Часнок

Цыбуліны часнака
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Allium sativum L., 1753

Сінонімы


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  42652
NCBI  4682
EOL  1084926
GRIN  t:2368
IPNI  528796
TPL  kew-296499

Часно́к[3] (Allium sativum) — шматгадовая[4] травяністая расліна; від роду Цыбуля сямейства Амарылісавыя (Amaryllidaceae) падсямейства Цыбулевыя (Allioideae), раней адносілася да самастойнага, цяпер скасаванага сямейства Цыбулевыя (Alliaceae).

Папулярная агароднінная культура ў шматлікіх народаў па ўсім свеце, што тлумачыцца вострым смакам і характэрным пахам, звязаных з наяўнасцю ў складзе расліны тыяэфіраў (арганічных сульфідаў). Долькі цыбуліны («зубчыкі») выкарыстоўваюцца ў якасці пасяўнога матэрыялу, ужываюцца ў ежу (у сырым або прыгатаваным выглядзе, як заправа). Лісце, стрэлкі і кветканосы таксама ядомыя і ўжываюцца ў асноўным у маладых раслін.

Часнок шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне дзякуючы антысептычнаму дзеянню.

Назва

Беларускае слова «часнок» узыходзіць да праслав.: *česnъkъ, утворанаму ад *česnъ — суфіксальную вытворную ад дзеяслова *česti «часаць, скрэбці, ірваць, драць» з этымалагічным значэннем «расшчэпленая, расколатая (цыбуліна)»[5][6].

У паўночнай частцы Беларусі распаўсюджаны дыялектызм «чоснак» з націскам на першым складзе. У Віцебскай і Мінскай абласцях выкарыстоўваецца назва часнык гародны[7][8], у Гомельскай — часнак[9], у Гродзенскай — чоснік, часнык[9][10].

У чэшскай мове часнок метафарычна называецца чэшск.: židovská vanilka[11]. Падобная назва расліны маецца і ў кашубскай мове — żёdovsk'ė jabłka[12]. Гэтыя назвы звязаны са стэрэатыпным уяўленнем пра часнок (і цыбулю) як пра любімы кампанент ежы і адметную прыкмету перш за ўсё яўрэяў[13][14].

Па-латыні часнок называецца alium (з I стагоддзя н. э. з’яўляецца варыянт напісання — allium). Гэтае слова не мае агульнапрынятай этымалогіі. Існуе версія, што яно паходзіць ад āla «крыло» (па гэтай версіі, пад крылом маецца на ўвазе зубчык часнака)[15]. Гэта слова было выкарыстана ў якасці навуковай назвы — Allium Цыбуля — для шырокага роду, да якога, акрамя часнаку, адносяцца цыбуля рэпчатая (Allium cepa), чарамша (Allium ursinum) і многія іншыя расліны.

Відавы эпітэт у навуковай (лацінскай) назве часнака, sativum, перакладаецца як «пасяўны».

Распаўсюджанне і экалогія

Радзімай з'яўляецца Сярэдняя Азія. Акультурванне часнака адбывалася ў горных раёнах Таджыкістана, Туркменіі, Узбекістана, на поўначы Ірана, у Афганістане і Пакістане[16]. А. І. Увядзенскі выказаў здагадку, што часнок паходзіць ад цыбулі віду Allium longicuspis, які расце на дне цяснін ў гарах Туркменіі, на Цянь-Шані і Паміра-Алаі[17]. Пазнейшыя даследаванні пацвердзілі вернасць гэтай здагадкі і паказалі, што часнок генетычна не адрозніваецца ад віду Allium longicuspis[18][19].

Батанічнае апісанне

Злева направа: Карнявая сістэма,
цыбуліна,
зубок,
лісце
і кветканос (стрэлка) часнака

Часнок — шматгадовая травяністая цыбульная расліна[3].

Падземная частка

Каранёвая сістэма махрыстая.

