Эрык Дальберг | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 кастрычніка 1625[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 студзеня 1703[1][2][…] (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Maria Eleonora Drakenhielm[d] |
Дзеці | Dorotea Beata Dahlbergh[d] |
Род дзейнасці | картограф, архітэктар, інжынер, гісторык, ваенны, графік |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Э́рык Дальберг (шведск.: Erik Jönsson Dahlbergh; 10 кастрычніка 1625 — 16 студзеня 1703) — шведскі ваенны інжынер і мастак-баталіст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Стакгольме. Вучыўся ў парафіяльных лютэранскіх школах, з 11 гадоў у бухгалтарскай школе ў Гамбургу. З 16 гадоў на службе ў адміністрацыі шведскага Заходняга Памор'я, у 20 гадоў атрымаў афіцэрскае званне. З 1648 года ў Франкфурце-на-Майне, кантраляваў спагнанне з Імперыі вялікай кантрыбуцыі паводле ўмоў Вестфальскага міру. Тут вывучаў матэматыку, архітэктуру, жывапіс і фартыфікацыйнае мастацтва, замежныя мовы. З 9 ліпеня 1656 па 13 ліпеня 1657 года ў дзеючай арміі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Фактычна займаў пасаду генеральнага кватармайстра.
Стварыў некалькі дзясяткаў гравюр, якія падрабязна асвятляюць дзеянні шведскай арміі пад час Першай Паўночнай вайны, у тым ліку: прарыў шведамі акружэння злучаных польска-літоўскіх войскаў на чале з Стэфанам Чарнецкім, Ежы Любамірскім і Паўлам Сапегам пад Сандамірам 4 красавіка 1656 года; бітву пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656 года) у якой войскі шведскага фельдмаршала Густава Ота Штэйнбока і брандэнбургскага генерала Георга Фрыдрыха фон Вальдэка разбілі 12-тысячнае войска ВКЛ на чале з Вінцэнтам Гасеўскім. Выява аблогі Брэста 21 мая (11 мая па старым стылі) 1657 года — самая каштоўная графічная крыніца па гісторыі гораду дарасійскіх чаоў. Перанесеныя на медзь, гравюры Дальберга набылі шырокую вядомасць у Еўропе дзякуючы твору нямецкага гісторыка Самуэля Пуфендорфа (1632—1694) De rebus a Carlo Gustavo gestis (выдавецтва Крыстафа Рыгеля, Нюрнберг, 1696), у якім былі выкарыстаныя як ілюстрацыі.
Аўтар дыярыуша, які змяшчае ў тым ліку падрабязныя звесткі пра аблогу і захоп Брэста 19—23 мая 1657 года.
Дальберг удала ваяваў і зарэкамендаваў сябе добрым грамадзянскім адміністратарам, да канца жыцця паспеў атрымаць званне генерала артылерыі, баронскую годнасць, а вяршыняй яго разнастайнай дзейнасці была пасада губернатара шведскіх Інфлянтаў (паўночнай Латвіі і Эстоніі). Памёр у Стакгольме.
Зноскі
- 1 2 RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
- 1 2 3 4 Erik J Dahlbergh — 1917.
- ↑ artist list of the National Museum of Sweden — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
Літаратура
- Алесь Белы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
- Erik Dahlberghs Dagbok (1625—1699). Upsala—Stockholm, 1912.
- Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. Dziennik i ryciny szwedzkie z dziejów «Potopu». 1656—1657. Wrocław etc., 1971.
- Невядомыя эпізоды «невядомай вайны». Ваенныя дзеянні Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Cпадчына, № 3, 1999.
Спасылкі
- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)
- Алесь Белы. Невядомыя эпізоды «невядомай вайны». Ваенныя дзеянні Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга.(недаступная спасылка)