Fiat 124 — легкавы аўтамабіль сярэдняга класа кампаніі Fiat. Выпускаўся з 1966 па 1974 год. «Еўрапейскі аўтамабіль года—1967»[1].
Гісторыя
Распрацоўка мадэлі Fiat 124 вялася з другой чвэрці шасцідзесятых гадоў. Спраектаваны пад кіраўніцтвам Дантэ Джакозы[2]. У 1966 годзе аўтамабіль быў паказаны на Парыжскім аўтасалоне. У наступным годзе лінейка папоўнілася ўніверсалам — Fiat 124 Familiare. У 1967 годзе аўтамабілю быў прысуджаны тытул «Еўрапейскі аўтамабіль года»[1].
У маі 1966 быў падпісаны дагавор аб пабудове ў СССР новага аўтазавода для выпуску Fiat 124. Пры адаптацыі машыны да савецкіх умоў былі вызначаны слабыя месцы канструкцыі, і шэраг паляпшэнняў італьянцы прыстасавалі таксама і да свайго варыянту аўтамабіля, у прыватнасці, больш сучасную заднюю падвеску. Дапрацаваны Fiat 124 дэбютаваў у 1968-м годзе.
Акрамя базавай мадэлі, прапаноўвалася мадыфікацыя Special з маторам аб’ёмам 1438 см³ і магутнасцю 70 к.с. (150 км/г). Знешне «спецыяльная» версія пазнавалася па здвоеных фарах і ручках дзвярэй пад ніжні ўхоп.
Улетку 1970 года тры экіпажы на Fiat 124 Special здзейснілі падарожжа «Raid dei Due Capi» Кейп-Пойнт (ПАР) — Нордкап (Нарвегія), якое было арганізавана Fiat сумесна з італьянскім аўтамабільным часопісам Quattroruote. Машыны мелі мадыфікаваную падвеску, былі абсталяваныя паветраным фільтрам з алейнай ваннай, абаронай дна картэра, парай дадатковых фар і дугамі бяспекі ў салоне. Аўтамабілі за 50 дзён пераадолелі маршрут ПАР — Батсвана — Радэзія — Замбія — Танзанія — Кенія — Эфіопія — авіяпералёт — Іран — Турцыя — Грэцыя — Югаславія — Італія — Аўстрыя — Германія — Данія — Швецыя — Фінляндыя — Нарвегія[3].
У лістападзе 1970 года на аўтасалоне ў Турыне Fiat прадставіў абноўлены «124»-ы. Аўтамабіль атрымаў новую рашотку радыятара і новыя двух’ярусныя заднія ліхтары, з’явіліся вентыляцыйныя адтуліны на задняй стойцы[4]. Мадэрнізаванаму Special цалкам перарабілі насавую частку, акружыўшы фары квадратнымі «акулярамі». Special таксама атрымаў перапрацаваную радыятарную рашотку чорнага колеру, якую перасякала гарызантальная светлая планка з новай эмлемай з чатырох сініх ромбаў. Паказальнікі павароту былі перанесены на вугал крыла збоку ад фар. Заднія ліхтары таксама былі новымі, гарызантальнай і прастакутнай формы, задняя панэль была акружана храміраваным молдынгам. Больш буйныя храміраваныя бамперы атрымалі падоўжную гумавую паласу. Разам з абнаўленнем таксама дэбютавала новая мадыфікацыя — Fiat 124 Special T. Літара «T» у назве была скарачэннем ад англ.: Twin-cam, пазначаючы такім чынам, што на машыне ўсталяваны рухавік з двайным размеркавальным валам. Матор аб’ёмам 1,4 л выдаваў магутнасць 80 к.с. і дазваляў дасягаць максімальнай хуткасці 160 км/г[5].
