Чортаў камень (Кравец) | |
---|---|
![]() | |
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды) |
|
Размяшчэнне | Беларусь, Вёска Вароніна, Сенненскі раён, Віцебская вобласць |
Плошча | 62 м2 |
![]() ![]() Чортаў камень (Кравец) |
|
Чортаў камень, або Кравец — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Размешчаны на беразе р. Абалянкі за 0,5 кіламетра на захад ад вёскі Вароніна Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
Апісанне
Прынесены ледавіком з паўднёвага захаду Фінляндыі 17-20 тысяч гадоў назад у перыяд паазерскага абледзянення[1].
_(05).jpg.webp)
Па форме нагадвае паралелепіпед, нахілены на поўдзень[1]. Складзены з чырвона-бурага граніту рапаківі. Даўжыня валуна складае 10,2 м, шырыня — 6,0 м (1,7 м у зямлі), вышыня — 2,7 м (з улікам падземнай часткі — каля 4 метраў)[2]. Аб'ём — каля 130 кубічных метраў, вага — 340 тон[1]. Чортаў камень з'яўляецца другім па велічыні валуном у Беларусі пасля Вялікага Каменя (Шумілінскі раён)[1].
Легенда
Паводле адной з легенд, у балоце, што знаходзіцца побач, жылі чэрці, якія любілі пажартаваць над п'янымі мужыкамі. Яны заводзілі мужыкоў у балота да каменя, тыя думалі, што дабраліся да ўласнай печы, распраналіся і лажыліся спаць на камені. Прачнуўшыся, яны ніяк не маглі зразумець, як яны сюды патрапілі, а чэрці ж рагочуць у хмызняку[2][3].
Паводле іншай легенды, пад гэтым каменем жыў чорт, які займаўся краўцоўскай справай. Ён шыў адзенне сялянам, а тыя разлічваліся з ім пятакамі. Нібыта адбіткі тых пятакоў i цяпер можна ўбачыць на камяні[2]. Аднойчы дрэнны чалавек вырашыў паджартаваць над чортам, кінуў на камень палатно і папрасіў сшыць «ні тое, ні сёе». На другі дзень з'явілася на камені, нешта незразумелае: адзін рукаў у падоле, іншы на спіне, а галаву няма ўва што прасунуць. З тых часоў пакрыўдзіўся чорт і адмовіўся шыць[4].
Яшчэ адна легенда распавядае пра тое, што адзін умелы кравец заганарыўся сваім майстэрствам і вырашыў працягваць сваю працу нават у Вялікдзень. Бог пакараў яго, ператварыўшы ў камень, які з той пары называюць Кравец[3].
Зноскі
- 1 2 3 4 Другі па велічыні валун у Беларусі — Чортаў камень — рыхтуецца стаць турыстычным аб'ектам
- 1 2 3 Помнікі гісторыі і культуры Сенненскага раёна(недаступная спасылка)
- 1 2 Витебская область. Сеннинский район. Управление спорта и туризма Витебского облисполкома
- ↑ Помнікі прыроды і Ахоўваемыя тэрыторыі(недаступная спасылка)
Літаратура
- Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / [А. К. Карабанаў, В. Ф. Вінакураў, Л. У. Дучыц і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут прыродакарыстання. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — 235 с. — ISBN 978-985-08-1295-7.