Эдуі (лац.: Haedui, Aedui) — старажытнае кельцкае племя ў міжрэччы Соны і Лігера (Луары) у Сярэдняй Галіі.
Галоўны горад эдуяў — Бібракта (Бібрактэ, Bibracte), цяпер гарадзішча (плошча 135 га) у 27 км ад г. Ацён у Францыі. Гэты найбуйнейшы кельцкі горад, які размяшчаўся на гары Монт-Бёўрэй (822 м над узроўнем мора) быў умацаваны ровам і сцяной з каменя і дрэва. У 58 да н.э. Юлій Цэзар у Бібрактэ разбіў гельветаў. У 12 да н.э. насельніцтва было выселена рымлянамі па загадзе імператара Аўгуста ў размешчаны непадалёк г. Аўгустадунум (цяпер Ацён).
Яшчэ да Цэзара эдуі лічыліся «саюзнікамі рымскага народа». Пры Цэзары яны рашуча далучыліся да рымлян і спрыялі іх барацьбе супраць свеваў Арыявіста, падтрыманых секванамі. У 52 да н.э. эдуі пакінулі Цэзара, але пасля паражэння арвернскага паўстання пад кіраўніцтвам Верцынгетарыга зноў перайшлі на бок Рыма.
У выніку Гальскіх паходаў Цэзара (58—51 да н.э.) тэрыторыя рассялення эдуяў увайшла ў склад гальскіх правінцый Рыма (з 16 да н.э.- Лугдунскай Галіі).
Эдуі першымі сярод гальскіх народнасцей атрымалі ў 48 н.э. пры Клаўдзіі I права быць сенатарамі і займаць ганаровыя выбарныя пасады.
Гарады
- Навіядун (Noviodunum) — цяпер Невер, на беразе ракі Лігер (цяпер Луара). У часы паходаў Цэзара рымляне захапілі горад. Пасля гэтага эдуі адкрыта прынялі бок Верцынгетарыкса і, перабіўшы рымскі гарнізон у Навіядуне, захапілі вялікія запасы хлеба. Плошча каля 40 га.
- Кабілон
- Матыскон
Правадыры
- Думнорыкс
Гл. таксама
- Кельты
- Гай Юлій Цэзар
- Галія
- Гальская вайна
- Вергабрэт
Спасылкі
- Эдуи // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.