Язэп Нікадзімавіч Булак-Балаховіч | |
---|---|
польск.: Józef Bułak-Bałachowicz | |
Дата нараджэння | 4 верасня 1894 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 чэрвеня 1923 (28 гадоў) |
Месца смерці | дарога з Белавежы да Гайнаўкі ў Белавежскай Пушчы |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць |
Расійская імперыя (1914—1917) Расійская рэспубліка (1917) РСФСР (1918) Белы рух (1918—1919) БНР (1919—1920) Польшча (1920—1923) |
Гады службы | 1914—1923 |
Званне | Генерал брыгады |
Бітвы/войны |
Першая сусветная вайна Вайна за незалежнасць Эстоніі Польска-савецкая вайна Варшаўская бітва, 1920 |
Сувязі | брат Станіслава Булак-Балаховіча |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Язэп Булак-Балаховіч (польск.: Józef Bułak-Bałachowicz; 4 верасня 1894; в. Мейшты, цяпер Ігналінскі раён Літва — 11 чэрвеня 1923; дарога з Белавежы да Гайнаўкі ў Белавежскай Пушчы) — беларускі вайсковы дзеяч, афіцэр пехоты Рускай імператарскай арміі, палкоўнік Белай арміі, удзельнік Асобнага атрада БНР, намеснік камандзіра добраахвотніцкіх аддзелаў у складзе Войска Польскага другой Польскай Рэспублікі ў 1920 г. Брат Станіслава Булак-Балаховіча.
Раннія гады і сям’я
Нарадзіўся 4 верасня 1894 года ў Мейштах Новааляксандраўскага павета, Ковенскай губерні Расійскай імперыі ў сялянскай каталіцкай сям’і[1]. Бацька — Нікадзім Міхал Балаховіч, беларус, быў кухарам Мейштовічаў з Мейштаў. Маці — Юзэфа з дому Шафранаў, полька, была пакаёўкай Малгажаты Мейштовічавай (з дому Корвін-Мілеўскай) і дачкой кухара Корвін-Мілеўскіх[2]. Пасля жаніцьбы, разам з братам Людвікам, пры дапамозе ўзятай у Мейштовічаў пазыкі, Нікадзім купіў маёнтак Юдуцыны пад Шаркоўшчынай, а ў 1887 годзе прадаў гэты маёнтак графу Лапацінскаму, падзяліўшы з братам інвентар. Пасля продажу маёнтка бацька ўзяў у доўгатэрміновую арэнду ад Мейштовічаў маёнтак Стакапіёва Новааляксандраўскага павета[3].
Нікадзім і Юзэфа Балаховічы мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсць дачок. Найстарэйшай была дачка Марыя, наступны — Станіслаў[4]. Пасля гэтага ў 1894 г. нарадзіўся сам Язэп, а потым, у 1899 годзе, яго малодшы брат Мечыслаў. Малодшых сясцёр звалі: Паўліна, Людміла, Вераніка, Ганна і Стэфанія. Бацька Бахаловіча быў свядомым беларусам, але маці варожа ставілася да беларускага пытання. Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску. Язэп быў унукам Сыльвестара Балаховіча і Міхаліны Ясінскай.
Дзейнасць
У красавіку 1916 г. Язэп быў прызваны ў рады расійскай арміі і мабілізаваны да 7-га Рэвельскага палка пяхоты. У маі трапіў да аддзелу падпалкоўніка Леаніда Пуніна, дзе ўжо год служыў яго брат Станіслаў. У 1917 г. атрымаў падвышку ў ранзе — з паручніка да падротмістра. У кастрычніку выйшаў з расійскай арміі і перайшоў да польскіх аддзелаў — быў адпраўлены генералам Янам Яцынай да Пскова рэкрутаваць палякаў да Першага Польскага Корпусу з загада генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. У лістападзе быў пераведзены да Петраграду, па-ранейшаму ў межах 1-га Польскага Корпусу. У снежні яго аддзел быў разброены бальшавікамі.
Ад мая 1918 г. Язэп належаў да I Лужскага партызанскага кавалерыйскага палка IV Петраградскай дывізіі Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам брата Станіслава (пазней быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі кавалерыйскі полк). Пазней, з узмацненнем белага руху і адначасовым ростам рэпрэсій з боку органаў ЧК, перайшоў да «белых» разам з братам Станіславам і ваяваў у розных фармацыях (Эстонская вайна за незалежнасць) — у тым ліку і ў арміі генерала Юдзеніча, дзе ён атрымаў рангу падпалкоўніка, і затым палкоўніка. У лістападзе 1919 г. атрад Станіслава Булак-Балаховіча, у якім знаходзіўся і Язэп, перайшоў на бок БНР у якасці Асобнага атрада БНР. У лістападзе—снежні 1919 атрад займаў частку антыбальшавіцкага фронту каля Ізборска, паміж эстонскай і латышскай арміямі[5].
У канцы студзеня 1920 г. Польша пачала сакрэтныя перамовы са Станіславам Булак-Балаховічам аб пераходзе яго атрада на польскі бок, Язэп быў пасярэднікам у перамовах. Перамовы скончыліся паспяхова і шматнацыянальны атрад перайшоў на польскі бок, бо у сакавіку Эстонія, дзе дыслакаваўся атрад, заключыла мірны дагавор з бальшавікамі і збіралася інтэрнаваць беларускіх салдатаў, а на дадатак беларускае фінансаванне скончылася да такой меры, што атрад галадаў[6]. Пасля рэарганізацыі ў Брэсце быў падпарадкаваны камандзіру 3-й Арміі генералу Эдварду Рыдз-Сміглы. Летам 1920 г. падчас адсутнасці старшага брата Станіслава, які ездзіў у Варшаву для палітычных перамоў, Язэп кіраваў аддзелам і правёў выдатныя напады на тылы бальшавіцкіх войск на Палессі — пад Оўручам і Валеднікамі. Падчас бітваў да аддзелу набіралі ўзятых у палон чырвонаармейцаў і дэзертыраў, дзякуючы чаму, нягледзячы на страты, ён павялічыўся да каля 1800 салдатаў пяхоты і 800 кавалерыстаў. Загадам Вярхоўнага Камандвання Войска Польскага ад 28 верасня 1920 г. вайска генерала Булак-Балаховіча былі ідэнтыфікаваныя як Добраахвотніцкая Хаўрусная Армія (польск.: Ochotnicza Sprzymierzona Armia), што дало статус асобнай хаўруснай арміі, якая дасягнула лічбы каля 20 тысяч салдат.
12 кастрычніка 1920 г. ў Рызе была падпісаная папярэдняя польска-савецкая мірная дамова, якая абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі або раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаванні да 2 лістапада. Польскае камандаванне прапанавала Станіславу Булак-Балаховічу далей весці барацьбу самастойна або пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках. Станіслаў вырашыў перайсці польска-савецкую мяжу і 12 кастрычніка падпісаў пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятай ім тэрыторыі. Атрад 10 лістапада вызваліў Мазыр, а 12 лістапада ў горад прыехаў сам Станіслаў Балаховіч, з нагоды чаго былі вывешаныя беларускія бела-чырвона-белыя сцягі. Беларускі Палітычны Камітэт ператварыўся ва ўрад БНР, які прысвоіў Станіславу тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы, але праз некалькі дзён войскі бальшавікоў пайшлі ў контрнаступленне і «балахоўцы» мусілі адступіць у Польшу — сам Язэп перайшоў граніцу 26 лістапада.
Апошнія гады
Пасля польска-бальшавіцкай вайны польскі ўрад надаў Балаховічам польскае грамадзянства за іх удзел у барацьбе супраць Чырвонай Арміі, што дало мажлівасць жыць і працаваць у Польшчы. Язэп Булак-Балаховіч атрымаў ранг генерала брыгады. У маі 1921 г. Язэп разам з братам і амаль 200-асабовай групай падначаленных прыбыў у Белавежу. Там ён жыў у прыватным доме Філімона Вашкевіча на Трапінцы. Спачатку займаўся праблемамі размяшчэння і працаўладкавання былых «балахоўцаў», а пазней — транспартаваннем дзяржаўнай драўніны з лесу да станцыі ў Белавежы. Супрацоўнічаў з мясцовым Раённым Упраўленнем Дзяржаўных Лясоў. Язэп і Станіслаў мелі акцыі лесапільні ў Гайнаўцы.
У гэты час бальшавіцкія агенты рабілі шматлікія беспаспяховыя замахі на Станіслава Булак-Балаховіча. 11 чэрвеня Станіслаў мусіў ехаць да Гайнаўкі, але яму разбэсціўся конь, таму замест яго паехаў Язэп, бо справа была пільная. Язэп выехаў з Белавежы позна ўвечары, каб раніцай быць на месцы. Прыкладна а першай гадзіне ночы Язэпа і яго людзей перапынілі незнаёмыя, запыталі «Хто тут Балаховіч?», а пасля адказу Язэпа «Я» — застрэлілі генерала ў твар.
Труну з забітым генералам выставілі ў каталіцкай капліцы ў сталовай царскага палаца. Пахаванне было ўрачыстае, з аркестрам, у ім прыняло ўдзел шмат людзей. У апошні шлях генерала Язэпа Булак-Балаховіча суправаджаў ксёндз з Нарэўкі, бо ў Белавежы ў той час не было асобнай рыма-каталіцкай парафіі. Язэп Булак-Балаховіч быў пахаваны ў паўночна-заходняй частцы могілак Белавежы, яго магіла захаваная і дагэтуль. Паводле ініцыятывы беларускага гісторыка з Беластока Алега Латышонка на месцы забойства быў усталяваны крыж і помнік, месца наведваюць студэнты праграмы Каліноўскага і нашчадкі Булак-Балаховічаў. Язэп пазаставіў жонку Зінаіду (памерла у 1980 г.) і сына Здзіслава Булак-Балаховіча (1918—1944). На сёння адзіныя спадкаемцы прозвішча Булак-Балаховіч — гэта Мацей (ўнук), Рафал і Эрнэст Булак-Балаховічы.
Пачынаючы з 2010 году з ініцыятывы Беларускай Нацыянальнай Памяці адбываецца роварны рэйд у памяць пра Язэпа Булак-Балаховіча[7].
Зноскі
- ↑ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
- ↑ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 243.
- ↑ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 235.
- ↑ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 241.
- ↑ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 132
- ↑ Станіслаў Ліс-Блонскі. — Балахоўцы. Сведчанні, дакументы, даследаванні — Смаленск, Інбелкульт, 2014. — 2-е выд. — 470 с ISBN 978-5-9904531-9-7
- ↑ У памяць пра генэрала. Беларуская Нацыянальная Памяць
Літаратура
- Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
- Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт. — 470 с. — ISBN 978-5-9904531-9-7.
Спасылкі
- Інфармацыя і фота пра Асобны атрад войск БНР у Эстоніі
- Ю. Віцьбіч. Асобны Дабравольны Народны Аддзел БНР . Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. Жыве Беларусь. Бібліятэка гістарычных артыкулаў (9 лютага 2008). Праверана 20 красавіка 2009.