Чарговае абнаўленне адбылося ў 1972 годзе. Зноў памянялі радыятарную рашотку. Траўмабяспечныя дзвярныя ручкі такія як на Speciale цяпер атрымалі ўсе без выключэння мадыфікацыі. Магутнасць матораў аб’ёмам 1,2 і 1,43 літра павялічылася на 5 к.с. Speciale T цяпер абсталёўваўся цалкам новым двухвальным рухавіком.
У 1973–1974 гады мадэль таксама экспартавалася ў ЗША, дзе была даступная з рухавіком 1,6 або 1,8 і трохступеньчатай аўтаматычнай каробкай перадач.
Зборка седанаў і ўніверсалаў Fiat 124 у Італіі працягвалася яшчэ два гады. Колькасць сабраных асобнікаў перавысіла паўтара мільёна. На змену прыйшоў Fiat 131 Mirafiori.
Канструкцыя
Fiat 124 меў кансерватыўную канструкцыю з класічнай кампаноўкай: рухавік размешчаны спераду, а вядучымі з’яўляюцца заднія колы.
Праектаваннем мадэлі кіраваў Оскар Мантабоне. Рухавік з верхнім размяшчэннем клапанаў быў распрацаваны Аўрэліа Лампрэдзі. Шасі распрацаванае Адольфа Месоры з падвескай з вінтавымі спружынамі і мостам ззаду спалучалася з вуглаватым кузавам[6].
Кузаў — чатырохдзверны пяцімесцавы. Даўжыня × шырыня × вышыня — 4030 × 1625 × 1420 мм; колавая база — 2420 мм. Уласная вага — 855 кг (Special — 945 кг). Аб’ём паліўнага бака — 39 л.
Рухавікі
Рухавік усталяваны спераду падоўжна.
Базавы матор — бензінавы, радны, чатырохцыліндравы. Мае ніжняе размяшчэнне размеркавальнага вала і, адпаведна, верхняе размяшчэнне клапанаў (OHV). Па два клапаны на цыліндр. Аб’ём — 1197 см³. Дыяметр цыліндра × ход поршня — 73,0 × 71,5 мм. Ступень сціску 8,8:1 дапускае выкарыстанне паліва з нізкім актанавым лікам. Магутнасць — 60 к.с. пры 5600 аб/хв. Круцільны момант — 87 Н·м пры 3400 аб/хв.
На мадыфікацыі Special і Special T усталёўвалі рухавікі аб’ёмам 1438 см³ і 1592 см³.
1438-кубовы рухавік версіі Special T у параўнанні з простым рухавіком 1,4 л меў клапаны большага дыяметра, паўсферычную камеру згарання, падвойны размеркавальны вал, які прыводзіўся ў рух зубчастым рамнём. Падача паліва ажыццяўлялася карбюратарам Weber 32 DHS. Дыяметр цыліндра × ход поршня — 80,0 × 71,5 мм. Ступень сціску — 8,9:1. Матор выдаваў магутнасць 80 к.с. пры 5800 аб/хв і 112 Н·м максімальнага круцільнага моманту пры 4000 аб/хв[7].
Мадыфікацыя | Аб’ём | Магутнасць | Гады выпуску |
---|---|---|---|
1200 | 1197 см³ | 60 PS (44 кВт; 59 к.с.) 66 PS (49 кВт; 65 к.с.) |
1966–1974 |
1400 Special | 1438 см³ | 70 PS (51 кВт; 69 к.с.) 75 PS (55 кВт; 74 к.с.) |
1968–1974 |
1400 Special T | 1438 см³ | 80 PS (59 кВт; 79 к.с.) | 1968–1972 |
1600 Special T | 1592 см³ | 95 PS (70 кВт; 94 к.с.) | 1973–1974 |
Шасі
Прывад перадаецца праз чатырохступеньчатую каробку перадач, у Special T з рухавіком 1,6 л — пяціступеньчатую. Спачатку канструкцыя задняй падвескі была ўзятая ад мадэлі 1400 1950 года — дзве падоўжныя штангі, адна папярочная і жорсткая бэлька моста. Праз два гады яе замянілі на больш складаную з чатырма падоўжнымі рычагамі і цягай Панара[8]. Усе колы мелі дыскавыя тармазы.
