford Escort, Opel Astra: Багаж требует места (руск.). autocentre.ua (4 ліпеня 2005). Праверана 13 жніўня 2017.
- 1 2 Ford Escort Van - dobry, bo tani (польск.). truck.pl (27 лістапада 2009). Праверана 11 жніўня 2017.
- ↑ Grandes Brasileiros: Ford Escort XR3 1992 (парт.). quatrorodas.abril.com.br (23 лістапада 2016). Праверана 3 лістапада 2017.
- ↑ Zapomenuté hot hatche devadesátých let aneb celkem nenápadní sportovci (чэшск.) . auto.cz (10 ліпеня 2017). Праверана 25 жніўня 2017.
- ↑ Ford Escort 1.6i, Opel Astra 1.6, VW Golf 1.8 (ням.)(недаступная спасылка). auto-motor-und-sport.de (2 красавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2016. Праверана 11 жніўня 2017.
- ↑ Alle Infos zur Generation: Ford Orion MK 2 (ням.). autobild.de. Праверана 3 лістапада 2017.
- ↑ https://www.euroncap.com/en/results/ford/escort/15498
- ↑ Рейтинг безопасности: старожилы гольф-класса // Авторевю : часопіс. — 1999. — № 6. — С. 30. (руск.)
- ↑ Слишком добротный Escort // Авторевю : часопіс. — 1999. — № 2. (руск.)
- ↑ Ford Escort RS Cosworth. Stats - WRC . eWRC-results.com. Праверана 29 верасня 2022.
- ↑ Ford Escort WRC. Stats - WRC . eWRC-results.com. Праверана 30 верасня 2022.
- 1 2 Graham Robson. Ford Escort RS Cosworth & World Rally Car. — Veloce Publishing Ltd, 2008. — С. 21. — 128 с. — ISBN 9781845841812. (англ.)
- ↑ Generation X vs Millennial: Ford Escort Cosworth takes on Focus RS (англ.)(недаступная спасылка). autoclassics.com (7 снежня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2020. Праверана 12 верасня 2020.
- 1 2 Обслуживаем Ford Escort: привет из девяностых (руск.)(недаступная спасылка). abw.by (26 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2016. Праверана 5 жніўня 2017.
- ↑ "Форд Юнион" с момента своего открытия выпустил 1000 автомобилей // Автобизнес-Weekly : газета. — 1997. — № 47 (94), 11 снежня. Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2013. (руск.)
- ↑ Ford Union возобновит работу в марте // Авторевю : часопіс. — 1999. — № 4.(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Завод Ford Union: продано! // Авторевю : часопіс. — 2000. — № 15.(недаступная спасылка) (руск.)
Літаратура
- Ford Escort RS Cosworth // Авторевю : часопіс. — 1994. — № 17 (85). — С. 30. (руск.)
- Новый Ford Escort: еще на ступеньку выше // Авторевю : часопіс. — 1995. — № 06 (98). — С. 6. (руск.)
- Graham Robson. Ford Escort RS Cosworth & World Rally Car. — Veloce Publishing Ltd, 2008. — 128 с. — ISBN 9781845841812. (англ.)
- "Форд-Эскорт" по цене "упакованной" "девятки" // За рулём : часопіс. — 1996. — № 10. — С. 45-47. (руск.)
- Игра в четыре руки // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 23 (138).(недаступная спасылка) (руск.)
- Ford Escort. Четыре месяца и 20 тысяч километров // Авторевю : часопіс. — 1997. — № 2 (141). Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2017. (руск.)
Відэа
Спасылкі
- Zum Ford-Laufen (ням.). autobild.de (25 лютага 2002). Праверана 20 жніўня 2017.
- Zahnriemen – der Escort-Killer (ням.). autobild.de (11 лістапада 2002). Праверана 11 жніўня 2017.
- Ford Escort, Honda Civic: Ты совсем мне не друг и не родственник (руск.). autocentre.ua (16 лютага 2004). Праверана 13 жніўня 2017.
- Opel Astra, Ford Escort, VW Golf III, Mazda 323, Honda Civic: Практичная пятерка (руск.). autocentre.ua (14 сакавіка 2005). Праверана 13 жніўня 2017.
- Когда машины были надежны (руск.). abw.by (4 снежня 2006). Праверана 9 жніўня 2017.(недаступная спасылка)
- Обслуживаем Ford Escort: привет из девяностых (руск.)(недаступная спасылка). abw.by (26 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2016. Праверана 5 жніўня 2017.
- Proponujemy wersję Ghia (польск.). magazynauto.interia.pl (21 кастрычніка 2014). Праверана 30 мая 2020.(недаступная спасылка)
Гл. таксама
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ford Escort Mk5
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ford Escort Mk6
- Ford Escort
- Ford Orion
- Ford Union