1-ы Мінскі беларускі полк | |
---|---|
Гады існавання | 20—25 лютага 1918 года |
Падпарадкаванне | Вялікая беларуская рада |
Тып | пяхота |
Функцыя | Абарона беларускай улады ў Менску |
Колькасць | да 2 тысяч |
Дыслакацыя | Менск |
Войны |
Першая сусветная вайна Грамадзянская вайна ў Расіі |
Удзел у | Мінскія падзеі |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | І. Рачкевіч |
1-ы Мінскі беларускі полк — аўтаномнае беларускае ўзброенае фарміраванне, створанае 20 лютага 1918 года Вялікай беларускай радай (ВБР) у Менску.
Апроч палка ВБР тым жа часам сфарміравала два беларускія кавалерыйскія эскадроны камендатуры пад камандаваннем Нямкевіча і Мядзведзява, а таксама беларускую міліцыю пад камандаваннем Фларыяна Ждановіча.
Полк удзельнічаў у падзеях 19—21 лютага 1918 года ў Менску, пасля акупацыі горада немцамі быў абязброены і расфарміраваны.
Перадумовы
У лютым 1918 года немцы перайшлі ў наступленне па ўсім Заходнім фронце. 19 лютага расійскія ўлады і рэвалюцыйныя батальёны пачалі эвакуацыю з Менска ў Смаленск. У месце на стратэгічных аб’ектах засталіся дробныя аддзелы бальшавіцкай варты. Тады ж 19 лютага беларусы захапілі збройню, дзе захоўвалася зброя. Другі ўдар узброеныя беларусы вырашылі нанесці па органах улады РСФСР у Менску. 20 лютага, каб пазбегнуць збройных сутычак паміж беларускімі і польскімі аддзеламі, Кастусь Езавітаў выдаў загад, які акрэсліў зону беларускіх цікавасцей у Менску.
Шлях палка
20 лютага начальнік гарнізона і камендатуры Менска Кастусь Езавітаў стварыў Першы Менскі беларускі полк. Камандоўцам палка быў назначаны І. Рачкевіч.
А 15-й 20 лютага польскія атрады занялі Віленскі чыгуначны вакзал (сучасны Менск-Пасажырскі), выбіўшы з чыгуначных мастоў бальшавіцкую варту. Пад кантроль палякаў пасля бою перайшла электрастанцыя. Вядомы беларуска-польскі даследнік Алег Латышонак лічыць, што тыя бальшавіцкія патрулі, якія знішчылі пілсудчыкі, насамрэч былі беларускімі. Бальшавікі ўжо пакінулі Менск, тыя хто застаўся ў месце, пахаваліся. Польскія баявікі запісвалі ў бальшавікоў усіх, хто быў супраць іх.
21 лютага а 4-й гадзіне раніцы пілсудчыкі адбілі ў беларусаў Варшаўскі чыгуначны вакзал (сучасная станцыя Інстытут культуры). Аб 11-й гадзіне раніцы ў Менск увайшлі нямецкія аддзелы конніцы. А 15-й гадзіне ў Менск прыбыў першы нямецкі цягнік.
22 лютага Кастусь Езавітаў выдаў загад аб уключэнні ўсіх беларускіх частак у склад беларускага войска.
25 лютага ў Менск увайшлі асноўныя сілы 10-га нямецкага войска. Польскім атрадам, якія немцы лічылі за сваіх хаўруснікаў, з-за наяўнасці кантраляванага Польскага каралеўства, загадана пакінуць места. Прычына гэтага загаду ў тым, што польскія баявікі пачалі рабаваць дзяржаўныя склады з вайсковым рыштункам і харчамі, якія немцы лічылі сваімі трафеямі. У той жа дзень новыя акупанты раззброілі беларускае войска. Выканкам Рады выгналі з Дома губернатара, канфіскавалі касу, скінулі з будынка беларускі сцяг.
Строй
З 1917 года беларускія вайскоўцы пазначалі сабе бела-чырвона-белымі стужкамі, якія насілі на кашулях і шынэлях старога расійскага войска[1].
Жаўнеры палка патрапілі на фотаздымкі мінскіх газет у 1918 годзе.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Жаўнеры БНР / Алег Латышонак. — 3-е выд., перапрацаванае. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с.
- Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч № 1(7) — 1924.
Спасылкі
- Першы Менскі беларусі пяхотны полк – 24.11.1917 // Рада БНР. — 24.11.2019.
- Сяржук Кабрусёў. Польска-беларуская вайна за Менск.. — 03.01.2017.