Шантарскія астравы
руск. Шантарские острова
Характарыстыкі
Колькасць астравоў15 
Найбуйнейшы востраўВостраў Вялікі Шантар 
Агульная плошча2 500 км²
Найвышэйшы пункт701 м
Размяшчэнне
55°00′ пн. ш. 137°30′ у. д.
АкваторыяАхоцкае мора
Краіна
Шантарскія астравы (Расія)
Шантарскія астравы
Шантарскія астравы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Шанта́рскія астравы (руск.: Шантарские острова) — архіпелаг з 15 вялікіх і мноства малых астравоў і скал у Ахоцкім моры. Уваходзіць у склад Хабараўскага края Расіі. Агульная плошча — каля 2500 км².

Геаграфія

Шантарскія астравы размешчаны на паўднёвым захадзе Ахоцкага мора прыкладна за 265 км ад паўночнай часткі вострава Сахалін, 287 км ад вусця ракі Амур, 707 км ад горада Хабараўск, 5712 км ад Масквы і 6306 км ад Мінска. Бліжэйшы да архіпелага населены пункт Чумікан знаходзіцца за 100 км на захад.

Вылучаюць 15 астравоў і мноства дробных астраўкоў і скал. Самы буйны востраў Вялікі Шантар займае плошчу каля 1766 км². Некаторыя малыя астравы сфарміраваны базальтамі 56 — 37 млн гадоў таму. Аднак большая частка сушы складаецца са значна маладзейшых геалагічных пластоў, у якіх пераважаюць вапнякі і крамянёвыя пароды. Мяркуюць, што ў апошнюю ледавіковую эпоху паверхня Шантарскіх астравоў не была пад ільдом.

Рэльеф узгорысты, шмат скал. Частку ўзбярэжжа атачаюць пясчаныя і галечныя пляжы. Найвышэйшая кропка — гара Вясёлая (701 м, па іншых дадзеных 720 м) на Вялікім Шантары. На астравах ёсць маляўнічыя рэкі, вадаспады і азёры.

Клімат субарктычны прахалодны, больш характэрны для паўночнай часткі Ахоцкага мора. Лёд растае каля ўзбярэжжа толькі ў пачатку ліпеня, а ў жніўні пачынаецца восеньскае пахаладанне.

Прырода

Паверхня астравоў пакрыта лісцевымі і хваёвымі лясамі. Фаўна прадстаўлена 200 відамі птушак. Найбуйнейшы насельнік сушы — буры мядзведзь. Узбярэжжа астравоў і навакольныя воды наведваюць шматлікія ластаногія і кіты. У рэках нерастуюць ласосепадобныя.

Гісторыя

Расійскія казакі маглі бачыць Шантарскія астравы з заходняга ўзбярэжжа Ахоцкага мора яшчэ ў канцы XVII ст. Аднак іх адкрыццё звычайна прыпісваецца казацкай экспедыцыі 1713 г.

У 1728 г. з’явіўся імператарскі ўказ Пятра II займацца на Шантарах паляваннем на пушных звяроў.

У 1828 г. было заснавана паселішча Руска-Амерыканскай кампаніі. Аднак яно не мела сталага характару. У XIX ст. на Шантарскіх астравах таксама будаваліся часовыя базы амерыканскіх кітабояў. З сярэдзіны XIX ст. на астравах вяліся навуковыя даследаванні.

У 1926 г. на Шантарскія астравы была арганізавана экспедыцыя прадпрыемства «Дальрыба», пасля якой на востраве Вялікі Шантар быў пабудаваны пасёлак і арганізаваны саўгас. Але пазней яны былі ліквідаваны з-за стратнасці.

У 1999 г. на Шантарскіх астравах быў арганізаваны дзяржаўны прыродны заказнік. Вядзецца абмеркаванне стварэння нацыянальнага парка.

У наш час на востраве Вялікі Шантар працуе метэаралагічная станцыя. Сезонна астравы наведваюць турысты, паляўнічыя, рыбакі і вучоныя. Сталага насельніцтва няма.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.