Чылаэ | |
---|---|
ісп. Chiloé | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 8 394 км² |
Насельніцтва | 154 775 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 18,44 чал./км² |
Размяшчэнне | |
42°40′36″ пд. ш. 73°59′36″ з. д. | |
Архіпелаг | архіпелаг Чылаэ |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Чылаэ́, або Вялікі востраў Чылаэ́ (ісп.: Isla Grande de Chiloé) — востраў ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна ля паўднёваамерыканскага ўзбярэжжа Чылі. Найбуйнейшы востраў архіпелага Чылаэ. Плошча вострава - 8 394 км². Насельніцтва (2002 г.) - 154 775 чал.
Геаграфія
Востраў Чылаэ займае плошчу 8 394 км² і з'яўляецца найбуйнейшым востравам архіпелага Чылаэ, Чылійскага архіпелага, другім па велічыні ў Чылі пасля астравоў Вогненнай Зямлі. Месціцца ў 965 км на паўднёвы захад ад Сант'яга, сталіцы Чылі. Даўжыня з поўдня на поўнач — 185 км. Найбольшая шырыня — 69 км.
Востраў марфалагічна звязаны з рэгіёнам Патагонскіх Андаў, знаходзіцца ў сейсмічна актыўнай зоне. Паверхня пагорыстая. Галоўны хрыбет цягнецца з поўдня на поўнач. Найвышэйшы пункт — гара Рэдонда (866 м). Паўночнае і ўсходняе ўзбярэжжы перарэзаны глыбокімі залівамі і фіёрдамі. На заходнім і паўднёвым узбярэжжах сустракаюцца нізінныя балоты, пясчаныя выдмы і доўгія пляжы.
Клімат мяккі вільготны. Гадавая колькасць ападкаў — 2035 мм.
Прырода
Сучасны прыродны комплекс вострава Чылаэ пачаў фарміравацца каля 15 тысяч гадоў таму ў сувязі з заканчэннем апошняй ледавіковай эпохі і вызваленнем паверхні вострава ад ледавіка. Для флоры Чылаэ характэрны хваёвыя і мяшаныя лясы. Распаўсюджаныя расліны — лістоўніца, мірт, дуб, дзікі агрэст, шыпшына, хвоя, арэхаплодныя хмызнякі. На востраве выяўлена больш за 400 разнавіднасцяў бульбы, што стала падставай для меркавання аб паходжанні гэтай расліны менавіта з Чылаэ.
Фаўна вострава Чылаэ адрозніваецца значнай разнастайнасцю. У свой час яна моцна захапіла Ч. Дарвіна. Тут адначасова сустракаюцца жывёлы, якія трапілі з субтрапічнай зоны Паўднёвай Амерыкі, у тым ліку малпы, папугаі, каціныя драпежнікі, калібры, і з субантарктычнай зоны, у тым ліку цюлені і пінгвіны. З Патагоніі паходзяць лісы, ласкі, выдры і інш. На востраве гняздуе шмат птушак — гарбаткі, вераб'іныя, лебедзі, бакланы і г. д. Навакольныя воды насяляюць кіты і дэльфіны.
Для аховы прыроды вострава Чылаэ створаны два нацыянальныя паркі, найбуйнейшым з якіх з'яўляецца Нацыянальны парк Чылаэ.
Гісторыя
Архіпелаг Чылаэ быў населены ў 12 тысячагоддзі да н. э. Найстаражытнейшымі насельнікамі вострава Чылаэ лічацца індзейцы-чона, вымерлыя ў XVIII ст. Яны займалі прыбярэжныя землі, вялі качавы лад жыцця, развівалі рыбалоўства і здабычу цюленяў і марскіх птушак. У XVI ст. пад ціскам іспанцаў на Чылаэ перасяліліся мапучэ.
Іспанскія мараплаўцы адкрылі востраў у 1553 г. У 1567 г. было заснавана самае старое іспанскае паселішча Кастра на ўсходзе вострава. У 1608 - 1767 гг. Чылаэ знаходзіўся пад фактычным кіраваннем ордэна езуітаў, які меў тут сталую місію, школы і калегіум. У 1787 г. востраў падпарадкаваны віцэ-каралеўству Перу. У 1810 - 1826 гг. Чылоэ з'яўляўся апорай манархічнай Іспаніі ў барацьбе супраць лацінаамерыканскіх рэвалюцый. У 1826 г. далучаны да Чылі.
У 1834 г. Чылаэ наведаў Ч. Дарвін.
У другой палове XIX - першай палове XX стст. востраў выкарыстоўваўся як прамежкавая база для каланізацыі Патагоніі.
Паселішчы поўначы Чылаэ моцна пацярпелі ад землятруса 1960 г.
Культура
Жыхары вострава Чылаэ адрозніваюцца адметнай народнай культурай. Іх асноўнымі заняткамі здаўна з'яўляюцца рыбалоўства, наёмная праца на марскіх суднах і сельская гаспадарка. На востраве распаўсюджаны асаблівы дыялект іспанскай мовы чылота, доўгі час развівалася традыцыйная драўляная архітэктура. На ўзбярэжжы ўсё яшчэ можна сустрэць хаціны рыбакоў на па́лях. Мясцовая кулінарыя славіцца вялікай колькасцю страў з бульбы і марскіх прадуктаў. На Чылаэ захавалася арыгінальная міфалогія, якая спалучае персанажаў з казак мапучэ і першанасельнікаў-чона з біблейскімі хрысціянскімі матывамі.
Інфраструктура
Адміністрацыйным цэнтрам Чылаэ з канца XVIII ст. з'яўляўся невялікі паўночны гарадок Анкуд. Ён злучаны паромнай пераправай з кантынентальнай часткай Чылі. Сучасны адміністрацыйны цэнтр, найстарэйшае паселішча і галоўны рыбалоўны порт — горад Кастра на ўсходнім узбярэжжы, пабудаваны на беразе маляўнічага фіёрда. У 2012 г. адкрыты аэрапорт. Мяркуецца, што гэта павінна станоўча паўплываць на развіццё турызма. На востраве маецца два нацыянальныя паркі і некалькі музеяў.
Галерэя
- Пейзаж на поўдні Чылаэ
- Выдмы на заходнім узбярэжжы
- Дарвінская ліса — карэнны насельнік Чылаэ
- Паселішча на палях у Кастра
- Касцёл на захадзе Чылаэ
- Пінкоя — міфалагічная істота Чылаэ
Спасылкі
- Principal Geological Aspects of the Chilean Fjord Region Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Flor y fauna de Chiloé
- History of Chiloé Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Isla Grande de Chiloé - Island of Legend and Lore Архівавана 4 красавіка 2015.
- Myth and Magic Infuse Chilean Island