Язэп Канстанцінавіч Шнаркевіч
Нараджэнне 22 чэрвеня (4 ліпеня) 1888
Смерць 30 лістапада 1974(1974-11-30) (86 гадоў)
Месца пахавання
Жонка Надзея Маркаўна Шнаркевіч
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць педагог, грамадскі дзеяч, палітык
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Язэп Канстанцінавіч Шнарке́віч (10 (22) чэрвеня 1888, в. Саская Ліпка Нясвіжскага павета, цяпер Нясвіжскі раён — 30 лістапада 1974) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1907), Магілёўскі настаўніцкі інстытут (1916).

У 1907—13 настаўнік пачатковай школы ў Вялікім Сяле Мінскага павета, Гомельскага чыгуначнага вучылішча, уваходзіў у Гомельскае педагагічнае таварыства.

3 1916 у арміі, у 9-м пяхотным запасным палку ў Рослаўлі, у 35-й асобнай тэлеграфнай роце ў Бабруйску. Удзельнік з’езда настаўнікаў Мінскай губерні (1917).

Са студзеня 1918 у Мінску, настаўнік беларускай пачатковай школы, з верасня выкладчык 1-га Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча (з верасня 1919 яго кіраўнік, рэфармаваў у навучальную беларускую ўстанову). У час нямецкай акупацыі сакратар Мінскага настаўніцкага саюза пачатковых і вышэйшых вучылішчаў, член партыі беларускіх эсэраў. У час савецка-польскай вайны (1919—20) член Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, адзін з кіраўнікоў Мінскай беларускай школьнай рады і Беларускага настаўніцкага саюза Мінскага павета. Пасля аднаўлення савецкай улады з ліпеня 1920 у складзе прэзідыума Наркамасветы БССР, са жніўня — кіраўнік яго беларускага аддзела.

У лістападзе 1920 года паводле сакрэтнай дамовы паміж КП(б)Б і БПС-Р накіраваны ў Заходнюю Беларусь для арганізацыі антыпольскага падпольнага руху. Працаваў выкладчыкам у Нясвіжскай прыватнай жаночай гімназіі, дзе ўвёў курс беларусазнаўства, а ў 1921/1922 навучальным годзе рэфармаваў яе ў Нясвіжскую беларускую гімназію. У лістапада 1923 дамогся пераводу гімназіі ў Клецк (гл. Клецкая беларуская гімназія), сам пераехаў у Вільню. Удзельнік палітычнай нарады беларускіх леварадыкальных партый і груповак у Данцыгу (Гданьску) у 1923. 3 1924 сакратар Таварыства беларускай школы, пазней у складзе яго галоўнай управы. У 1925—26 і ў 1928—33 выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У студзені 1927 арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ, амаль год правёў у турме. 3 1933 настаўнік віленскіх пачатковых школ, член таварыства «Пчала», супрацоўнічаў з віленскім часопісам «Беларуская борць». У 1933 па палітычных матывах звольнены з працы. У верасні 1939 зноў арыштаваны польскімі ўладамі, інтэрніраваны ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, вызвалены з прыходам савецкіх войск.

У кастрычніку 1939 настаўнік беларускай савецкай школы ў Вільні. У 1942 выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі.

У пасляваенны час жыў у Вільні.

Архіў Язэпа Шнаркевіча, які змяшчае яго творчую спадчыну, асабістыя і побытавыя дакументы, захоўваецца ў фондах Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча[1].

Сям’я

Жонка Надзея Шнаркевіч, беларуская грамадская і культурная дзяячка, педагог, краязнаўца.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Вопіс архіва Язэпа Шнаркевіча ў фондах Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.