Юрыдычная адказнасць у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых, фізічных і юрыдычных асоб, за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права.
Адрозніваюць адказнасць:
- крымінальную адказнасць — гэта абумоўлены здзяйсненнем злачынства абавязак асобы зведаць прадугледжаныя дадзеным Кодэксам неспрыяльныя, караючыя наступствы ўчыненага ёю злачынства. Рэалізуецца крымінальная адказнасць з дапамогай асуджэння ад імя Рэспублікі Беларусь па прыгаворы суда асобы, якая ўчыніла злачынства, і ўжывання на аснове асуджэння пакарання альбо іншых мер крымінальнай адказнасці". Частку другую і трэцюю артыкула 44 Крымінальнага кодэкса лічыць адпаведна часткамі трэцяй і чацвёртай;
- адміністрацыйную адказнасць — гэта абумоўлены здзяйсненнем правапарушэння суб'ектыўны абавязак правапарушальніка зведаць прадугледжаныя адміністрацыйным заканадаўствам неспрыяльныя, караючыя яго наступствы ўчыненага ім адміністрацыйнага правапарушэння. Адміністрацыйная адказнасць рэалізуецца з дапамогай ужывання адміністрацыйнага спагнання да фізічнай асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, а таксама да юрыдычнай асобы, прызнанай вінаватай і якая падлягае адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам;
- працоўную адказнасць — гэта галіновая юрыдычная адказнасць, якая ўжываецца ў дачыненні да работніка або працадаўцы (бакоў працоўных праваадносін), у тым выпадку, калі такімі суб'ектамі парушаецца працоўнае заканадаўства[1],
- дысцыплінарную адказнасць — гэта суб'ектыўны абавязак працаўніка зведаць прадугледжаныя працоўным заканадаўствам неспрыяльныя, караючыя яго наступствы ўчыненага ім дысцыплінарнага правапарушэння. Дысцыплінарная адказнасць узнікае ў сувязі з здзяйсненнем супрацьпраўнага вінаватага невыканання або неналежнага выканання працаўніком сваіх абавязкаў і рэалізуецца з дапамогай ужывання да яго мер дысцыплінарнага спагнання;
- цывільную адказнасць гэта адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-небудзь проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найбольш пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку..
Стадыі юрыдычнай адказнасці
У сваім развіцці суб'ектыўная юрыдычная адказнасць праходзіць некалькі этапаў (стадый):
- Узнікненне суб'ектыўнай юрыдычнай адказнасці, якое звязана з учыненнем правапарушэння.
- Прыцягненне да адказнасці: узнікненне працэсуальных праваадносін паміж правапарушальнікам і дзяржаўнымі органамі або іх службовымі асобамі; даследаванне кампетэнтнымі органамі і іх службовымі асобамі абставін справы.
- Рэалізацыя юрыдычнай адказнасці: прызнанне віны правапарушальніка і вынясенне (уступленне ў сілу) праваўжывальнага акта, які вызначае меру адказнасці за правапарушэнне: рэалізацыя абранай у дачыненні да правапарушальніка меры адказнасці, непасрэднае зведанне правапарушальнікам неспрыяльных наступстваў учыненага правапарушэння; перыяд пакарання.
Зноскі
- ↑ Гладкий Вячеслав К вопросу о теории трудоправовой ответственности (русс.) // Вячеслав Гладкий Стратегічні пріоритети ХХІ столітті : Сборник статей. — 2017. — 13-14 февраль (т. 1, № 2). — С. 86-91. — ISSN 978-617-604-082-8.
Літаратура
- Адказнасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Гладкий Вячеслав. К вопросу о теории трудоправовой ответственности (русс.) / Вячеслав Гладкий // Стратегічні пріоритети ХХІ столітті: Сборник статей. — 2017. — 13-14 февраль (т. 1, № 2). — С. 86-91. — ISSN 978-617-604-082-8.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.