Чырвоны Мазыранін | |
---|---|
![]() | |
Заснаванне | 1913 |
Размяшчэнне |
![]() |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | слодычы |
Сайт | korovka.by |
«Чырво́ны Мазыра́нін» — прадпрыемства харчовай прамысловасці ў Нароўлі, адкрытае 1 жніўня 1925 г. (пасля рамонту) на базе кандытарскай фабрыкі, заснаванай у 1913 г. ва ўласным нараўлянскім маёнтку дваранінам Расійскай імперыі Эдвардам Артуравічам Горватам (1866—1935). Адлік гісторыі прадпрыемства вядзецца з 1913 г.; дагэтуль працуе некаторае замежнае абсталяванне, купленае Эдвардам Горватам.
Гісторыя
Прыватнае прадпрыемства па перапрацоўцы гародніны і садавіны з уласных плантацый і садоў (а таксама купленых у навакольных сялян) і вырабу кандытарскай прадукцыі заклаў ва ўласным маёнтку Нароўлі дваранін Расійскай імперыі Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935). Першая прадукцыя выйшла ў 1913 г., у 1914 г. была зарэгістравана гандлёвая марка «Горват». Асноўнай прадукцыяй сталі мармелад, карамель, пасціла, павідла, джэм і сочыва.
- Гістарычныя будынкі фабрыкі. Фота 2017 г.
- Гістарычныя будынкі фабрыкі. Фота 2017 г.
- Гістарычныя будынкі фабрыкі. Фота 2017 г.
З прыходам бальшавікоў вытворчасць спынілася. Прадпрыемства было нацыяналізавана савецкай уладай без кампенсацыі Горвату, падчас грамадзянскай вайны (1917—1922) — разбурана. Толькі ў 1925 г. пад кіраўніцтвам камуністычнай партыйнай арганізацыі Мазыра фабрыка была адрамантавана, запрацавала і атрымала назву «Чырвоны Мазыранін» — у гонар таварыскай дапамогі мазырскіх рабочых пры аднаўленні прадпрыемства. З’яўлялася дзяржаўным прадпрыемствам. У 1927 г. перададзеная «Белкандытартрэсту».
У Другую сусветную вайну абсталяванне фабрыкі было эвакуіравана ў Расію. Пасля вайны аднаўленне фабрыкі пачалося зноў.
У 1986 г. пачалося будаўніцтва новага корпусу фабрыкі «Чырвоны Мазыранін», завезена новае абсталяванне; у снежні 1987 г. будаўніцтва было паспяхова завершана[1].
У 1996 г. дзяржаўная фабрыка пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. З 2000 г. у складзе беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белдзяржхарчпрам». У 2020 г. кіруючай кампаніяй стала ААТ «Мазырсоль». 5 красавіка 2021 г. кіраванне фабрыкай было перададзена гомельскаму СП ААТ «Спартак» без перадачы яму акцый прадпрыемства.
Прадукцыя
![](../I/%D0%A7%D1%8B%D1%80%D0%B2%D0%BE%D0%BD%D1%8B_%D0%9C%D0%B0%D0%B7%D1%8B%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%96%D0%BD._%D0%9F%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%96%D0%BB%D0%B0_%D0%B7_%D1%87%D1%8B%D1%80%D0%B2%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%B9_%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9.jpg.webp)
Фабрыка выпускае больш за 120 відаў прадукцыі: зефір, пасціла, мармелад, цукеркі, ірыс.
Кіраўнікі прадпрыемства[2]
- 1924 — Іван Гордзін (Голдзін), загадчык фабрыкі
- 1926 — М. Радыгін, дырэктар фабрыкі
- 1937—1941 — Рыгор Абрамавіч Дынаў
- 1944 — Міхась Сяргеевіч Мішын
- жнівень 1944—1953 — Сцяпан Сяргеевіч Скоблікаў
- 1954—1961 — Кузьма Мартынавіч Галіцын
- 1962—1964 — Мікалай Аляксандравіч Турсноў
- 1964—1974 — Марыя Іванаўна Кацапава
- 1974—1981 — Аляксандр Серафімавіч Маркевіч
- 1982—1989 — Васіль Іванавіч Засімовіч
- 1992—1994 — Мікалай Міхайлавіч Шаўцоў
- 1995—1996 — Марыя Пятроўна Ільючэнка
- 1996—2000 — Аляксандр Сяргеевіч Шчучкін
- 2000—2005 — Аляксандра Валянцінаўна Гараніна
- 2005—2008 — Алена Анатолеўна Касуха
- 2008—2011 — Валерый Вячаслававіч Таран
- 01.10.2011—11.04.2013 — Любоў Дзмітрыеўна Бобр
- 12.04.2013—2021 — Святлана Мікалаеўна Тачыліна
- з красавіка 2021 — Аляксандр Аляксандравіч Піляк, выканаўчы дырэктар (у сувязі са стварэннем кластара ААТ «Спартак» і «Чырвоны Мазыранін»)
Навукова-гістарычнае даследаванне
У 2022 годзе ўраджэнец Нароўлі, доктар гістарычных навук Уладзімір Васільевіч Тугай (нар. 1951) апублікаваў навуковую кнігу «Чырвоны Мазыранін»[3], якая стала першым усеахопным даследаваннем гісторыі стварэння і развіцця аднаго з галоўных і сімвалічных прадпрыемстваў горада — кандытарскай фабрыкі. У кнізе былі апублікаваны рэдкія фатаграфіі. Спансавала выданне кнігі адкрытае акцыянернае таварыства «Чырвоны Мазыранін».[4].
У мастацтве
У 2009 г. Адам Глобус намаляваў карціну «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка Чырвоны мазыранін»[5].
Зноскі
- ↑ С чего все начиналось: помещик Горватт создал водочное и пивное производство
- ↑ Тугай, У. В. Чырвоны Мазыранін. — Мінск, 2022. — С. 184.
- ↑ Тугай, У. В. Чырвоны Мазыранін / У. В. Тугай. — Мінск: Бел. навука, 2022. — 187 с.
- ↑ История ОАО «Красный Мозырянин» Архівавана 18 снежня 2022.
- ↑ Адам Глобус «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка „Чырвоны мазыранін“»
Літаратура
- Тугай, У. В. Чырвоны Мазыранін. — Мінск: Бел. навука, 2022. — 187 с.
- Уладзімір Тугай. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства // Европа : актуальные проблемы этнокультуры : материалы VIII Междунар. науч.-теорет. конф., г. Минск, 22 декабря 2014 г. / Бел. гос. пед. універсітэт им. М. Танка ; редкол. В. В. Тугай (отв. ред.) [и др.].. — Мн.: Минский государственный ПТК полиграфии, 2015. — С. 190—191.