З мадэрнізацыяй 1970 года аўтамабіль атрымаў генератар замест магнета і двухконтурную тармазную сістэму.
Вытворчасць па-за межамі Італіі
Вытворчасць мадэлі доўгі час працягвалася за межамі Італіі — па ліцэнзіі аўтамабіль выпускалі ў Іспаніі (SEAT 124), Паўднёвай Карэі, Індыі (Premier 118NE), Турцыі (TOFAŞ Murat 124) і СССР (ВАЗ-2101). Акрамя таго, зборка мадэлі з італьянскіх камплектаў дэталяў ажыццяўлялася ў Балгарыі і Югаславіі. Па ўсім свеце было пабудавана звыш 15 мільёнаў ліцэнзійных копій і вытворных мадэляў.
Fiat 124, яго ліцэнзійныя варыянты і нашчадкі | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Вытворца | 1960-я | 1970-я | 1980-я | 1990-я | 2000-я | 2010-я | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 0 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | |||
FIAT | Fiat 124 / Fiat 124 Special | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Fiat 124 Familiare | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
NSU-Fiat | Fiat 124 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Pirin-Fiat | Fiat 124 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
SEAT | Seat 124 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Seat 1430 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Asia Motors | Asia-Fiat 124 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Tofaş | Murat 124 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Premier | Premier 118 NE | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Premier 137D | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ / | ВАЗ-2101 / 21011 / 21013 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2102 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2103 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2106 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2105 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2107 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ВАЗ-2104 | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Балгарыя
У канцы 1966 года Fiat падпісаў з Балканкар пагадненне аб зборцы аўтамабіляў Fiat 850 і Fiat 124 на заводзе ў Ловечы. Аўтамабілі мясцовай зборкі прадаваліся пад маркай Пірын-Фіат. Дамова была заключана тэрмінам на 5 год і па заканчэнні ў 1971 годзе далей не працягвалася[9]. Усяго было сабрана 274 седаны і 35 універсалаў Fiat 124[10].
Іспанія
Іспанскі вытворца SEAT займаўся ліцэнзійным выпускам аўтамабіляў Fiat з 1953 года. У 1968 годзе на аўтасалоне ў Барселоне быў прадстаўлены SEAT 124. Вытворчасць ажыццяўлялася на заводзе ў Зона Франка (Барселона). У 1969 годзе пачалася вытворчасць універсалаў Familiar. Паступова ў мадэльны шэраг дадаліся розныя мадыфікацыі: D, D Lujo, D Especial, LS, DLS. Таксама выпускаліся купэ Sport (з 1970 па 1975 год).
У 1969 годзе з'явіўся SEAT 1430. Гэтая мадэль была заснавана на версіі Special, а пярэдняй часткай з квадратнымі фарамі была падобна на Fiat 125. Пад капотам быў 1,4-літровы (1438 см³) рухавік абсталяваны карбюратарам Weber 32 DHS. Магутнасць — 70 к.с. пры 5400 аб/хв, круцільны момант — 105 Н·м пры 3400 аб/хв. Седан важыў 910 кілаграмаў і мог паскарацца да 155 км/г. У 1973 годзе быў прадстаўлены SEAT 1430 Especial 1600. Гэтая мадэль атрымала новы рухавік з двума размеркавальнымі валамі аб'ёмам 1592 см³ і магутнасцю 95 к.с., а ў 1974 годзе SEAT 1430 Especial 1800, рухавік якога быў аб'ёмам 1756 см³ і развіваў магутнасць 118 к.с.[11][12]
- SEAT 124
- SEAT 124 Familiar
- SEAT 1430
- SEAT 124 Sport
У 1975 годзе быў праведзены рэстайлінг SEAT 124. Аўтарам новага аблічча быў Джарджэта Джуджара. Разам з абнаўленнем, мадэлі 124 і 1430 аб'ядналі ў адно сямейства. У 1976 годзе вытворчасць аўтамабіля была перанесена з Зона Франка на завод Landaben. Праз гэта Seat 124 D узору 1975 года паводле месца паходжання атрымаў мянушку «Памплона»[13].
