Шпангаймы (Шпонгаймы) (ням.: Spanheimer, Sponheimer) — нямецкая дынастыя, прадстаўнікі якой кіравалі ў Карынтыі ў 1122—1269 гадах, а таксама, некаторы час, у Вельмі (1248—1269) і Істрыі (1103—1173). У час кіравання Шпангаймаў Карынтыя канчаткова склалася як суверэнная дзяржава.
Паходжанне
Шпангаймы, відаць, паходзілі з Франконіі. У XI стагоддзі нейкі Зігфрыд Шпангайм перасяліўся ў паўднёва-ўсходнюю Германію, дзе набыў уладанні ў Паўднёвым Ціролі і Штырыі і ажаніўся з Рыхардай Лаванцкай, дачкой аднаго з карынтыйскіх дваран. У 1045 годзе Зігфрыд Шпангайм стаў маркграфам Венгерскай маркі — невялікага напаўнезалежнага ўтварэння на граніцы Свяшчэннай Рымскай імперыі з Венгрыяй (на тэрыторыі сучаснага Бургенланда). Старэйшы сын Зігфрыда Энгельберт I стаў графам Пустэрталя (Паўднёвы Ціроль) і Крайхгау (Заходняя Франконія), а таксама вікарыем архібіскупа Зальцбургскага ў шэрагу царкоўных уладанняў у Карынтыйскім герцагстве. У 1090 годзе Энгельберт дзякуючы сваёй блізкасці да царкоўных колаў атрымаў у кіраванне Істрыю, якая знаходзілася ў той час пад сюзерэнітэтам патрыярха Аквілеі. Ён ажаніўся з Хедвіга Эпенштайн, сястрой і спадчынніцай апошняга герцага Карынтыі з дынастыі Эпенштайнаў Генрыха III.
Герцагі Карынтыі
Адзін з сыноў Энгельберта, Генрых IV, атрымаў у спадчыну ў 1122 годзе карынтыйскі прастол пасля смерці апошняга Эпенштайна і заснаваў дынастыю Шпангаймаў у Карынтыі. Іншы, Энгельберт II, стаў у 1103 годзе маркграфам Істрыі, а ў 1123 годзе пасля смерці брата атрымаў і карону Карынтыі.
Шпангаймы сталі герцагамі Карынтыі ў перыяд вострага крызісу дзяржавы, якая страціла большую частку сваёй тэрыторыі і аўтарытэт на міжнароднай арэне. Энгельберту II і яго спадчыннікам — Ульрыху I (1134—1144) і Генрыху V (1144—1161) — удалося сфарміраваць з рэштак карынтыйскіх зямель досыць трывалае княства і, арыентуючыся на імператара, узмацніць свой уплыў у рэгіёне. На працягу ўсяго XII стагоддзя Шпангаймы вялі барацьбу з царкоўнымі феадаламі, якія валодалі значнымі тэрыторыямі ў Карынтыі і Істрыі, у тым ліку такімі важнымі гандлёвымі цэнтрамі як Філах і Фрызах, аднак, нягледзячы на пэўныя поспехі, цалкам вярнуць гэтыя землі пад уладу герцага так і не ўдалося.
З пачатку кіравання Германа Шпангайма (1161—1181) у Карынтыі пачаўся эканамічны і палітычны ўздым. Былі заснаваны Санкт-Файт і Клагенфурт, якія неўзабаве сталі буйнымі гандлёвымі гарадамі і сталіцамі дзяржавы, развівалася здабыча каштоўных металаў. Двор герцага стаў цэнтрам сярэдневяковага мастацтва мінезінгераў. Праўда, у канцы XII стагоддзя пазіцыі Шпангаймаў трохі аслаблі з прычыны страты Істрыі, якая перайшла пад уладу Андэкскай дынастыі, і канчатковага адпадзення Штырыі, але ў першай палове XIII стагоддзя герцагу Бернарду (1201—1256) удаўся аднавіць уплыў Карынтыі дзякуючы трываламу саюзу з Гогенштаўфенамі і каралямі Чэхіі. Бернард разгарнуў барацьбу з Аўстрыяй за ўладу над Крайнай і ў канцы-канцоў атрымаў перамогу: у 1248 годзе яго сын і спадчыннік Ульрых III быў абвешчаны герцагам Крайны.
Незадоўга да сваёй смерці Ульрых III (1256—1269), верны карынтыйска-чэшскаму саюзу, завяшчаў свае ўладанні Пржэмыслу Отакару II, каралю Чэхіі. Ульрых III стаў апошнім кіраўніком незалежнай Карынтыі і з яго смерцю згасла карынтыйская лінія Шпангаймаў. Карынтыя і Крайна ў 1269 годзе перайшлі пад уладу Чэхіі, а праз паўстагоддзя, у 1335 годзе былі далучаны да ўладанняў Габсбургаў.
Радавая пахавальня герцагаў Карынтыі з роду Шпангаймаў знаходзіцца ў манастыры Санкт-Паўль у Лаванцкай даліне Карынтыі, заснаваным у 1091 годзе Энгельбертам I.
Графы Ортэнбурга
Адзін з сыноў Энгельберта II Шпангайма, Рапота I (пам. у 1186 годзе), набыў зямельныя ўладанні ў паўднёва-ўсходняй Баварыі (Ортэнбург на поўдзень ад Пасау) і шэраг тэрыторый на Драве. Рапота I стаў заснавальнікам лініі графаў Ортэнбургскіх, якія сталі досыць буйнымі землеўладальнікамі ў Штырыі, Крайне і Баварыі. Ортэнбургскае графства было фармальна незалежным і праіснавала да Напалеонаўскіх войнаў (хоць большая частка ўладанняў графаў была анексавана Баварыяй і Аўстрыяй у сярэдзіне XVI стагоддзя). У 1806 годзе Ортэнбург быў медыятызаваны Баварыяй, аднак графы Ортэнбургскія былі прызнаны роўнымі па нараджэнні каралеўскім дамам Еўропы.
Ад графаў Ортэнбургскіх у герб Баварыі патрапіла «сіняя пантэра», якая паходзіць да «чорнай пантэры» на пячатках герцагаў Карынтыі.
Графы Шпонгайм-Зайн
У заснавальніка дынастыі Шпангаймаў Зігфрыда быў стрыечны брат па імі Стэфан (пам. у 1080 годзе). Стэфан не перасяляўся ў паўднёва-ўсходнюю Германію, захаваўшы ўладанні ў даліне Рэйна. Яго нашчадкі шляхам дынастычных шлюбаў атрымалі ў спадчыну буйную сеньярыю Зайн на поўначы сучаснай федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц, а затым яшчэ шэраг зямель па абодва берагі Рэйна. Было сфарміравана некалькі тэрытарыяльных княстваў (Шпонгайм, Зайн-Вітгенштайн, Гайнсберг), якія адыгрывалі важную ролю ў гісторыі прырэйнскай Германіі. Для гэтай лініі больш прынята напісанне Спонгайм. Найбольш вядомым прадстаўніком рэйнландскай галіны Шпонгаймаў быў рускі фельдмаршал Пётр Вітгенштэйн (1768—1843).
Спасылкі
- Поўнае радаслоўе дому Шпангаймаў
- Дынастыя Шпангаймаў (англ.) Архівавана 20 лістапада 2010.