Электрамагні́тнае по́ле — адзін з відаў фізічнага поля, з дапамогай якога перадаюцца электрамагнітныя ўзаемадзеянні. У вакууме характарызуецца напружанасцю электрычнага поля і магнітнай індукцыяй, у асяроддзі — электрычным зрушэннем і напружанасцю магнітнага поля.
Асобныя выпадкі электрамагнітнага поля — электрастатычнае поле (ствараецца нерухомымі зарадамі) і магнітнае поле (ствараецца нерухомымі праваднікамі з пастаянным электрычным токам або пастаяннымі магнітамі).
З ураўненняў Максвела вынікае, што пераменныя магнітныя і электрычныя палі ўзаемазвязаны, а іх прасторавае размеркаванне ў часе вядзе да ўзнікнення электрамагнітных хваль.
Законы электрамагнітнага поля, узаемадзеянне і рух у ім зараджаных часціц вывучае класічная электрадынаміка.
Электрамагнітнае поле падпарадкоўваецца прынцыпу суперпазіцыі, яно характарызуецца энергіяй, імпульсам і момантам імпульсу, для якіх выконваюцца адпаведныя законы захавання.
У квантавай фізіцы электрамагнітнае поле разглядаюць як «газ» элементарных часціц — фатонаў; квантавыя ўласцівасці электрамагнітнага поля (гл. эфект Комптана, фотаэфект) вывучае квантавая электрадынаміка.
Гл. таксама
Літаратура
- Хачатран Ю. М. Электрамагнітнае поле // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. С. 87.
- Богуш А. А., Мороз Л. Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.
- Ахиезер А. И., Берестецкий В. Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969.
- Ландау Л. Д., Лифшиц Е. М. Теория поля. 7 изд. М., 1988.
Спасылкі
- Электромагнитное поле — артыкул з Фізічнай энцыклапедыі