Аграгарадок
Шарсцін
± |
Шарсці́н[1] (трансліт.: Šarscin, руск.: Шерстин) — аграгарадок у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Прыснянскага сельсавета. Насельніцтва 528 чал. (2004).
Геаграфія
Знаходзіцца за за 18 км на паўночны захад ад Веткі, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Касцюкоўка (лінія Жлобін — Гомель), за 38[2] км у напрамку на поўнач ад Гомеля, каля ракі Сож. Палявая дарога злучае вёску з шашой Данілавічы — Ветка.
Гісторыя
Выяўленыя археолагамі гарадзішча VII—III стагоддзяў да н.э. (1 км на паўночны захад ад Шарсціна, ва ўрочышчы Гарадзішча), селішча культуры верхняга пласта Банцараўшчыны — VI—VIII стагоддзяў н. э. і эпохі Русі (0,4 км на паўночны захад ад вёскі), селішча ранняга жалезнага веку (0,5 км на поўнач ад заходняй ускраіны), селішча ранняга жалезнага веку і эпохі Русі (на паўночна-ўсходняй ускраіне) і селішча эпохі неаліту (0,3 км на ўсход ад вёскі) сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старажытнасці. Упершыню Шарсцін згадваецца ў XV ст. У 1471 годзе ён знаходзіўся ў валоданні Ю. Дранішчы, у 1560 — ротмістра Гомельскага замка К. Ленскага, на гасцінцы Рагачоў — Гомель. У 1640-х гг. Шарсцін значыцца ў інвентары Гомельскага староства. У 1752 годзе згадваецца ў актах Галоўнага Трыбунала.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шарсцін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1785 г. мястэчка знаходзілася ў валоданні Дзерналовічаў. У 1797 годзе тут адкрылася гута. Станам на 1845 год у Шарсціне было 85 двароў. На 1848 г. існавалі аднайменныя мястэчка, 3 фальваркі і 2 вёскі. На 1860 г. — 85 двароў, драўляная праваслаўная царква Раства Багародзіцы (у 1865 г. рамантавалася). На 1881 год — 180 двароў, хлебазапасны магазін, народнае вучылішча (у 1889 — 33 навучэнцы). Паводле вынікаў перапісу 1897 г. існавалі аднайменныя мястэчка (15 двароў, школа, прыстань, цагельня, 6 крамаў, карчма), сяло (192 двары, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, крупадзёрка, 3 кузні) і фальварак (6 двароў, капліца, вятрак, кузня). У 1899 годзе пачаў працаваць веласіпедны завод. На 1909 год — 215 двароў. 23 жніўня 1911 г. згарэлі 67 двароў, 36 гумнаў, скарбовая вінная крама і 2 дзіцяці. У 1911 годзе адкрылася пошта.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Шарсцін увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Шарсцін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам Шарсцінскага сельсавета. У гэты час тут было 285 двароў, пошта, хата-чытальня, пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, лекарскі пункт. У 1929 годзе працавалі 4 вятракі, 2 кузні, сталярная і шорная майстэрні. У 1930 годзе пачала працаваць цагельня. Станам на 1940 год у вёсцы было 293 двары, на 2004 — 230 гаспадарак. З 28 сакавіка 2023 года ў складзе Прыснянскага сельсавета[3].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1860 — 896 чал.; 1897 — 118 чал. у мястэчку Шарсцін, 1149 чал. у сяле Шарсцін і 34. у фальварку Шарсцін
- XX стагоддзе: 1926 — 1460 чал.; 1959 — 1240 чал.
- XXI стагоддзе: 2003 — 513[2] чал.; 2004 — 528 чал.[4]
Інфраструктура
У Шарсціне працуюць школа, фельчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
Планіроўка складаецца з доўгай простай вуліцы амаль шыротнай арыентацыі, да цэнтру якой з поўдня далучаецца кароткая простая вуліца. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу.
Вядомыя ўраджэнцы
- Міхаіл Іванавіч Гашкевіч (1864—1936) — дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі II склікання ад Магілёўскай губерні.
- Якаў Кірэевіч Мінін (1922—1965) — Герой Савецкага Саюза[5].
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Сядзібна-паркавы комплекс (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Капліца Нараджэння Прасвятой Багародзіцы
Памятныя мясціны
- Брацкая магіла савецкіх воінаў.
- Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую айчынную вайну.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 382.
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 28 марта 2023 г. № 447 Об изменении административно-территориального устройства Ветковского района Гомельской области
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 387.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — 632 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0303-9.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 382. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Szerstyń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. — S. 905.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 19. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх