Шчаўкунок | |
---|---|
Жанр | ballet-féerie[d] |
Заснаваны на | The Nutcracker[d] |
Кампазітар | |
Харэограф |
«Шчаўкунок» — сач. 71, балет П. І. Чайкоўскага ў двух актах на лібрэта Марыуса Петыпа па матывах казкі Э. Т. А. Гофмана «Шчаўкунок і мышыны кароль».
У аснову лібрэта лягло перакладанне казкі, зробленае ў 1844 годзе Аляксандрам Дзюма-бацькам (тэатральная энцыклапедыя памылкова называе аўтарам перакладання Дзюма-сына) і апублікаванае ў тым жа годзе пад назвай «Гісторыя Шчаўкунка». Нягледзячы на захаванне асноўнай сюжэтнай канвы казкі, пераклад Дзюма ўяўляў сабой новы яе варыянт, адрозны ад арыгінала. У сувязі з частковай зменай сюжэту казкі Гофмана сюжэтная версія лібрэта паўстае ў больш згладжаным, казачна-сімвалічным выглядзе.
Прэм’ера балета адбылася 6 (18) снежня 1892 года ў Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу ў адзін вечар з операй «Іаланта». Ролі Клары і Фрыца выконвалі дзеці, навучэнцы Пецярбургскага Імператарскага тэатральнага вучылішча, якое абодва скончылі толькі праз некалькі гадоў у 1899 годзе. Клара — Станіслава Бялінская, Фрыц — Васіль Стуколкін. Іншыя выканаўцы: Шчаўкунок — Сяргей Легат, фея Дражэ — Антаніета Дэль-Эра, прынц Каклюш — Павел Герт, Драсельмеер — Цімафей Стуколкін, пляменніца Мар’яна — Лідзія Рубцова; балетмайстар Іванаў, дырыжор Дрыга, мастакі Бачароў і К. Іваноў, касцюмы — Усевалажскі і Панамароў.
У 1892 годзе была выдадзена сюіта з балета «Шчаўкунок» у перакладанні для фартэпіяна ў чатыры рукі А. С. Арэнскага, праз два гады выйшла яго ж перакладанне ўсёй партытуры балета.
«Шчаўкунок» займае асаблівае месца сярод позніх твораў П. І. Чайкоўскага: стаіць адасоблена ад традыцыі балетнага жанру, у ім наватарскі ўжытыя музычныя вобразы. У «Шчаўкунку» ўпершыню прагучала чэлеста — музычны інструмент, выпісаны з Парыжа па просьбе Чайкоўскага.
У розных рэдакцыях ёсць розначытанні ў імені галоўнай гераіні: Клара і Мары. У арыгінальнай кнізе Гофмана галоўную гераіню завуць Мары, а Клара — гэта яе любімая лялька.
У Расіі з пачаткам Першай сусветнай вайны (1914 год) і ростам патрыятычных настрояў сюжэт балета русіфікаваны, і галоўную гераіню пачалі зваць Машай. Пры гэтым Фрыц застаўся без зменаў, бо ён — адмоўны персанаж.