Элітарная культура, «высокая культура» — спецыфічная форма культуры, якая ствараецца звычайна элітай або па яе заказе высокапрафесійнымі творцамі (мастакамі, пісьменнікамі, музыкантамі, філосафамі, вучонымі), што валодаюць творчай адоранасцю і выключнай мастацкай успрымальнасцю. Уключае выяўленчае мастацтва, класічныя музыку і літаратуру.

Вытокі элітарнай культуры ў першабытным грамадстве, калі жрацы, шаманы, племянныя кіраўнікі станавіліся прывілеяванымі ўладальнікамі асаблівых ведаў, навыкаў, якія не прызначаліся для ўсеагульнага, масавага карыстання. У наступныя гістарычныя эпохі (антычнасць, сярэдневякоўе, новы і навейшы час) адбывалася станаўленне і развіццё элітарнай культуры, што выявілася ў дзейнасці знакамітых творцаў у галіне філасофіі, літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва, тэатра.

Сярод вядомых тэарэтыкаў элітарнай культуры Платон, А. Шапенгаўэр, Ф. Ніцшэ, М. Бярдзяеў, Х. Артэга-і-Гасет, Э. Гусерль, М. Хайдэгер і інш. Тэорыя і практыка элітарнай культуры найбольш інтэнсіўна развіваецца на «зломе» гістарычных эпох, пры змене культурна-гістарычных парадыгмаў. Найчасцей вызначаецца духоўным арыстакратызмам, эстэтычнай свабодай, глыбінёй зместу і арыгінальнасцю, вытанчанасцю формы, наватарствам, цягай да эксперыментатарства, прынцыповай замкнёнасцю, ярка выяўленым індывідуальным пачаткам, камерцыйнай незалежнасцю і інш.

Элітарная культура звычайна паслядоўна супрацьстаіць культуры большасці — масавай культуры. Бываюць выпадкі іх узаемаўплываў, узаемапераходаў і спалучэння асобных элементаў розных культур у адным творы, у дзейнасці аднаго творцы. Адны і тыя віды мастацтва могуць належаць элітарнай культуры і масавай культуры, напрыклад, класічная музыка — «высокай», папулярная — масавай.

Гл. таксама

Літаратура

  • Дубянецкі Э. Элітарная культура // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. Мн., 2004.
  • Крукоўскі М. Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэт. культуралогію. Мн., 2000.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.