Яванцы
(Wong Jawa)
Агульная колькасць 95 217 022 ў Інданезіі (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова яванская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы мадурцы, тэнгеры, бетаві, балійцы, осінг

Яванцы (яв.: Wong Jawa) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі вострава Ява ў Інданезіі. Жывуць таксама на іншых астравах Інданезіі, у Нідэрландах, Усходнім Тыморы, Сінгапуры, Саўдаўскай Аравіі, Новай Каледоніі і ў іншых краінах. Агульная колькасць у Інданезіі (2010 г.) — 95 217 022 чал.[1]

Гісторыя

Яванцы — нашчадкі старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў Ява прыкладна ў 2500 — 2000 гг. да н. э.[2] У 1 тысячагоддзі н. э. у выніку пашырэння сувязяў з Паўднёвай Індыяй на востраве пачаў распаўсюджвацца індуізм, узніклі першыя вядомыя дзяржаўныя ўтварэнні. У 732 г. была заснавана буйная дзяржава Матарам, якая дамінавала ў Цэнтральнай і пазней Усходняй Яве да пачатку XI ст. Акрамя індуізму, яе жыхары спавядалі будызм. Матарамцамі былі пабудаваны Барабудур і Прамбанан. З перыядам існавання Матарам звязана фарміраванне старажытнаяванскай мовы і перакладной літаратуры[3][4]. З межамі гэтай дзяржавы прыкладна супадае распаўсюджанне культуры яванцаў.

Пасля заняпаду Матарам большая частка вострава Ява апынулася пад уплывам выхадцаў з Суматры і Малайскага паўвострава. На захадзе Явы існавала дзяржава сундаў. Толькі на ўсходзе працягвалі развівацца дзяржавы, уладары якіх сцвярджалі сваё паходжанне ад Матарам. У канцы XIII ст. на аснове аднаго з іх, Сінгасары, узнікла індуісцкая імперыя Маджапахіт. Яе панаванне распаўсюджвалася на значныя тэрыторыі сучаснай Інданезіі. У XV ст. на Яве ўзмацнілася мусульманская абшчына. Войны паміж мусульманамі і індуістамі прывялі да заняпаду Маджапахіт і далейшага распаўсюджвання ісламу. Індуізм захавала толькі невялікая група тэнгераў. Ява была расколата на некалькі дзяржаў.

У 1511 г. ля ўзбярэжжа Явы з’явіліся партугальскія караблі. Умяшанне еўрапейцаў прывяло да саслаблення мясцовых манархій. У 1619 г. галандцы заснавалі на Яве калонію Батавія і да канца XIX ст. захапілі ўвесь востраў.

У 1945 г. была абвешчана незалежная Інданезія. Яванцы актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за самастойнасць краіны і ў яе развіцці. У нашы дні яванцы — найбуйнейшы народ Інданезіі.

Культура

Яванскі танец

Галоўным заняткам яванцаў з’яўляецца земляробства. Асаблівае значэнне мае вырошчванне рысу на паліўных палетках. Дзякуючы складанай сістэме ірыгацыі рыс сеюць не толькі ў нізінах, але і на тэрасіраваных схілах гор[5]. Земляробы шырока выкарыстоўваюць такія прылады працы, як драўляны плуг з металічным ралам, прамыя і серпападобныя нажы, матыкі і інш. Частку ўраджаю абмалочваюць адразу пасля збору ўручную і сушаць збожжа на цыноўках. Астатні ўраджай апрацоўваюць на спецыяльных рысавых млынах. Акрамя таго, вырошчваюць кукурузу (асабліва на засушлівым усходзе Явы), розныя клубневыя расліны, спецыі, арахіс, сою, какосы, тытунь, цукровы трыснёг і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Яванцы трымаюць кароў, буйвалаў, авечак, коз, курэй, качак.

На марскім узбярэжжы развіта рыбалоўства. Рыбу трымаюць у штучных сажалках і на затопленых рысавых палетках. У мінулым сяляне ахвотна палявалі ў горных лясах, збіралі мёд і ядомыя травы, аднак скарачэнне лясоў прывяло да заняпаду гэтых форм здабычы. У горных раёнах здабываюць серу, фасфарыты, на ўзбярэжжы — соль.

Традыцыйныя рамёствы — прадзенне і ткацтва, пляценне, апрацоўка металаў, ювелірная справа, ганчарства, разьбярства па дрэве. Яванцы вядомы як выдатныя вытворцы батыку, полымепадобных крысаў, афарбаваных цыновак, меднага і срэбнага посуду, разьбяных дзяржальняў і скрыняў, масак[6][7]. Ужо ў сярэднявеччы вылучыліся прафесійныя рамеснікі. Вытворчасць батыку ладзіцца пераважна ў дробных майстэрнях, дзе здаўна існуе падзел працы. З пачатку XX ст. на Яве існуе буйная прамысловасць. Сярод яванцаў шмат рабочых і служачых.

