Вёска
Вёска Яшчыцы
± |
Я́шчыцы[1] (трансліт.: Jaščycy, руск.: Ящицы) — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Дабрагашчанскага сельсавета. Размешчана за 34 км на паўднёвы захад ад Жлобіна, 3 км ад аднайменнай чыг. ст. (на лініі Жлобін— Калінкавічы), 75 км ад Гомеля, побач аўтадарога Дабрагошча—Жлобін, на ўсход і Пн меліярацыйныя каналы. 49 гаспадарак, 73 жыхары (2004 г.).
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядома з 16 ст. як сяло ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі. Паводле рэвізіі 1858 г. 15 двароў, 126 жыхароў, уладанне князя Л. М. Галіцына. 3 1880 г. дзейнічаў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. 46 двароў, 358 жыхароў. У 1909 г. 53 двары, 401 жыхар, 1208 дзесяцін зямлі, у Стрэшынскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні 3 1907 г. дзейнічала народнае вучылішча (45 вучняў), для якога ў 1911 г. ўзведзены ўласны будынак. У 1925 г. 101 двор. У 1929 г. арганізаваны калгас «Астравок», працавалі вятрак і кузня. У 1940 г. 85 двароў, 370 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну ў жніўні 1941 г. нямецка-фашысцкія акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 33 жыхары. 3 1942 г. дзейнічала патрыятычная падпольная група (кіраўнік Т. Ф. Бацькаў). 36 вяскоўцаў загінулі на фронце.
Паводле перапісу 1959 г. 348 жыхароў. У складзе саўгаса «Мормаль» (цэнтр — в. Дабрагошча). Планіровачна складаецца з крыху выгнутай амаль мерыдыянальнай вуліцы, перакрыжаванай кароткай крывалінейнай вуліцай.
Забудова драўляная, няшчыльная, сядзібнага тыпу. Радзіма аднаго з кіраўнікоў падпольнага і партызанскага руху на тэрыторыі Жлобінскага і Стрэшынскага раёнаў Гомельскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, камандзіра партызанскага атрада «Смерць фашызму» І. А. Крышнёва (яго імя носіць адна з вуліц Жлобіна).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх