Шыйная грыўня — упрыгажэнне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (па-стараславянску — грыве).

Вядома з 2-га тысячагоддзя да н. э., на тэрыторыі Беларусі з ранняга жалазнега веку, найбольш распаўсюджана ў 9-13 ст. Большасць грывен, выяўленых у Беларусі, знойдзены ў курганах, належаць балтам (Лясная, Казлоўцы, Укля і іншыя). Ёсць і славянскія шыйныя грыўні.

Падзяляюцца на:

  • пласціністыя (арнаментаваны косымі крыжыкамі, ромбамі, трохвугольнікамі з насечак і елачак, часта з прымацаванымі трапецападобнымі падвескамі);
  • вітыя (з чатырохграннымі, конуса- і петлепадобнымі, пласціністымі, Т-падобнымі канцамі).

Залатыя і сярэбраныя шыйныя грыўні былі адзнакай улады (знойдзены ў 1960-х гг. і 1980 у Казярожскіх рэчавых скарбах).

Літаратура

  • Дучыц Л. У. Грыўня шыйная // Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.