Аснову эканомікі Намібіі складаюць горназдабыўная прамысловасць (здабыча алмазаў, урану і і каляровых металаў), жывёлагадоўля і рыбалоўства, турызм. У 2018 годзе ВУП Намібіі склаў каля 28 млрд долараў. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў ВУП склала 6,7 %, прамысловасці — 26 %, сферы паслуг — 67 %.[1]. Намібійская гаспадарка цесна знітаваная з эканомікай ПАР. Намібія мае на высокі па афрыканскіх мерках ВУП на душу насельніцтва. У 2013 годзе Bloomberg назваў эканоміку Намібіі лепшай рынкавай у Афрыцы і 13-й сярод эканомік краін, што развіваюцца. Вялікай праблемай з'яўляецца беспрацоўе, якое трымаецца на ўзроўні 25 - 35 %. З беспрацоўем звязана і жахлівае маёмаснае расслаенне — у Намібіі і ПАР найвышэйшыя ў свеце значэнні каэфіцыента Джыні.
Пачатак фарміраванню сучаснай гаспадаркі Намібіі паклалі нямецкія каланісты: яны распачалі здабычу карысных выкапняў, праклалі чыгункі, стварылі фермы.
Прамысловасць
Асноўнай галіной гаспадаркі з'яўляецца здабыўная прамысловасць (да 20 % ВУП!), якая атрымала развіццё дзякуючы наяўнасці багатых мінеральных рэсурсаў. Яе аснову складае здабыча алмазаў і ўрану. Ужо болей за стагоддзе спраўна даюць алмазы жылы ў ваколіцах Людэрыца. Недалёка ад Свакапмунда знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у свеце кар'ераў па здабычы ўрану (Росінг). Распрацоўваюцца паклады свінцу, медзі, цынку, волава, серабра, вальфраму. Маюцца заводы па выплаўцы чарнавой медзі.
Сельская гаспадарка і рыбалоўства
У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяснога накірунку і качавога характару. Маецца значнае пагалоўе каракулевых авечак. Халодныя воды Бенгельскага цячэння багатыя на рыбу (патэнцыяльна могуць даваць 1,5 млн тон рыбы ў год), што спрыяе развіццю рыбалоўства. Аснову ўлова складаюць сардзіны, анчоўсы, хек, скумбрыя.
Сфера паслуг
Намібія мае развіты і вельмі сучасны банкаўскі сектар.
Транспарт
Нягледзячы на слабую заселенасць, у Намібіі створана добрая транспартная інфраструктура, што ўключае шашы, вузкакалейныя чыгункі, аэрапорты, а таксама марскі порт рэгіянальнага значэння Уолфіш-Бэй, па сумяшчальніцтве, галоўны рыбалавецкі порт. Намібія прэтэндуе стаць рэгіянальным хабам і транспартным правадніком для суседзяў, што не маюць выхаду да мора (Батсваны, Замбіі). З гэтай мэтай будуюцца новыя шашы праз Калахары і паласу Капрыві
Турызм
Новай важнай галіной гаспадаркі стаў турызм. Сёння турысты прыносяць 14 % ВУП і ствараюць 18 % працоўных месцаў. З падзеннем рэжыму апартэіду Намібія становіцца ўсё папулярней сярод турыстаў. У краіне развітая інфраструктура як для «цывілізаванага» адпачынку (напрыклад, у Віндхуку; або Свакапмундзе, дзе захоўваюць атмасферу старога каланіяльнага гарадка), так і для актыўнага турызму (асабліва папулярныя нацыянальныя паркі Этоша і Бераг шкілетаў, а таксама Сасусфлей і Дамараленд)[2].
Знешні гандаль
70 % экспартнай выручкі дае прадукцыя горназдабыўной прамысловасці (траціна прыходзіцца на алмазы, яшчэ столькі ж — на медную руду і чарнавую медзь). Экспартуюцца таксама ўран, цынк. Астатняя частка экспарту прыпадае на прадукцыю рыбалоўства і сельскай гаспадаркі. Асноўныя пакупнікі — афрыканскія суседзі і краіны Еўропы (Бельгія, Швейцарыя). Большую частку спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання, усю тэхніку і паліва, Намібія вымушана імпартаваць. Гэта адбіваецца на ўзроўні цэн: жыццё ў гарадах Намібіі вельмі дарагое. 54 % імпарту ў 2016 прыйшлося на ПАР, яшчэ 14 % — на Батсвану.[3]
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/wa.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ Namibia. Golden Sunsets, rough coasts and majestic dunes . sunsafaris.com. Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2011. Праверана 3 красавіка 2012.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=155&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016