Яванскія вёскі звычайна маюць лінейную планіроўку, выцягнуты ўздоўж дарог і каналаў. Традыцыйная хаціна Omah Joglo уяўляе сабою каркасна-слупавую канструкцыю. Яна будуецца на каменным або цагляным фундаменце, на які ставяцца апорныя 4 слупы. Каркас і дах робяць з дрэва і абцягваюць іх бамбукавымі цыноўкамі. Дахі бываюць з 2 і 4 нахіламі, крыюцца пальмавым лісцем, дранкай або чарапіцай. У кантавой частцы хаціны ладзяць дзверы. Гэта не толькі ўваход, але і адзіная адтуліна, скрозь якую ў хаціну пранікае святло[8][9]. Такі тып жытла добра прыстасаваны для кліматычных асаблівасцяў спякотнай Явы, дазваляе падтрымліваць камфортны тэмпературны рэжым[10]. Для яванцаў характэрна жыць сядзібамі, прычым не толькі ў вёсках, але і ў шматлікіх гарадскіх прадмесцях, дзе дамы не сутыкаюцца адзін з адным.

Са старажытных часоў яванская культавая архітэктура знаходзілася пад уплывам знешніх традыцый, што адлюстравалася ў пабудове грандыёзных будысцкіх помнікаў Барабудур, Прамбанан, індуісцкіх і будысцкіх комплексаў канды, якія запазычвалі многія элементы індыйскага будаўнічага мастацтва. У XV — XVI стст. у будаўніцтве мячэцяў пераважаў арабскі ўплыў[11], аднак паступова сфарміраваўся так званы «малайска-яванскі» архітэктурны стыль, што ўключаў многія традыцыі Паўднёва-Усходняй Азіі.

Яванская страва — рыс з мясам і гароднінай

Аснову яванскай кулінарыі складае вараны на на пару або вараны, а потым падсмажаны рыс, які падаюць з лустамі гародніны і прыправамі. Існуюць разнастайныя стравы з кукурузы, крухмалу, рыбы, садавіны і гародніны. Мяса ў звычайны рацыён уваходзіць рэдка. Малочныя прадукты атрымалі распаўсюджанне толькі пад уплывам еўрапейскай культуры. У ежу абавязкова кладзецца шмат перцу. Папулярныя напоі — кава і чай. Іх ужываюць з салодкімі выпечанымі стравамі. З мясцовых прадуктаў (какосаў, цукровага трыснягу, пальмавага соку і г. д.) робяць прахаладжальныя напоі, піва, віно.

Галоўная традыцыйная вопратка мужчын і жанчын — саронг. Доўгія саронгі апранаюць у святочныя дні, кароткія — падчас працы. Саронг таксама сумяшчаюць са штанамі, курткамі, суколкамі, батыкавымі хусткамі ікет і інш. Мусульмане носяць аксамітныя капялюшыкі.

Яванскае традыцыйнае грамадства фарміравалася шмат стагоддзяў пад уплывам мясцовых звычаяў, індуізму, ісламу, рэлігійнага і саслоўнага падзелу. Сярод яванцаў вылучаюцца тры буйныя групы — абанган, прыяі і сантры (або муслімін)[12]. Абанган складаюць большасць насельніцтва і лічацца простымі. Прыяі — высакародныя. Да сантры адносяць многіх гараджан, рамеснікаў, гандляроў, мусульманскіх святароў. Кожная з гэтых груп мае ўнутраны падзел. На самай ніжэйшай прыступцы грамадскай лесвіцы знаходзіцца частка абанган — вонг чылік (літаральна «малыя людзі»)[13]. Групы маюць няроўны статус, свае традыцыі паводзін, рэлігійных звычаяў. У нашы дні падзел на абанган, прыяі і сантры хутчэй нагадвае стары перажытак і не можа цалкам атаясняцца з падзелам на саслоўі або касты, але яго важнасць у паўсядзённым жыцці яванцаў усё яшчэ дастаткова заўважная.

Яванцы гуртуюцца ў абшчыны дэса, якія маюць малодшыя падпадзяленні дукухі. Дэса займаецца арганізацыяй супольнай працы і святаў, агульным кіраваннем, збірае падаткі. Ужо ў феадальны перыяд яна ператварылася ў адміністрацыйную адзінку дзяржавы. Такое становішча дэса захоўваецца і ў нашы дні. Нават у мінулым сацыяльнае і прававое становішча чальцоў яванскай абшчыны было розным. Вылучаўся пласт паўнапраўных абшчыннікаў, арандатараў і наёмных рабочых. Дэса мела сваю адміністрацыйную структуру. Абшчынныя пасады маглі аплачвацца грашыма, але часцей старасты, духоўныя асобы і іх дапаможцы атрымоўвалі дадатковыя часовыя надзелы.