Цыбуліна складаная, утварае ў пазухах сваіх лускавін ад 2 да 50 цыбулінак-«дзетак» (названых ва ўжытку «зубкамі» або «зубчыкамі»)[20], кожная з якіх пакрыта жорсткай скурыстай луской[21]. Цыбуліна круглявая, некалькі пляскатая, да сярэдзіны авальна-рабрыстая. Цыбуліны могуць быць белыя, жаўтлявыя, цёмна-фіялетавыя, ружова-фіялетавыя. З дапамогай цыбулінак часнок размнажаецца вегетатыўна, што і выкарыстоўваецца ў культуры[20]. Знешнія цыбулінкі даўгаватыя, да сярэдзіны патоўшчаныя; вонкавая паверхня выпуклая, унутраная — увагнутая.

Лісце

Лісце няполае, вузкае, ланцэтападобна-выцягнутае, жалабковае, з ніжняга боку з кілем[22], сантыметровай шырыні, завостранае да канца, цэльнакрайняе[23], прамастаячае або паніклае, у даўжыню дасягаюць 30-100 см. Кожны наступны ліст прарастае знутры папярэдняга, тым самым утвараючы ілжывае сцябло, больш трывалае, чым у рэпчатай цыбулі.

Кветканос (кветканоснае сцябло, стрэлка) — вышынёй ад 60 да 150 см[21], амаль да паловы апрануты ліставымі похвамі[22], да цвіцення на канцы закручваецца ў спіраль і заканчваецца суквеццем у выглядзе парасоніка[24], які да цвіцення пакрыты плёнкавай перапонкай[3].

Суквецце і кветкі

Суквецце — просты шарападобны парасон, які складаецца са стэрыльных кветак, паветраных размнажальных цыбулінак-бульбачак, пакрытых шчыльнай абгорткай-пакрывалам, з характэрным выцягнутым носікам[3]. Афарбоўка пакрывала — сартавая прыкмета.

У суквецці развіваюцца кветкі і бульбачкі (насення культурная расліна не дае). Колькасць бульбачак у суквецці, іх велічыня, форма і афарбоўка залежаць ад сорту. У сартоў з высокімі стрэлкамі бульбачкі дробныя, у суквецці ўтвараецца 120—300 кветак і 200—450 бульбачак. У сартоў з нізкімі стрэлкамі бульбачкі буйныя, у суквецці іх 5—30, кветак няма або яны адзінкавыя.

Кветкі на доўгіх кветаножках, з простым (гэта значыць без дыферэнцыяцыі на чашачку і вяночак), вяночкападобным калякветнікам, які складаецца з шасці пялёсткаў[22]. Пялёсткі калякветніка белыя або бледна-ліловыя, з адной жылкай, гладкія, маюць даўжыню каля 3 мм. Тычынак шэсць[17][25].

Плод і насенне

Плод — каробачка. Насення часнок амаль не дае[17].

Лік храмасом: 2n = 16, 48[26].

Біялагічныя асаблівасці

Часнок — шматгадовая расліна, якая размнажаецца вегетатыўна, з цыбулінай у якасці назапашвальнага органа.

Сарты часнаку ў межах кожнага тыпу захоўваюць свае асаблівасці ў пэўных глебава-кліматычных зонах і пры пераносе ў іншыя ўмовы вырошчвання могуць відазмяняцца.

У нястрэлкавага часнаку ў перыяд росту адрозніваюць ніжнюю патоўшчаную частку — будучую цыбуліну — 1 несапраўднае сцябло, што падтрымлівае лісце. У стрэлкавага часнаку ў цэнтры цыбуліны знаходзіцца цыбук (стрэлка), які заканчваецца суквеццем. Лісце часнаку пляскатае, лінейнае, кілепадобнае або жалабаватае. Цыбуліна складаная, з некалькіх зубкоў (ад 2 да 15). Форма, велічыня і афарбоўка цыбуліны залежаць ад сорту. Цыбуліны стрэлкавых сартоў круглаватыя ці круглавата-пляскатыя. Зубкі буйныя, размешчаны па крузе. У звычайнага часнаку цыбуліна ў большасці выпадкаў няправільнай формы, складзеная з некалькіх зубкоў рознай велічыні, вуглавата-круглаватая, сегментаваная. Зубкі размяшчаюцца няправільнымі канцэнтрычнымі кругамі або па спіралі. Звонку цыбуліна абкружана некалькімі агульнымі сухімі шалупінкамі з афарбоўкай ад фіялетавай да белай.