- SEAT 124 D (1975—1980)
- Выгляд ззаду
Выпуск працягваўся да 1980 года. Усяго было выраблена 640 407 адзінак Seat 124[14]. У 1985—2001 гады на базе Seat 124 D індыйская кампанія Premier Automobiles выпускала аўтамабілі Premier 118NE і Premier Viceroy.
Паўднёвая Карэя
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Карэйскі Fiat 124 узору 1971 года | |
Кампанія Asia Motors (Паўднёвая Карэя) была заснавана ў 1965 годзе і першапачаткова займалася вытворчасцю камерцыйных аўтамабіляў. У студзені 1970 года прадпрыемства пачало выпуск Fiat 124. Меркавалася, што яго запусцяць раней, але фінансавыя цяжкасці, з якімі сутыкнулася кампанія на працягу года пасля яе заснавання, затрымалі старт вытворчасці. У першы год «Азія Мотарс» вырабіла 1737 аўтамабіляў Fiat, лакалізацыя складала 30 адсоткаў. Вырабляліся толькі седаны. Спачатку аўтамабілі не адрозніваліся ад італьянскага арыгінала, але ўжо з 1971 года карэйскія Фіаты атрымалі новую рашотку радыятара і падвойныя фары. Вытворчасць была завершана ў красавіку 1973 года, калі скончыўся кантракт Asia Motors з італьянскім канцэрнам. Было выраблена 6775 машын[15][16][17].
СССР
4 мая 1966 года ў Турыне міністр аўтамабільнай прамысловасці СССР Аляксандр Тарасаў і прэзідэнт канцэрна Fiat Віторыа Валета падпісалі папярэдняе пагадненне аб будаўніцтве ў горадзе Тальяці завода для вытворчасці Fiat 124 у Савецкім саюзе. Генеральнае пагадненне паміж Fiat і Міністэрствам знешняга гандлю СССР было падпісана ў Маскве 15 жніўня 1966 года.
У ходзе выпрабаванняў у СССР выявіліся сур'ёзныя праблемы з трываласцю кузава і задніх дыскавых тармазоў. Невялікі дарожны прасвет і адсутнасць буксірных правушын рабілі праблематычнай эксплуатацыю машын на дрэнных дарогах. Ніжневальны рухавік савецкі бок палічыў састарэлым і бесперспектыўным з пункту гледжання далейшага развіцця канструкцыі. Усе заўвагі былі ўлічаны італьянскімі канструктарамі. Усяго ў канструкцыю Fiat 124 было ўнесена больш 800 змен. Адаптаваны варыянт быў падрыхтаваны да ліпеня 1967 года і атрымаў пазначэнне Fiat 124R («R» — Russo), савецкае пазначэнне — ВАЗ-2101 «Жыгулі».
