Элейская школа — школа старажытнагрэчаскай філасофіі VI—V ст. да н.э.
Назва ад горада, у якім узнікла (Элея — грэчаская калонія ў Паўднёвай Італіі). Заснавальнік Ксенафан, асноўныя прадстаўнікі Парменід, Зянон Элейскі, Меліс Самаскі. Яны ўпершыню проціпаставілі мысленне пачуццёваму ўспрыманню, адзначылі няўстойлівасць, цякучасць чалавечых адносін і ўспрыманняў; галоўную ролю ў спасціжэнні ісціны адводзілі мысленню. Быццё, на іх думку, бесперапыннае, нерухомае, нязменнае, аднароднае, непадзельнае, аднолькава ўласцівае кожнаму элементу, рэчаіснасці, выключае якое-небудзь мноства рэчаў. Гэтая ідэя склалася ў процівагу дыялектычнаму вучэнню аб прыродзе Геракліта. Для абароны вучэння Элейскай школы Зянон прапанаваў сістэму аргументаў, пабудаваных у форме доказаў ад процілеглага і накіраваных супраць прызнання множнасці і руху быцця (напр., пушчаная страла нерухомая, таму што час складаецца з асобных імгненняў, а прастора — з асобных пунктаў). У далейшым паняцце адзінага нязменнага быцця паслужыла адной з крыніц філасофіі Платона і неаплатанізму.
Літаратура
- Катляроў І. Элейская школа // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. Мн., 2004.
- Н. Diels, "Parmenides Lehrgedicht" (В., 1900);
- Zeller, "Philosophie d. Griechen" (іт., 5-e выд.);
- Solmsen F. The "Eleatic One" in Melissus.Amst.,1969.