Эазінафільнае запаленне стрававода | |
---|---|
![]() Гісталагічны вобраз ЭЗС (гематаксілін-эазін). | |
МКХ-10 | K20. |
МКБ-10-КМ | K20.0 і K20 |
МКХ-9 | 530.13 |
МКБ-9-КМ | 530.13[1][2] |
OMIM | 610247 і 613412 |
MedlinePlus | 007717 |
eMedicine | article/1610470 |
MeSH | D057765 |
![]() |
Эазінафільнае запаленне стрававода (эазінафільны эзафагіт) — хранічнае аўтаімуннае захворванне стрававода, выкліканае харчовымі і аэразольнымі алергенамі. Клінічна праяўляецца сімптомамі дысфункцыі стрававода, а гісталагічна — запаленчай інфільтрацыяй сценкі стрававода з перавагай эазінафілаў. У 50 % хворых на ЭЗС назіраюцца атапічныя захворванні: дыхавіца, алергічны рыніт, атапічны дэрматыт, IgE-залежныя харчовыя алергіі.
Клінічны вобраз
Скаргі хворага неспецыфічныя і могуць з узростам змяняцца. У дзяцей дамінуюць складанасці падчас кармлення, адмовы ад прыёму ежы, а таксама тармажэнне прыросту масы цела і росту; у дарослых — дысфагія і эпізоды захрасання кавалкаў ежы. Характэрнымі рысамі ЭЗС з’яўляюцца пазбяганне прадуктаў харчавання, якія ствараюць праблемы з глытаннем, і працяглы час перажоўвання. Хворы спажывае шмат вады падчас прыёму ежы. Могуць назірацца боль за грудзінай і сімптомы страўнікава-страваводнага рэфлюксу.
Дыягностыка
![](../I/Multi_ring_esophagus.jpg.webp)
- Лабараторныя даследаванні: невялікая эазінафілія перыферычнай крыві ў 5-50 % хворых, у ~70 % павышаны агульны ўзровень IgE ў крыві, а таксама спецыфічных для харчовых і аэразольных алергенаў IgE.
- Эндаскапія: кругавыя зморшчыны, кольцы слізістай абалонкі (вобраз трахеі), падоўжныя разоры, камякі, налёты белага колеру, адсутнасць сасудзістага малюнка, гіперэмія і набраканне слізістай абалонкі, пры запушчанай хваробе — стэнозы. Нармальны вобраз слізістай абалонкі стрававода (у 10 % хворых) не выключае ЭЗС.
- Гісталагічныя даследаванні: біяптаты (2-4) для гісталагічных даследаванняў дыстальнай і праксімальнай часткі стрававода выяўляюць наяўнасць эазінафілаў у эпітэліі і іншых абшарах сценкі стрававода, наяўнасць эазінафільных мікраабсцэсаў, пашырэнне міжклетачных прастор, гіпертрафію і падаўжэнне музкоў базальнай мембраны, а таксама фіброз базальнай мембраны слізістай абалонкі.
Дыягнастычныя крытэры ЭЗС (ACG 2013)[3]
- сімптомы з’яўляюцца вынікам дысфункцыі стрававода;
- у біяптатах з стрававода выяўляецца запаленне з наяўнасцю >15 эазінафілаў у п / б (павелічэнне х 400);
- эазінафільнае запаленне абмежавана выключна страваводам і працягваецца, нягледзячы на лячэнне ІПП;
- выключаны іншыя прычыны эазінафіліі стрававода.
Дыферэнцыяльная дыягностыка
- гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба;
- іншыя прычыны дысфагіі;
- іншыя прычыны эазінафіліі стрававода:
- эазінафілія стрававода з добрай рэакцыяй на ІПП (калі хворы без істотнага рэфлюксу, з гісталагічна пацверджанай эазінафіліяй стрававода адказвае клінічна і гісталагічна на 2-месячнае лячэнне ІПП; механізм невядомы);
- эазінафільны гастраэнтэракаліт;
- хвароба Крона;
- гіперэазінафільны сіндром;
- цэліякія;
- ахалазія кардыі;
- хваробы злучальнай тканкі;
- інфекцыі;
- хвароба «трансплантант супраць гаспадара».
Лячэнне
Дыета
Перш за ўсё, належыць ацаніць мэтазгоднасць элімінацыйнай дыеты:
- Элементная дыета — дыетычнае харчаванне, вырабленае вытворчым шляхам; добра збалансаванае, ачышчанае ад алергенаў, але пацыенты могуць яго не прымаць з-за смаку.
- Эмпірычная гіпаалергенная дыета — грунтуецца на элімінацыі найбольш частых харчовых алергенаў, у тым ліку малака, яек, рыбы, арэхаў, соі і пшаніцы.
- Мэтанакіраваная элімінацыйная дыета — падабраная згодна з індывідуальнымі патрэбамі і магчымасцямі пацыента на падставе анамнэзу і вынікаў алергічных тэстаў.
Фармакалагічнае лячэнне
- ІПП: добрая рэакцыя мае дачыненне да дыферэнцыяльнай дыягностыкі, але таксама лячэнне ІПП змяншае інтэнсіўнасць сімптомаў у часткі хворых.
- ГКС мясцовага дзеяння: з’яўляюцца прэпаратамі па выбару. Адсутнічаюць прэпараты, спецыфічныя для ЭЗС, выкарыстоўваюцца прэпараты аэразольных ГКС: будэсонід або флютыказон. Непажаданы эфект — кандыдоз стрававода. У хворых без адказу на стандартнае 8-тыднёвае лячэнне можна працягнуць тэрапію з большымі дозамі прэпаратаў.
- ГКС агульнага дзеяння: найбольш эфектыўныя, але ў сувязі са значнымі пабочнымі дзеяннямі зарэзерваваныя для хворых з цяжкімі сімптомамі, якія патрабуюць хуткага дасягнення клінічнага паляпшэння або не адказалі на іншае лячэнне. У большасці хворых назіраецца стэроідазалежнасць — пасля адмены ГКС сімптомы вяртаюцца. Стандартная доза прэднізалона складае 1-2 мг / кг / дз.
Прагноз
ЭЗС з’яўляецца хранічнай хваробай: поўнае знікненне сімптомаў магчыма, але ў большасці хворых назіраецца толькі памяншэнне інтэнсіўнасці сімптомаў. Спыненне лячэння можа выклікаць рэцыдыў.
Зноскі
- ↑ Disease Ontology — 2016. Праверана 15 мая 2019.
- ↑ Monarch Disease Ontology release 2018-06-29 — 2018-06-29 — 2018. Праверана 4 жніўня 2018.
- ↑ https://gi.org/guideline/evidenced-based-approach-to-the-diagnosis-and-management-of-esophageal-eosinophilia-and-eosinophilic-esophagitis-eoe/
Літаратура
- Gajewski, Piotr. Interna Szczeklika - mały podręcznik 2016/2017. — Elsevier, 2016. — 1535 с. — ISBN 978-83-7430-491-7.
- Варанец, В.І. Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў: для супрацоўнікаў сферы аховы здароўя, студэнтаў медыцынскіх устаноў вышэйшай і сярэдняй адукацыі. — Чатыры чвэрці, 2013. — 208 с. — ISBN 978-985-7058-13-6.