Шаўкоўніца белая

Агульны выгляд дарослага дрэва ў розныя поры года
Германія
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Morus alba L., 1753

Сінонімы
  • Morus atropurpurea Roxb.
  • Morus chinensis Lodd. ex Loudon
  • Morus intermedia Perr.
  • Morus latifolia Poir.
  • Morus multicaulis (Perr.) Perr.

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  19066
NCBI  3498
EOL  594885
GRIN  t:24607
IPNI  30051955-2
TPL  kew-2501381

Шаўкоўніца белая, Тут белы[3], Морва[4] (Mórus álba) — ліставое дрэва; від роду шаўкоўніца (Morus) сямейства тутавыя (Moraceae)[5].

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі Франсіска Мануэля Бланка «Flora de Filipinas», 1880—1883

Дрэва вышынёй да 15-18 м з разгалістай шарападобнай кронай, часам ніцай[5].

Ствол і буйныя галіны пакрытыя шаравата-бурай карой[5].

Лісце шырокаяйкападобнае, суцэльнае або 3-11-лопасцевае, пры аснаванні няроўнабокае, чарашковае, па краі пальчата-зубчастае, зялёнае, дробнае, 5-15 см даўжынёй[5]. Размешчана на парастках двух тыпаў: падоўжаных вегетатыўных і скарочаных урадлівых.

Кветкі аднаполыя, сабраны ў суквецці: тычынкавыя — у паніклыя цыліндрычныя каласы, песцікавыя — у кароткія авальныя на вельмі кароткіх кветканосах, амаль сядзячыя[5]. Вось суквецця пры плодзе разрастаецца, утвараючы суплоддзі са шматлікіх арэшкаў, заключаных у разрослыя мясістыя і сакавітыя каляплоднікі. Цвіце ў красавіку — маі, плады спеюць у маі — чэрвені[5].

Суплодзі — шматкасцянкі, даўжынёй 0,7-4 см, цыліндрычныя, канічныя або круглявыя, белыя або афарбаваныя ў жоўты, ружовы ці чырвоны колер[5]. Смак прыкра салодкі. Яны ядомыя ў свежым выглядзе (белыя, мяккія і ад лёгкага трасення галінкі падаюць на зямлю[5]), іх можна сушыць і збражваць у віно; смак па насычанасці саступае чорнай шаўкоўніцы.

Злева направа: Розная форма лісця. Кветкі. Плады. Кара. Ніцая форма кроны

Гісторыя і распаўсюджанне

Галінка белай шаўкоўніцы. Фота С. М. Пракудзіна-Горскага (1909—1915)
Белая шаўкоўніца ў восеньскай афарбоўцы

Шаўкоўніца белая паходзіць з усходніх раёнаў Кітая, дзе яна культывуецца ўжо каля чатырох тысяч гадоў у якасці корму для тутавага шаўкапрада. З Кітая шаўкоўніца распаўсюдзілася ў Сярэднюю Азію, Афганістан, Паўночную Індыю, Пакістан, Іран, некалькі пазней — у Закаўказзі. Прыкладна ў VI стагоддзі з’явілася ў Грузіі, у Еўропе вядомая з XII стагоддзя, у Амерыцы — не раней XVI стагоддзя. У XVII стагоддзі разводзілася ў Маскве, аднак клімат апынуўся занадта суровым для яе, і вырошчванне шаўкоўніцы перамясцілася ў Ніжняе Паволжа і на Паўночны Каўказ[6].

Шырока натуралізавалася ад Індыі, Афганістана і Ірана да Іспаніі і Партугаліі. У сярэдзіне XX стагоддзя атрымала шырокае распаўсюджанне на поўдні еўрапейскай часткі СССР, у сувязі з правядзеннем агралесамеліярацыйных работ па барацьбе з засухай і стварэннем лесаахоўных палос[7].

Хімічны састаў

Лісце шаўкоўніцы белай утрымлівае дубільныя рэчывы (3,2-3,7 %), флаваноіды (да 1 %), кумарыны, арганічныя кіслоты, смолы, эфірны алей (0,03-0,04), стэрыны (β-сітастэрыны, капестэрын).

У пладах змяшчаецца да 12 % цукроў (часам і да 23 %), прадстаўленых у асноўным монацукрыдамі, каля 1,5 % азоцістых рэчываў, 0,1 % фосфарнай кіслаты, флаваноіды, карацін, пекцін, арганічныя кіслоты (яблычная, лімонная), трохі вітаміна С і дубільных рэчываў.

Значэнне і выкарыстанне

У кулінарыі

Плады белай шаўкоўніцы

Ягады маюць прыемны кісла-салодкі смак і выкарыстоўваюцца для прыгатавання мармеладу, сіропаў, кампотаў, варэння, павідла, бякмесу і алкагольных напояў[5].

Ягады белай шаўкоўніцы добра сушацца і добра захоўваюцца ў высушаным стане[5]. У эпоху да прамысловай выпрацоўкі белага цукру ягады шаўкоўніцы разам з курагой, разынкамі і сушанай дыняй выкарыстоўваліся як натуральныя заменнікі цукру[5]. Да таго ж, яны былі і засталіся значна больш карыснымі з-за ўтрымання пектынавых рэчываў і мікраэлементаў, якіх пазбаўленыя прамысловыя формы цукру. Сушаная форма дазваляе падоўжыць лячэбна-аздараўленчае дзеянне натуральнымі рэчывамі ў зімовы перыяд. З сушаных пладоў таксама робяць муку, якую можна падмешваць у цеста[5].

Лісце заварваюць як гарбату.

