Чырвоныя кхмеры | |
---|---|
кхмер.: ខ្មែរក្រហម | |
Ідэалогія | аграрны сацыялізм, кхмерскі нацыяналізм, мааізм, нацы-мааізм |
Этнічная прыналежнасць | кхмеры |
Рэлігійная прыналежнасць | атэізм |
Лідары | Нуон Чэа, Пол Пот, Сон Сен |
Штаб-кватэра | Пнампень |
Сфарміравана | 30 чэрвеня 1951 |
Саюзнікі | КПК |
Праціўнікі | урад Лон Нола |
Буйныя акцыі | генацыд у Камбоджы |
«Чырво́ныя кхме́ры» (фр.: Khmers rouges, кхмер.: ខ្មែរក្រហម) — неафіцыйная назва членаў Камуністычнай партыі Кампучыі, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях.
Напачатку партыя ўваходзіла ў Нацыянальны адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіанукам у Кітаі. Пасля таго, як атрады НАФК занялі сталіцу Камбоджы Пнампень (1975), уладу ў краіне захапілі «Чырвоныя кхмеры», а іх лідар Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 годзе Нарадома Сіанука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 годзе краіна стала называцца Дэмакратычная Кампучыя. У час праўлення «Чырвоных кхмераў» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн. чал.). У снежні 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Чырвоных кхмераў», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студзеня 1979 «Чырвоныя кхмеры» адхілены ад улады, але працягвалі партызанскую барацьбу супраць новага ўрада і в’етнамскіх войск. Пасля перамогі Нарадома Сіанука на выбарах 1993 («Чырвоныя кхмеры» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) войскі ўрада Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх.
Літаратура
- Адзярыха В. Чырвоныя кхмеры // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чырвоныя кхмеры