Замест ніжневальнага рухавіка (73х71,5 мм) ВАЗ-2101 атрымаў новы верхневальны рухавік (76х66 мм). Маючы такую ж ступень сціску (8,8) матор меў большую магутнасць (64 к.с. супраць 60 к.с. пры 5600 аб/хв). Круцільны момант павялічыўся з 87 Н·м да 89 Н·м (пры 3400 аб/хв). У каробцы перадач прымянілі сінхранізатары ад спартовай версіі Fiat 124. Павялічылі памер счаплення: 200 мм замест 182 мм у «Фіата». Пярэдняя падвеска ВАЗа у параўнанні з прататыпам канструктыўна не змянілася, але была зменена кінематыка, узмоцнены і зменены некаторыя дэталі, у прыватнасці, спружыны, шаравыя апоры. Ззаду, замест спружыннай падвескі з трыма штангамі і стабілізатарам спераду, паставілі іншую — на пяці штангах (падобная ўсталёўвалася на Fiat 124 Special). Ад задніх дыскавых тармазоў адмовіліся на карысць барабанных. Кожны з асобных контураў тармазоў атрымаў асобны бачок для тармазной вадкасці, у італьянскай версіі бачок быў агульны. Кузаў быў узмоцнены, маса вырасла прыкладна на 100 кг (955 кг у параўнанні з 855 кг у Фіата 124). Павелічэнне вагі часткова скампенсавана павелічэннем магутнасці рухавіка. Знешне машыны мала адрозніваліся. Іклы на бамперах у «Жыгулей» былі большага памеру, чым у «Фіата». Замест кнопкавых ручкак дзвярэй — выцяжныя, пад ніжні ўхоп. Такія дзвярныя ручкі першапачаткова планавалі ставіць толькі на ВАЗ-2103, аднак з мэтай уніфікацыі іх атрымаў таксама і ВАЗ-2101. На панэлі прыбораў замест сігнальнай лямпы перагрэву рухавіка з'явіўся паказальнік тэмпературы ахалоджвальнай вадкасці. Санкі пярэдніх сядзенняў Fiat перарабілі такім чынам, каб сядзенні раскладваліся, утвараючы спальнае месца[18][19].
У 1970 годзе завод пачаў вытворчасць седанаў ВАЗ-2101 (на экспартных рынках прадаваўся як «Lada 1200»), у 1971 годзе ўніверсалаў (ВАЗ-2102), а ў 1972 годзе пачалі выпускаць распрацаваны спецыяльна для СССР люксавы варыянт (ВАЗ-2103).
Выпуск сямейства ВАЗ-2101 і вытворных ад яго мадэляў працягваўся 42 гады: ВАЗ-2101 (1970—1988), ВАЗ-2102 (1971—1985), ВАЗ-2103 (1972—1984), ВАЗ-2106 (1976—2006), ВАЗ-2105 (1980—2010), ВАЗ-2107 (1982—2012), ВАЗ-2104 (1984—2012)[20].
Турцыя
12 лютага 1971 года выпуск Fiat 124 пачаўся на заводзе Tofaş (Бурса, Турцыя). Лакалізаваны аўтамабіль атрымаў назву Murat 124 у гонар султана Мурада I. У першы год было выраблена 7 835 аўтамабіляў. Увосень 1975 года з канвеера сышоў 100-тысячны аўтамабіль[21]. Агулам з 1971 да канца 1976 года было выраблена 134 867 адзінак[22].
Пасля мадэрнізацыі мадэль перайменавалі ў Tofaş Serçe, што азначае «верабей».
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Tofaş Serçe ранняга выпуску | |
- Murat 124
- Tofaş Serçe
Індыя
Перамовы аб выпуску аўтамабілся ў Індыі пачаліся пасля візіту Джані Аньелі ў гэтую краіну ў 1981 годзе. Паколькі Fiat на той момант даўно спыніў вытворчасць гэтай мадэлі і ўжо не меў яе прэс-формаў, вытворчае абсталяванне было набыта ў іспанскага вытворцы Seat[23]. Пры гэтым кузаў быў мадыфікаваны для ўстаноўкі новага рухавіка і трансмісіі.
У 1985 годзе Premier Automobiles Ltd. запусціў вытворчасць Premier 118NE. Аўтамабіль атрымаў рухавік Nissan A12 аб'ёмам 1,2 літра (магутнасць 52 к.с.). У 1996 годзе на машыну пачалі ўсталёўваць дызельны рухавік аб'ёмам 1,38 літра (магутнасць 42 к.с.). Гэтая мадэль атрымала назву Premier Viceroy.