Выкарыстанне ў медыцыне

Белая шаўкоўніца ў Іспаніі

Здаўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне розных краін. Кара ствалоў і каранёў у выглядзе воднага адвару выкарыстоўваецца пры кашлі, бранхіце, бранхіяльнай астме, як адхарквальнае, мачагоннае, а таксама пры эпілепсіі і гіпертаніі.

Сок кары каранёў п’юць нашча як супрацьгліставы сродак. Лісце ў выглядзе настою выкарыстоўваюць як гарачкапаніжальнае пры прастудных захворваннях. Сок свежага лісця супакойвае зубны боль.

Свежыя плады ўжываюць пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі.

Сіроп (дашаб), звараны з пладоў шаўкоўніцы, ужываюць пры сардэчна-сасудзістых захворваннях, малакроўі, як кровесуцішальнае пры пасляродавых, маткавых крывацёках, крапіўніцы і шкарлятыне.

Ужыванне ў сельскай гаспадарцы і ландшафтным дызайне

Белая шаўкоўніца ў парку Калемегдан у Бялградзе

Лісце белай шаўкоўніцы з’яўляецца пераважнай ежай для шаўкапрадаў і можа выкарыстоўвацца для харчавання буйной рагатай жывёлы і коз, а плады можна даваць свойскай птушцы ў якасці дыетычнага дадатку.

Шаўкоўніца белая традыцыйна садзіцца ўздоўж абочын і пры дарогах. Яе шчыльны цень прыемны ў спёку. Дэкаратыўнасць галін, лісця і формы кроны робіць шаўкоўніцу белую часта выкарыстанай у грамадскіх парках і садах, алеях і жывых агароджах. Прыярытэтныя пасадкі мужчынскіх дрэў, таму што яны не плоданасяць. Жаночыя і аднадомныя асобнікі маюць багатае плоданашэнне, а іх шматлікія плады вельмі забруджваюць прастору вакол дрэў, таму павінны штодня выдаляцца.

Карані шаўкоўніцы дапамагаюць прадухіліць эрозію глебы. Яна добра прыстасоўваецца да забруджвання паветра.

У культуры выведзена каля 400 сартоў і разнавіднасцяў, якія адрозніваюцца па колеры лісця і форме кроны, колеры пладоў і г. д[8]

Прымяненне ў дрэваапрацоўчай прамысловасці

Падоўжны спіл драўніны

Драўніна шаўкоўніцы вельмі каштоўная з-за сваіх якасцяў — яна шчыльная, пругкая, цяжкая, мае жоўты колер[5]. У Сярэдняй Азіі яе выкарыстоўваюць для вырабу музычных інструментаў[5]. Выкарыстоўваецца як будаўнічы і дэкаратыўны матэрыял у сталярнай і бондарнай вытворчасці, для вырабу шавецкіх цвікоў[5].

Вядомыя асобнікі

Адна з шаўкоўніц у грамадскім парку «Штэфан чэл Марэ» у Кішынёве

Некаторыя белыя шаўкоўніцы ахоўваюцца законамі тых дзяржаў, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца, паколькі яны прызнаны помнікамі прыроды. Некаторыя з іх пералічаны ніжэй:

Ахова

З 2011 года нарыхтоўка драўніны шаўкоўніцы ў Расіі забаронена[10].

Уплыў на культуру

У літаратуры

Згадваецца ў Бібліі. У Евангеллі ад Лукі (17,6) прыводзіцца прыпавесць Ісуса са словамі «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы б сказалі гэтаму сікамінаваму дрэву: вырвіся з коранем і высадзіся ў моры, і будзе вам паслухмянае». Лягчэй зразумець, што вырыванне шаўкоўніцы з каранямі было вельмі цяжкім, калі ўлічыць, што ў Ізраілі яе карані і ствол абкладвалі камянямі і грудамі зямлі, каб не адбылося пералому. Акрамя таго, абкладзены зямлёю ствол ствараў параснік, які замяшчаў ролю ствала пасля яго пералому (ствол шаўкоўніцы дастаткова далікатны)[11].

У геральдыцы

Шаўкоўніца белая, яе лісце, плады і галіны прысутнічаюць на гербах адразу некалькіх іспанскіх адміністрацыйных адзінак, у тым ліку на гербах муніцыпалітэтаў Мараль-де-ла-Рэйна, Каратаунас, Чурыяна-дэ-ла-Вега, Ла-Марэра, Навальмараль, Навальмаралеха, Ла-Побла-дэ-Вальбона, Керо, Вілаўяда, Мараледа-дэ-Сафаёна, Мора-дэ-Эбро. Таксама выяву шаўкоўніцы белай можна пабачыць на гербе нямецкага Эркнера, французскага Ліёна і іншых населеных пунктаў

У філатэліі

У 1974 годзе выява шаўкоўніцы белай была выкарыстана Поштай В’етнама[12], а ў 2013 годзе — Поштай Украіны.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 85. — 160 с. 2 350 экз.
  4. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Тут чёрный и тут белый // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 105-107. — 200 с. 130 000 экз.
  6. Вехов В. Н. и др. Культурные растения СССР / Отв. ред. Т. А. Работнов. М.: Мысль, 1978. — С. 76. — 336 с.
  7. Постановление Совета Министров СССР и ЦК ВКП(б) от 20.10.1948 № 3960 (руск.)
  8. Вукићевић Емилија. Декоративна дендрологија. — 2.. — Београд, 1982. — С. 243-244.
  9. Катэгорыя батанічных помнікаў прыроды ў Малдове
  10. Приказ Рослесхоза от 05.12.2011 № 513 «Об утверждении Перечня видов (пород) деревьев и кустарников, заготовка древесины которых не допускается»
  11. Zofia Włodarczyk. Rośliny biblijne. Leksykon. — Kraków, 2011. — ISBN 978-83-89648-98-3.
  12. Паштовая марка В’етнама

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.