Юрка Вежан
Псеўданім Жан, Я. В-жан
Дата нараджэння да 1920
Дата смерці пасля 1965
Бацька Фелікс
Званне капітан
Часць «Чорны кот»

Юрка Вежан (Юрый, псеўданімы «Жан», «Я. В-жан») (да 1920 — пасля 1965) — беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч. Сябра Беларускай незалежніцкай партыі і арганізацыі «Чорны кот».[1]

Біяграфія

Быў афіцэрам Войска Польскага. Падчас Другой сусветнай вайны, перад нападам Германіі на СССР, дапамагаў нямецкай службе выведкі Абвер арганізаваць у Варшаве аддзел беларускіх дэсантнікаў, якія пазней былі скінутыя на тэрыторыю БССР.

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі далучаецца да Беларускай незалежніцкай партыі. Прынамсі раз друкаваўся ў газеце Беларускі голас (Вежан Ю. Пасьмертны ўспамін (сьв. п. Янка Шабановіч) // Bielaruski holas (Вільня), 1943, №4). Вядома, што загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне аб прызначэнні (зацвярджэньні) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 г. Юрка Вежан быў прызначаны адным з кіраўнікоў арганізацыі «Чорны кот»[2]

У 1944 годзе разам з Васілём Вірам і нейкім Каранеўскім атрымаў загад Абвера стварыць беларускую брыгаду у складзе 10-й нямецкай арміі на Італьянскім фронце, у Аўстрыі, мэтай якой было дэзэрцірства беларусаў з Арміі Андэрса. Юрка Вежан быў прызначаны начальнікам штабу, хутка яго сфармаваў і разам з іншымі кіраўнікамі распрацаваў адмысловую ўніформу для вайскоўцаў брыгады. Праз кепскае фундаванне немцаў працэс фармавання адбываўся надта павольна, але да пачатку 1944 г. удалося сфармацаць адзін батальён, які быў накіраваны пад Монтэ-Касіна. Пазней батальён быў расфармаваны: па інфармацыі Юрыя Грыбоўскага — праз нежаданне беларусаў змагацца на баку нямецкіх войск супраць сваіх жа землякоў у гэтай мясцовасці, што абумовіла масавую дэзэртырства з батальёна[3], а па інфармацыі Сяргея Ярша — нямецкая выведка выкрыла падрыхтоўку паўстання брыгадай. У выніку кожны дзясяты жаўнер сярод найбольш актыўнай часткі беларусаў, якія вылучаліся нацыянальнай самасвядомасцю, быў расстраляны, а астатнія былі накіраваныя на заводы арганізацыі Тодт.

Пасля заканчэння вайны — на эміграцыі. У лістападзе 1965 г. надрукаваў у газеце «Беларускі голас» (Таронта) (№ 132, лістапад) артыкул пра Вінцэнта Гадлеўскага і Беларускую незалежніцкую партыю «Ці правадыр нацыяналістаў?», дзе сцвярджаў, што Гадлеўскі не быў лідарам БНП: сапраўдным кіраўніком нібы быў Усевалад Родзька, а сама арганізацыя не была створаная перад вайной у Вільні.[4]

Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
  2. Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс N2(7)/2009
  3. Białoruskie Zeszyty Historyczne. Юры Грыбоўскі. Монтэ-Касіна: невядомыя старонкі беларускай гісторыі
  4. Сяргей Ёрш. Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942). Архівавана з першакрыніцы 15.04.2019.

Глядзіце таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.