У 2001 годзе вытворчасць была спынена з-за нізкага попыту[24].
Аўтамабілі кузаўных атэлье
Cabriolet C4 (Carrozzeria Touring)
Пасля дэбюту мадэлі Fiat 124 міланскае атэлье Carrozzeria Touring звярнулася да кіраўніцтва Fiat з ідэяй зрабіць кабрыялет. Fiat перадаў атэлье адну з самых першых машын, 44-ы выпушчаны асобнік. Пабудаваны кабрыялет Fiat 124 Cabriolet C4 дэбютаваў на Турынскім аўтасалоне 1966 года.
Каб знізіць сабекошт, была захаваная большасць стандартных дэталяў кузава. Кузаў стаў двухдзверным, але пярэдняя і задняя часткі кузава практычна не былі закранутыя. Дзверы сталі шырэйшымі і трапецападобнай формы. Вышыню парогаў для надання кузаву жорсткасці нарасцілі ўдвая. Рамка лабавога шкла дзеля дынамічнага сілуэту атрымала нахіл.
Фінансавыя цяжкасці не дазволілі кампаніі наладзіць выпуск, і ў тым жа 1966 годзе атэлье зачынілася. Выставачная машына валошкавага колеру засталася ў адзіным экземпляры. Аўтамабіль захаваўся і знаходзіцца ў музеі Банфанці (Басана-дэль-Грапа, Італія)[25].
Smart (Francis Lombardi)
У 1966 годзе атэлье Франсіса Ламбардзі пабудавала купэ Fiat 124 Smart — вуглаватага стылю, з вялікім багажным аддзяленнем. Дзякуючы вялікай плошчы шклення і вузкім стойкам машына мела прасторны і светлы салон[26].
Coupé (Savio)
Турынскае атэлье Carrozzeria Savio ў шасцідзясятыя гады было шчыльна звязана з Fiat — будавала кузавы для аўтобусаў і вырабляла машыны хуткай дапамогі на базе мікрааўтобусаў Fiat. У 1968 годзе на аўтасалоне ў Турыне Savio прадставіў купэ 2+2, створанае ў супрацоўніцтве з бюро OTAS. Аўтамабіль на шасі Fiat 124 выдзяляўся незвычайным сілуэтам з угнутай задняй стойкай. Быў пабудаваны адзін асобнік[27].
Eveline Coupé (Vignale)
З 1967 па 1969 год Carrozzeria Vignale выпускала купэ Eveline. Дызайн работы Вірджыніа Вайра[28] спалучаў стылітычныя элементы іншых машын распрацаваных атэлье Vignale: спераду купэ выглядала падобным на Jensen Interceptor, а дызайн задняй часткі адсылаў да Maserati Mexico. Машыны абсталёўваліся стандартнымі маторамі аб'ёмам 1,2 і 1,4 літра, шасі і хадавая частка былі такія самыя як ў седана Fiat 124[29].
Гл. таксама
- ВАЗ-2101
- SEAT 124
- Fiat 125
- Fiat 124 Spider (2016)
Зноскі
- 1 2 Car of the Year — 1967 // caroftheyear.org (англ.)
- ↑ http://auto-school.by/test-drive_Fiat-124.html
- ↑ The Raid of the Two Capes (англ.). fcaheritage.com (29 снежня 2020). Праверана 2 лютага 2021.
- ↑ Fiat 124 (1973).
- ↑ A 50 anni dalla Fiat 124 Special T (італ.). formulapassion.it (20 лістапада 2020). Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ Fiat 124 (1968).
- ↑ Fiat 124 Special T (1970).
- ↑ FIAT 124: Триумф простоты // Quattroruote : часопіс. — 2006. — № 10. (руск.)
- ↑ Jan Tuček. Léta rozmachu 1961—1975. Bulharsko // Auta východního bloku. — Grada Publishing a.s., 2014. — С. 167—168. — 291 с. — ISBN 9788024725857. (чэшск.)
