Юзаф Струцінскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | не раней за 1711 | ||||||
Смерць | 13 чэрвеня 1761 | ||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Струцінскія[d] | ||||||
Бацька | Ян Міхал Струцінскі | ||||||
Маці | Брыгіда з Бергаў[d] | ||||||
Жонка | Роза з Плятэраў[d] | ||||||
Дзеці | Ядвіга са Струцінскіх[d] і Тэрэза са Струцінскіх[d] | ||||||
Партыя |
Юзаф Струцінскі (пасля 1711 — 13 чэрвеня 1761) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Струцінскіх герба «Сас». Нарадзіўся ў сям’і кашталяна інфлянцкага Яна Міхала Струцінскага (? — пачатак 1745) і Брыгіды з Бергаў, дачкі кашталяна інфлянцкага Уладзіслава Францішка Берга[1].
У маладосці быў шамбялянам пры двары Аўгуста II. Стараста шакінаўскі з 1732, сяйвейскі і віжанскі з 1740 года. Пасол на соймы 1746[1], 1750[2] і 1752 (абодва пры падтрымцы Сапегаў[2]), 1754 гадоў, дэпутат Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1744 годзе (маршалак духоўнага кола)[1].
У 1733 годзе падтрымаў абранне на трон Станіслава Ляшчынскага, пасля перайшоў на бок Аўгуста III. Быў прыхільнікам Радзівілаў, пасля перайшоў на бок «Фаміліі»[1].
На браслаўскім грамнічным сойміку 1753 года ўспыхнуў канфлікт паміж Ваўжэцкімі і шакінаўскім старостам Юзафам Струцінскім, які праіснаваў да канца панавання Аўгуста III. Адной з прычын канфлікту Ваўжэцкіх з Юзафам Струцінскім быў пераход апошняга ў шэрагі прыхільнікаў «Фаміліі» пад час сойма 1752 года. Аднак гэта толькі ўзмацняла канфлікт паміж імі, галоўным у адносінах паміж імі быў прыватны канфлікт. У выніку Ваўжэцкія і Струтынскія мянялі лагеры магнацкіх груповак, але толькі такім чынам, каб не знахозіцца разам у шэрагах адной групоўкі[2].
Маёнткі: Салокі (Браслаўскі павет), Анталепты, Больце, Баярышкі, Канюхі, Уцяна (Вількамірскі павет).
12 верасня 1754 года адбыўся шлюб дачкі Ядвігі з Янам Цеханавецкім, старостам опсаўскім, які сватаўся яшчэ з верасня 1752 года. Адначасова Цеханавецкі і Струцінскі стварылі і палітычны саюз[2]. На павятовы соймік 1754 года Юзаф Струцінскі і Ян Цеханавецкі не дапусцілі аршанскага падстаросту Аляксандра Ваўжэцкага з яго прыхільнікамі, учыніўшы бойку. У адказ Струтынскі і Цеханавецкі сцвярджалі, што канфлікт быў выкліканы дзёрзкімі паводзінамі Ваўжэцкага. Браслаўскі земскі пісар Тадэвуш Ваўжэцкі і браслаўскі стольнік Аляксандр Ваўжэцкі прыехалі ўжо ў дзень самога сойміка і, не меўшы падстаў, занеслі пратэстацыю супраць абранага дырэктара сойміка і паслоў. Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, аднак, прыняў бок Ваўжэцкіх, але з‑за супрацьдзеяння Струтынскага, Цеханавецкіх і іх саюзніка, віленскага земскага пісара Андрэя Абрамовіча дэкрэт быў прыняты на Трыбунале Вялікага Княства Літоўскага 15 сакавіка 1755 года, калі ўжо нічога не перашкаджала абраным паслам на браслаўскім пасольскім сойміку 1754 года[2].
