(Ваша, Яго, Іх і г.д.) Эксцэленцыя (калька лац.: excellentia — Экселенцыя)[1] або Яснавяльможнасць[2] — ганаровы тытул і зварот да арыстакратаў ці асоб выключна высокага становішча.
Тытул «Яснавяльможнасць» насілі да XIV стагоддзя каралі франкаў, лангабардаў і германскія імператары. Толькі напачатку XVII стагоддзя гэты зварот замацаваўся за вышэйшымі грамадзянскімі службовымі асобамі — міністрамі, пасламі, тайнымі саветнікамі і г.д.
У Расіі да 1917 г. паводле Табелі аб рангах званні III—V класаў прадугледжвалі зварот «Ваша Яснавяльможнасць», а званні I—II класаў — «Ваша Высакавяльможнасць» (руск.: Превосходительство, Высокопревосходительство).
Паводле сучаснага дыпламатычнага пратакола, тытул «экселенцыя» ўжываецца да носьбітаў наступных пасад і званняў:
- кіраўніка замежных дзяржаў (за выключэннем манархаў)
- кіраўніка замежных урадаў
- члены ўрадаў замежных дзяржаў у рангу міністра
- паслы замежных дзяржаў у прымалай краіне
- апостальскі нунцый Ватыкана
- евангельскія біскупы (акрамя Германіі)
- каталіцкія біскупы, архібіскупы, а таксама носьбіты роўных па значэнні ганаровых тытулаў, за выключэннем кардыналаў, якія маюць права на тытул Высокапраасвяшчэнства) (прыклад: «яго экселенцыя найгодны пан біскуп…»)
- праваслаўныя тытулярныя епіскапы і каталіцкія вікарыятныя біскупы.
Да старшыняў парламентаў, паводле дыпламатычнага пратакола, ня варта звяртацца «экселенцыя», паколькі яны, паводле пратакола, не адагрываюць ролі ў дыпламатычных адносінах.
Выкарыстанне ў Беларусі
У сучаснай Беларусі гэтая форма звароту выкарыстоўваецца пераважна ў афіцыйных адносінах да каталіцкіх іерархаў.
Зноскі
- ↑ Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі 2018 (відэа, глядзіце з 17:10)
- ↑ Некрашэвіч Сьцяпан, Байкоў Мікола. Расійска-беларускі слоўнік. 3-е выданьне. Смаленск: 2014, с. 483.