- ↑ Pirin-Fiat : l’éphémère marque Bulgare (фр.). carjager.com (21 лютага 2017). Праверана 4 сакавіка 2021.(недаступная спасылка)
- ↑ Motores Seat: del mítico 1430... a los coches de hoy (ісп.). autobild.es (12 чэрвеня 2019). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ 50 años del SEAT 1430. La evolución de motores, a prueba entre el SEAT Fura Crono y los Arona, Ateca, Tarraco, Ibiza o León (ісп.). motorpasion.com (16 чэрвеня 2019). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ La più bella versione estera (італ.). fiat124.xoom.it. Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Seat 124 (1968 - 1980), un icono de la historia del automóvil español (ісп.)(недаступная спасылка). autofacil.es (4 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2021. Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ 아시아자동차의 첫 작품 피아트124 (кар.). global-autonews.com (19 ліпеня 2005). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ The old, reliable Fiat 124 - except made in Korea (англ.). koreajoongangdaily.joins.com (21 верасня 2009). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ [특별했던차피아트 124 편] (кар.). motoya.co.kr (29 студзеня 2018). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ "Жигули": перспективный автомобиль или обман советского руководства? (руск.). abw.by (4 студзеня 2015). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Вкус Жигулёвского. ВАЗ-2101 и Fiat 124: ищем разницу. И находим // За рулём : часопіс. — 2018. — № 9. — С. 120–121. (руск.)
- ↑ Почти полвека // Авторевю : часопіс. — 2012. — № 18. — С. 14. (руск.)
- ↑ Bugün 100 bini devirmiş… (тур.). e-motoring.com (12 кастрычніка 2011). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ 48 yıldır yollardaki 'Murat 124'ün ismi nereden geliyor? (тур.). gzt.com (12 лютага 2019). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ España suministrará a la India carrocerías del Seat 124 por valor de 1.650 millones (ісп.). elpais.com (25 чэрвеня 1981). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Premier 118NE | The one that couldn’t live up to the name (англ.). gomechanic.in (9 мая 2020). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ The Last Flight Of The Featherweights: The Touring-bodied Fiat 124 C4 (англ.). hemmings.com (11 сакавіка 2018). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Fiat – 124 Smart (англ.). carrozzieri-italiani.com. Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Fiat – 124 Coupé Savio (англ.). carrozzieri-italiani.com. Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ A Most Rare Wallflower (англ.). auto-didakt.com (11 верасня 2018). Праверана 4 сакавіка 2021.
- ↑ Fiat – 124 Coupé Eveline (англ.). carrozzieri-italiani.com. Праверана 4 сакавіка 2021.
Літаратура
- Начало // Высокой мысли пламень / Сост. В. А. Котляров. — Тольятти: ДИС ОАО "АВТОВАЗ", 2000. — Т. 1. (руск.)
- Вкус Жигулёвского. ВАЗ-2101 и Fiat 124: ищем разницу. И находим // За рулём : часопіс. — 2018. — № 9. — С. 120–121. (руск.)
- Сделка века // Авторевю : часопіс. — 2020. — № 8. — С. 28–31. (руск.)
Спасылкі
- Фіат — Вялікае гняздо(недаступная спасылка) (руск.)
- Mindenki Zsigulinak nézi, pedig vérbeli olasz - Fiat 124 (1968) (венг.). origo.hu (16 ліпеня 2017). Праверана 18 сакавіка 2023.
- Ezeröcsinek nézik, pedig olasz műremek volt - Fiat 124 Special-bemutató (венг.). origo.hu (23 кастрычніка 2017). Праверана 18 сакавіка 2023.
- Tényleg nem Zsigulit rejt a torinói kosztüm - Fiat 124 Berlina (1973) veteránteszt (венг.). origo.hu (26 снежня 2022). Праверана 18 сакавіка 2023.