Шалёўка — знадворная абшыўка дошкамі ці дранкамі сцяны, франтона і іншых элементаў драўлянага будынка. Выконвае дэкаратыўную і засцерагальную функцыі. Выкарыстоўваецца ў сядзібна-палацавым і культавым будаўніцтве, асабліва ў народным дойлідстве.
Беларусь
З'явілася ў беларускім манументальным дойлідстве XVII ст., пераважна ў сядзібна-палацавым і культавым, пад уплывам мураванай архітэктуры стылю рэнесансу. Пашырылася ў 2-й пал. XVIII ст. ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампіру. У сядзібным дойлідстве стварала гарызантальны, у культавым дойлідстве — вертыкальны рытм.
У народным дойлідстве шырока выкарыстоўваецца з 1940-1950-х гг. Вядомы шалёўка вертыкальная, гарызантальная, гарызантальная з нашчыльнікамі, камбінаваная, у елачку, ромбападобная і інш. На ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі шалёўка сцен і франтонаў утварае шэраг гарызантальных паясоў, кожны з якіх мае адметны малюнак. Вуглы закрываюцца дошкамі, часта з накладнымі элементамі ці прапілоўкай. Дэкаратыўны акцэнт узмацняюць фігурныя паяскі, ажурныя карнізы і інш. Арыгінальная шалёўка франтонаў жылля цэнтральнага Палесся з выкарыстаннем салярных матываў. Мастацкая выразнасць шалёўкі ўзмацняецца расфарбоўкай з выкарыстаннем кантрастных колераў ці розных адценняў аднаго колеру.
Літаратура
- Шалёўка. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх