Чэнчу (చెంచులు) | |
Агульная колькасць | 63 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | чэнчу |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | народ |
Чэнчу (тэлугу చెంచులు, літаральна «лясныя людзі») — племянная супольнасць у Паўднёвай Індыі. Насяляе галоўным чынам штат Андхра-Прадэш. Агульная колькасць - 63 тыс. чал.[1].
Паходжанне
Чэнчу размаўляюць на мове дравідыйскага паходжання, блізкай да тэлугу. Аднак ад сваіх суседзяў-тэлугу, ад якіх яны атрымалі сваё імя, гэты народ адрозніваецца месцам жыхарства (горныя шыракалістыя лясы), заняткамі (збіральніцтва і паляванне) і знешнім выглядам. Антрапалагічна чэнчу бліжэй да ведаў Шры-Ланкі. У іх малы рост, цёмная скура, хвалістыя або кучаравыя валасы і шырокія насы. Мяркуецца, што чэнчу з'яўляюцца прамымі нашчадкамі насельніцтва Паўднёвай Індыі каменнага веку.
Традыцыйная культура
Галоўныя заняткі чэнчу - паляванне і збіральніцтва ў лясах. Ужываюць у ежу мёд, карэнні і сцябло дзікіх раслін, мяса забітых імі жывёлін. Палююць з дапамогай лука і стрэл, радзей з агнястрэльнай зброяй. Характэрна, што і паляваннем, і збіральніцтвам яны займаюцца паасобку, а не гуртам. Мужчыны могуць пакідаць жытло на некалькі дзён, таму здабываюць больш, чым жанчыны. Апошнія клапоцяцца пра хатнюю гаспадарку і гатуюць ежу. Тое, што здабылі, ужываецца адразу ў ежу. Запасы не нарыхтоўваюць. Мёд, мяса і кветкі таксама збываюць гарадскім гандлярам і дзяржаўным кааператывам.
Месца жыхарства чэнчу абвешчана тыгровым запаведнікам, таму ўлады імкнуцца прыцягнуць традыцыйных паляўнічых да земляробства, але пакуль без асаблівага поспеху. У паселішчах часам маюць некалькі кароў для атрымання малака. Ялавічыну чэнчу не ядуць. Распаўсюджаныя рамёствы - пляценне, выраб паляўнічай зброі.
Вёскі чэнчу пента складаюцца з некалькіх трысняговых хацін, якія групіруюцца паводле сваяцтва іх уладальнікаў. На чале пента стаіць стараста педаманішы.
Чэнчу падзяляюцца на 26 родаў-готра, шлюбы паміж чальцамі якіх забаронены. Роды аб'ядноўваюцца ў 4 лакальныя групы. Агульнаплемянной арганізацыі не існуе.
Сем'і малыя нуклеарныя. Дапушчаецца пераход мужа ў сям'ю жонкі, але прымакі маюць абмежаваныя правы і разглядаюцца сваякамі жонкі толькі як часовыя госці без правоў на маёмасць. Шлюб суправаджаецца дамовай паміж маладымі пры ўдзеле старэйшын і святара. Дазваляюцца разводы і паўторныя шлюбы.
Мова
Чэнчу размаўляюць на непісьменнай мове, блізкай да тэлугу. Часам яна нават разглядаецца толькі як гаворка тэлугу. Адукацыя на мове тэлугу.
Рэлігія
Традыцыйная рэлігія — політэізм. Яна ўвабрала ў сябе многія рысы індуізму, у прыватнасці культ лінгамаў. Галоўны бог Малікарджуна часта атаясамляецца з Шывай. Вылучаецца пласт святароў-кулараджу.