Яванская сям’я. Фота кан. XIX — пач. XX ст.

Пераважаюць манагамныя шлюбы, хаця мусульманскія звычаі дазваляюць палігінію. Для хлопца лепшым лічыцца шлюбны саюз з дачкой брата маці або траюраднымі сёстрамі. Аднак у большасці выпадкаў выбар робіцца па дамоўленасці паміж самімі маладымі людзьмі. Муж і жонка лічацца роўнымі паміж сабой. У ідэале, яванская сям'я нуклеарная, але недахоп сродкаў на асабістае жытло і гаспадарку часцяком вымушае маладыя сем’і жыць разам з бацькамі. Пры разводзе жонка разам з дзецьмі вяртаецца ў сям’ю свайго бацькі.

Адметнасцю яванскага фальклору з’яўляецца мноства казачных і міфічных сюжэтаў[14]. Некаторыя з іх запазычаны з індыйскай эпічнай традыцыі. Яванцы вераць у шматлікіх духаў і звышнатуральных істот[15]. Шырока вядомы танцы яванцаў. Яны падзяляюцца на народныя і тыя, што былі распаўсюджаны пры палацах манархаў, аднак і тыя, і другія глыбока звязаны з гістарычнымі каранямі ранняга сярэднявечча[16]. Першапачаткова танцы арганізоўваліся ў рытуальных мэтах. Пры палацах меліся трупы прафесійных выканаўцаў, якія рыхтавалі тэатральныя і танцавальныя відовішчы, дэманстравалі сцэны з Махабхараты і Рамаяны. Народныя танцы з цягам часу запазычвалі многія элементы прафесійных. У вёсках і гарадах папулярны лялечны тэатр ваянг. Святочныя відовішчы заўсёды суправаджаюцца ігрой аркестраў, якія выконваюць рытмічную музыку на гамелане[17]. Яванскія музыканты — выдатныя імправізатары.

Мова

Яванская мова адносіцца да інданезійскай групы аўстранезійскай моўнай сям’і. Першыя запісы на старажытнаяванскай мове адносяцца да IX — X стст. У розныя часы выкарыстоўваліся разнастайныя алфавіты. У нашы дні пераважае лацінка. Сучасная яванская мова канкуруе з інданезійскай і паступова выціскаецца ёю з літаратуры, са сродкаў масавай інфармацыі і нават пабытовага жыцця.

Рэлігія

Асноўнай рэлігіяй яванцаў з’яўляецца іслам суніцкага кірунку. Сярод мусульман вылучаецца група абанган, якая практыкуе сінкрэтычныя культы. Папулярны ў мінулым індуізм захаваўся сярод тэнгераў.

Зноскі

  1. Kewarganegaraan, Suku Bangsa, Agama dan Bahasa Sehari-hari Penduduk Indonesia — Hasil Sensus Penduduk, 2010. Badan Pusat Statistik. 2011.
  2. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. — P. 343.
  3. The Mataram Kingdom & Royal Palaces In Yogyakarta and Surakarta Архівавана 21 верасня 2010.
  4. Old Javanese Literature
  5. Padi fields: Rice in Central Java, Indonesia
  6. Batik Crafts
  7. Indonesian Arts & Handicrafts — Living in Indonesia
  8. Joglo, A Remarkable Javanese Traditional Home Architecture Архівавана 26 лютага 2014.
  9. Java House Traditional Elements Архівавана 25 лістапада 2013.
  10. Traditional Javanese Residential Architecture Designs and Thermal Comfort. A Study Using a Computational Fluid Dynamics Program to Explore, Analyse, and Learn from the Traditional Designs for Thermal Comfort: Absract
  11. Ahmed E. I. Wahby. The Architecture of the Early Mosques and Shrines of Java: Influences of the Arab Merchants in the 15th and 16th Centuries? Dissertation in der Fakultät Geistes- und Kulturwissenschaften (GuK) der Otto-Friedrich-Universität Bamberg. — Bamberg, 2007.
  12. The Javanese Архівавана 7 кастрычніка 2012.
  13. The Javanese family
  14. Introduction to Indonesian Folklore
  15. Countries and Their Cultures: Javanese
  16. Javanese Traditional Dance Архівавана 14 ліпеня 2014.
  17. Fredric Lieberman, Relationships of Musical and Cultural Contrasts in Java and Bali
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.