Але ўжо ў 1755 годзе разгарэўся канфлікт паміж Янам Цеханавецкім і Юзафам Струцінскім. Прычынай канфлікту стала нявыплата абяцанага Юзафам Струтынскім пасагу Яну Цеханавецкаму, а таксама падазрэнні Цеханавецкага ў здрадзе жонкі Ядвігі. У выніку Ядвіга была адаслана да бацькоў, Цеханавецкія і Струтынскія падрыхтавалісяда супрацьстаяння ў судах. Юзаф Струтынскі, не атрымаўшы неабходнай дапамогі ад віленскага земскага пісара Андрэя Абрамовіча на Трыбунале Вялікага Княства Літоўскага 1755 года супраць Яна Цеханавецкага, парывае з радзівілаўскай групоўкай і пачынае супрацоўнічаць з «Фаміліяй»[2].
На браслаўскі пасольскі соймік 1756 года абедзве варагуючыя групоўкі прыехалі ў вялікай колькасці шляхты і са сваімі надворнымі жаўнерамі. Цеханавецкі прывёў шляхту не толькі з Браслаўскага павета, але і з Полацкага, і Мсціслаўскага ваяводстваў. Яго саюзнікамі ў барацьбе супраць Струтынскіх сталі Ваўжэцкія, якія для канфлікту са Струтынскімі пакінулі шэрагі прыхільнікаў «Фаміліі». Прыхільнікі Цеханавецкіх акружылі замкавую гару ў Браславе і соймікавую ізбу. Струтынскі, таксама, сабраў значныя сілы, у тым ліку прывёў сваіх падданых з Вількамірскага павета. Пад яго кіраўніцтвам аказалася ўся групоўка прыхільнікаў Фаміліі на чале з родамі Мірскіх і Рудамінаў. Аднак, аб’яднаныя сілы Ваўжэцкіх і Цеханавецкага пераўзыходзілі сілы Струтынскага, Мірскіх і Рудамінаў. Струтынскі баяўся за сваёжыццё і ўвогуле не пайшоў на соймік. Перамовы ад прыхільнікаў «Фаміліі» праводзіў у соймікавай ізбе Цыпрыян Мірскі. Яны скончыліся нічым і, больш таго, пад час іх дайшло да новага канфлікту з Аляксандрам Тадэвушам Ваўжэцкім, які нават стаў пагражаць забіць Мірскага. Узброеныя прыхільнікі Цеханавецкіх і Ваўжэцкіх занялі ўсю соймікавую ізбу. Пабачыўшы небяспеку, прыхільнікі «Фаміліі» запрашалі шляхту правесці соймік у касцёле. Потым прыхільнікі «Фаміліі» палічылі за лепшае сарваць браслаўскі соймік[2].
Пасля сойміка абедзве групоўкі раз’ехаліся па сваіх стацыях. Прыхільнікі «Фаміліі» сабраліся ў гасцях у Юзафа Струтынскага. Менавіта каля яго стацыі ўвечары людзі Струтынскага трапнымі стрэламі забілі Ксаверыя Цеханавецкага. Цеханавецкія прагнулі помсты шляхце на чале з Струтынскім, якая была вінавата ў забойстве Ксаверыя. Юзаф Струтынскі, адчуваючы пагрозу свайму жыццю, фактычна перастае ўдзельнічаць у браслаўскіх сойміках, хаця пэўныя крокі прыняць у іх удзел прадпрымаў[2].
Шукаў падтрымкі расійскага двара і расійскіх войск у Вялікім Княстве Літоўскім, з 1757 года палкоўнік расійскага войска[1].
Забіты ў час канфлікту з Цеханавецкімі. Пахаваны ў касцёле дамініканцаў у Сейнах[1].
Сям’я
З 1735 года ў шлюбе з Розай з Плятэраў (? — 1793), дачкой Фабіяна Ксаверыя Плятэра, палкоўніка войска Вялікага Княства Літоўскага, і Людвікі з Пузынаў. З ёй меў дзяцей:
- Рамуальд (? — кастрычнік 1777), харунжы браслаўскі;
- Ядвіга (каля 1736 — 22.9.1778); 1-ы муж: Ян Цеханавецкі, 2-і муж: Мікалай Мануцы;
- Тарэза, муж — Францішак Любецкі.
Крыніцы
Літаратура
- Струцінскі Юзаф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Szwaciński Tomasz. Strutyński Józef // PSB. Z. 183. T. XLIV/4. Warszawa; Kraków, 2007. S. 481—484.