Этымалогія эсперанта — гэта навука пра паходжанне і развіццё словаў і іх формаў, значэнняў і ўжывання ў планавай штучнай мовы эсперанта з 1887 года. З-за таго, што мова штучная, вывучэнне каранёў у эсперанта ў некаторых аспектах адрозніваецца ад этымалагічных даследаванняў у этнічных мовах. Магчыма вызначыць наступныя перспектывы:
- Этымалогія з’яўлення кораня даследуе базу моў-крыніц кораня ў эсперанта, высвятляе, чаму ён мае сваю спецыфічную форму; такім чынам, яе аб’ект даследаванняў — пераход этналінгвістычнай формы ў міжэтнічную форму міжнароднай мовы.
- Этымалогія да з’яўлення кораня вывучае гісторыю знойдзенай лінгвістычнай базы ў яе мінулым; з гэтай нагоды яна абапіраецца на класічныя этымалогіі этнічных моў-крыніц.
- Этымалогія пасля з’яўлення кораня асвятляе змены формы і значэння каранёў пасля іх увядзення ў эсперанта да іх сённяшняй формы і ўжывання.
Этымалогія з’яўлення кораня
Тыповым для гэтага аддзела этымалогіі эсперанта з’яўляецца, напрыклад, пытанне аб тым, чаму тое ці іншае слова атрымала існуючую ў эсперанта форму, калі яна адрозніваецца ад форм у мовах-крыніцах. Этымалогія з’яўлення кораня грае ў эсперанта большую ролю, чым у этымалогіі этнічных моў, таму што яна выяўляе мадэлі паслядоўнага і планава-свядомага прыняцця ў мову форм слоў, пазычаных у розных мовах-крыніцах. Яна, такім чынам, з’яўляецца каштоўным матэрыялам для вывучэння гісторыі стварэння тэрміналогіі і можа разглядацца як дапаможная навука ў сучаснай тэрміналогіі. Таму, напрыклад, даследаванне пра ўвядзенне ў эсперанта слоў, запазычаных з якой-небудзь мовы, дае ўзор мадэлі, як магчыма пазычаць таксама іншыя словы з гэтай мовы-крыніцы.
Этымалогія да з’яўлення кораня
Гэтая частка этымалогіі эсперанта не адрозніваецца ад этымалогіі нацыянальных моў. У той час як (тыпова эсперанцкая) этымалогія з’яўлення кораня даследуе, што эсперанцкае слова hundo было запазычана з нямецкай мовы (Hund) з падтрымкай англійскай (hound, як у слове greyhound) і іншых германскіх моў (напрыклад, нідэрландскае слова hond), этымалогія да з’яўлення кораня накіроўваецца па шляху нямецкага слова Hund у яго мінулае.
Этымалогія пасля з’яўлення кораня
Гэтая частка этымалогіі эсперанта мае невялікі памер, таму што мова за свой адносна малы час існавання пасля 1887 года змянілася адносна мала.
Мовы-крыніцы
Universala Vortaro мае пяць моў, якія адлюстроўваюць паходжанне слоў, а менавіта англійскую, французскую, нямецкую, польскую і рускую, але яны не з’яўляюцца адзінымі ці нават найбольш значнымі мовамі-крыніцамі эсперанта. Павінны быць дададзены яшчэ прынамсі італьянская, (навуковая) лацінская, старажытнагрэчаская, ідыш, формы прота-эсперанта, валапюк і шмат якія іншыя мовы.