Прынц Эжэн Роз (Яўген) дэ Багарнэ (фр.: Eugène Rose de Beauharnais; 3 верасня 1781 — 21 лютага 1824) — віцэ-кароль Італіі, дывізіённы генерал. Пасерб Напалеона.
Кар’ера
Адзіны сын першай жонкі Напалеона Жазэфіны Багарнэ. Яго бацька, віконт Аляксандр дэ Багарнэ, быў генералам рэвалюцыйнай арміі. У гады Тэрору яго незаслужана абвінавацілі ў здрадзе і пакаралі смерцю.
Пасля шлюбу маці з Напалеонам 1 лютага 1805 года Яўген атрымаў тытул прынца Французскай імперыі, 2 лютага 1805 года — Ордэн Ганаровага легіёна, а 7 чэрвеня 1805 года — тытул віцэ-караля Італіі. У 1812 годзе камандаваў 4-м (італьянскім) пяхотным корпусам Вялікай Арміі.
Яўген стаў фактычным кіраўніком Італіі (тытул караля насіў сам Напалеон), калі яму было ўсяго 24 гады. Але ён здолеў кіраваць краінай досыць цвёрда: увёў у дзеянне Грамадзянскі кодэкс, рэарганізаваў армію, пабудаваў каналы, умацаванні і школы і здолеў заслужыць любоў і павагу свайго народа.
У 1805 годзе Яўген атрымаў вялікі крыж ордэна Жалезнай кароны і вялікі крыж ордэна Святога Губерта Баварскага. 23 снежня 1805 года ён быў прызначаны галоўнакамандуючым корпусам, які блакаваў Венецыю, 3 студзеня 1806 года — галоўнакамандуючым Італьянскай арміяй, а 12 студзеня 1806 года — генерал-губернатарам Венецыі.
Цырымонія каранацыі Італьянскага віцэ-караля, падрыхтаваная графам Луі-Філіпам Сегюром, праходзіла ў Міланскім саборы 26 мая 1805 года. Для каранацыйных адзенняў былі абраны зялёны і белы колеры. На партрэтах мастакі А. Апіяні і Ф. Жэрар захавалі гэтыя раскошныя адзенні. Спалучэнне элегантнага крою і віртуознага выканання дазваляе выказаць здагадку, што касцюм быў выкананы ў майстэрні прыдворнага вышывальшчыка Піко, які выконваў замовы па вырабу каранацыйных касцюмаў Напалеона I, выкарыстоўваючы мадэлі, прапанаваныя мастаком Жан-Батыстам Ізабэ і зацверджаныя самім Імператарам. На плашчы вышыты зоркі ордэнаў Ганаровага легіёна і Жалезнай кароны. (Малы каранацыйны касцюм экспануецца ў Дзяржаўным Эрмітажы. У Расію патрапіў як сямейная рэліквія разам з калекцыяй зброі, якую прывёз малодшы сын Яўгенія Багарнэ — Максіміліян, герцаг Лейхтэнбергскі, муж дачкі імператара Мікалая I Марыі Мікалаеўны).
Пасля першага адрачэння Напалеона Яўген Багарнэ сур’ёзна разглядаўся Аляксандрам I у якасці кандыдата на французскі прастол. За адмову ад сваіх італьянскіх уладанняў атрымаў 5000000 франкаў, якія перадаў свайму цесцю — каралю Баварыі Максіміліяну-Іосіфу, за што яго «памілавалі» і падаравалі тытулы ландграфа Лейхтэнбергскага і князя Айхштэцскага (па іншых даных — купіў іх у 1817 годзе).
Даўшы слова не падтрымліваць больш Напалеона, не прымаў удзелу (у адрозненне ад сястры Гартэнзіі) у яго рэстаўрацыі падчас «Ста дзён», а ў чэрвені 1815 года ганараваны Людовікам XVIII тытулам пэра Францыі.
Да самай смерці жыў у сваіх баварскіх землях і актыўнага ўдзелу ў еўрапейскіх справах не прымаў.
Масонства і Багарнэ
20 чэрвеня 1805 года была заснавана першая Вялікая ложа Італіі — Вялікі ўсход Італіі[8], першым Вялікім майстрам (камандорам) якой стаў Яўген Багарнэ. Ён заставаўся на пасадзе Вялікага майстра да 1814 года[9][10].
Статус і тытулы
- 1804—1805 гады: Яго Імператарская высокасць, прынц Францыі.
- 1805—1807 гады: Яго Імператарская высокасць, прынц Францыі і віцэ-кароль Італіі.
- 1807—1810 гады: Яго Імператарская высокасць, прынц Францыі, віцэ-кароль Італіі і прынц Венецыі.
- 1810—1814 гады: Яго Імператарская высокасць, прынц Францыі, віцэ-кароль Італіі, прынц Венецыі і вялікі герцаг Франкфурцкі.
- 1817—1824 гады: Яго Каралеўская высокасць, герцаг Лейхтэнбергскі і прынц Эйхштэцскі.
Сям’я і дзеці
14 студзеня 1806 года ў Мюнхене (Баварыя) Яўген ажаніўся з Аўгустай (1788—1851), прынцэсай Баварскай, дачкой Максіміліяна I, караля Баварыі і Аўгусты, ландграфіні Гесэн-Дармштацкай. Ад яе меў 7 дзяцей:
- Жазефіна Максіміліяна Яўгена Напалеонэ (1807—1876), з 1823 замужам за Оскарам I Бернадотам, каралём Швецыі і Нарвегіі
- Яўгенія Гартэнзія Аўгуста (1808—1847)
- Аўгуст Шарль Эжэн Напалеон (1810—1835), герцаг Лейхтэнбергскі, герцаг дэ Санта-Круз; жонка з 1834 — Марыя II, каралева Партугаліі
- Амелія Аўгуста Яўгенія Напалеонэ (1812—1873), муж з 1829 — Педру I, імператар Бразіліі
- Тэадэлінда Луіза Яўгенія Аўгуста Напалеонэ (1814—1857)
- Караліна Клацільда (1816)
- Максіміліян Лейхтэнбергскі (1817—1852), герцаг Лейхтэнбергскі, князь Раманаўскі; жонка з 1839 — вялікая князёўна Марыя Мікалаеўна, дачка імператара Мікалая I Паўлавіча.
Зноскі
- 1 2 Eugen Beauharnais Leuchtenberg // http://sdei.senckenberg.de/biographies/information.php?id=25472 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Hubert G. Prince Eugène de Beauharnais // Beauharnais, Prince Eugène de // Grove Art Online / J. Turner — [Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2017. — ISBN 978-1-884446-05-4 — doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T007143
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
- ↑ Lundy D. R. Eugène de Beauharnais, 1st Duc de Leuchtenberg // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- 1 2 3 4 Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Aldo Mola, Storia della Massoneria Italiana, Tascabili Bompiani, 2001. ISBN 88-452-4814-3
- ↑ Storia della Massoneria Italiana — GRANDE ORIENTE D’ITALIA DELLA MASSONERIA DI RITO SCOZZESE ANTICO E ACCETTATO — Provenienza Storica Piazza del Gesù- Universamente Riconosciu … Архівавана 9 кастрычніка 2011.
- ↑ 1805-1860 La nascita del Grande Oriente d’Italia e il ruolo della Massoneria nel Risorgimento
Спасылкі
- Яўген Багарнэ на www.museum.ru
- Багарнэ Эжэн Роз дэ на hrono.ru
- Genealogy of the Ducal Family of Leuchtenberg
- Heraldica.org — Napoleonic titles outside France