Энцыклапе́дыя эспера́нта — энцыклапедыя пра мову і рух эсперанта, выдадзеная ў 1934 годзе будапешцкім выдавецтвам «Literatura Mondo» («Літаратурны свет»). На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў гэта кніга зрабілася найбольш поўным аглядным выданнем па гісторыі эсперанта і эсперанта-культуры, прыводзіла значную колькасць біяграфій эсперантыстаў з розных краін. Як крыніца па гісторыі эсперанта энцыклапедыя захоўвае актуальнасць. Нягледзячы на тое, што на назву «Энцыклапедыя эсперанта» прэтэндавала яшчэ некалькі выданняў, гэтая назва захавалася менавіта за будапешцкай энцыклапедыяй.

Папярэднікі энцыклапедыі

Энцыклапедыя 1913 года

У 1913 годзе расійскі эсперантыст Пётр Стаян прапанаваў выдаць Сусветную Карткавую Энцыклапедыю (эспер.: Universala Slipa Enciklopedio, USE), якую, згодна з яго ідэяй, магчыма было выдаваць у выглядзе асобных картак для кожнай тэмы, а пазней — фарміраваць на аснове асобных картак цэласную падборку. Тым не менш, было выдадзена толькі пяць першых картак.

Энцыклапедыя 1917 года

У 1917 годзе расійскі эсперантыст Уладзімір Шмурло выдаў у Петраградзе «Сусветную алфавітную адрасную кнігу „Ніць Арыядны“», аб якой ён пісаў, што гэта — «першая спроба [стварэння] энцыклапедыі эсперантызму»; яе зыходная версія, аднак, складалася з адных спасылак. Першыя 88 старонак былі выдадзены ў Рызе, выданню наступных старонак перашкодзіла вайна. Значнага ўплыву гэта выданне не мела.

Энцыклапедыя 1934 года

«Энцыклапедыя эсперанта» была выдадзена будапешцкім выдавецтвам «Literatura Mondo» («Літаратурны свет») у другой палове 1934 года. Ініцыятарам яе стварэння быў рускі святар Іван Шыраеў (памёр у 1933 годзе). У стварэнні артыкулаў прынялі ўдзел больш за сотню аўтараў з розных краін свету (у тым ліку — з краін Усходу, Новага Свету і нават Афрыкі), якія прадстаўлялі самыя розныя ідэалагічныя плыні тагачаснай эсперанта-супольнасці. Галоўнымі рэдактарамі агульнай часткі былі венгерскія эсперантысты Лаяш Кокень і Вільмаш Блеер; артыкулы, прысвечаныя моўным пытанням, рэдагаваў венгерскі эсперантыст Кальман Калачаі, ужо тады вельмі вядомы як эсперантолаг. Энцыклапедыя ўтрымлівала ў цэлым 2,5 тысячы артыкулаў: пра вядомых эсперантыстаў (каля 1,5 тысяч), розныя значныя моманты гісторыі эсперанта і звесткі аб яго ўжыванні ў розных сферах і краінах на момант стварэння энцыклапедыі, а таксама аб розных элементах граматыкі і стылістыкі эсперанта. Каля 450 артыкулаў было прысвечана найбольш вядомым на той час арыгінальным і перакладным творам на эсперанта. Арыгінальнае выданне энцыклапедыі ўтрымлівала таксама некалькі соцень старонак з ілюстрацыямі. Выданне было добра ўспрынята эсперанта-грамадой і адыграла значную ролю ў яго жыцці і развіцці. У 1979 і 1986 гадах энцыклапедыя была стэрэатыпна, але без ілюстрацый перавыдадзена ў выглядзе аднаго тома дзякуючы намаганням Венгерскай эсперанта-асацыяцыі. У 2000-х гадах увесь матэрыял энцыклапедыі быў пераведзены ў электронную форму і выкладзены ў сеціва. Практычна ўсе артыкулы з энцыклапедыі паслужылі асновай для стварэння і развіцця адпаведных артыкулаў у Вікіпедыі на эсперанта. Нягледзячы на тое, што ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў планавалася стварэнне і выданне абноўленай энцыклапедыі эсперанта, гэтыя планы не былі рэалізаваны. Зараз ролю падобнай энцыклапедыі грае Вікіпедыя на эсперанта.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.