Хімічны склад

Свежы часнок (цыбуліна)
Харчовая каштоўнасць на 100 г прадукта
Энергетычная каштоўнасць 149 ккал 623 кДж
Вада58—59 г
Бялкі6,4 ±0,2 г
Тлушчы0,5 г
Вугляводы33,1 г
дыцукрыды1 г 

β-каратын5  мкг
Тыямін (B1)0,2 мг
Рыбафлавін (B2)0,1 мг
Ніяцын (B3)0,7 мг
Пантатэнавая кіслата (B5)0,6 мг
Пірыдаксін (B6)1,2 мг
Фалацын (B9)3 мкг
Аскарбінавая кіслата (віт. C)31 ±2 мг

Жалеза1,7 мг
Магній24—26 мг
Фосфар153 ±8 мг
Калій401 ±26 мг
Натрый17 мг
Цынк1,2 мг

Марганец1,7 мг 
Селен14 ±3 мкг 
Крыніца: USDA Nutrient database

У зубках часнаку 35—42 % сухіх рэчываў, 6—8 % сырога бялку, 7—25 % аскарбінавай кіслаты, вітамінаў В, РР, В2[3]. У часночным попеле выяўлены: фосфар, калій, медзь, малібдэн, кальцый, кобальт і інш. Асаблівае значэнне мае ёд[3], знойдзены ў ім каштоўныя для чалавека амінакіслоты. Па колькасці тыяміну часнок пераўзыходзіць іншую агародніну. Востры смак і пах часнаку надаюць эфірныя алеі і сульфіды. Лісце і маладыя цыбулькі часнаку маюць у сабе да 140 мг% вітаміну С, карацін (правітамін А). У лісці таксама ўтрымліваюцца 0,5 % цукроў, 20-27 % поліцукрыдаў.

Смак і пах часнаку абумоўлены наяўнасцю эфірнага алею (0,23-0,74 %), у якім утрымліваецца аліцін і іншыя арганічныя злучэнні сульфіднай групы (фітанцыды)[3].

Аліцын — эфірны алей часнака, арганічнае рэчыва, якое з'яўляецца наймацнейшым антыаксідантам, гэта значыць пазбаўляе клеткі ад свабодных радыкалаў[27]. У той жа час гэта рэчыва з'яўляецца моцнадзейным ядам, які здольны забіваць мікробы, ракавыя і здаровыя клеткі[28]. Аліцын уяўляе сабой складаную сумесь лятучых безазоцістых араматычных злучэнняў, якія складаюцца ў асноўным з полісульфідаў, якія валодаюць пякучым пахам[29]. Акрамя стэрылізуючага (супрацьмікробнага) дзеяння, аліцын аказвае раздражняльны, сокагонны і адхарквальны эфект[29].

Іншыя кампаненты
  1. Піравінаградная кіслата[30]
  2. Саліцын
  3. Сітастэрол
  4. Кафейная кіслата
  5. Хларагенавая кіслата
  6. Дыялілдысульфід
  7. Ферулавая кіслата (3-гідроксі-4-метоксі-фенілпрапенавая кіслата)
  8. Гераніол
  9. Кемпферол
  10. Ліналаол
  11. Алеанолавая кіслата
  12. Кумарынавая кіслата
  13. Флораглюцын
  14. Фіцінавая кіслата
  15. Кверцэцін
  16. РуцінРутин
  17. Алілцыстэін
  18. Сапаніны
  19. Стыгмастэрол

Культываванне

Старажытная культурная расліна, культурныя формы падзяляюць на стрэлкавыя сцеблаўтваральныя і звычайныя нястрэлкавыя. Стрэлкавы падвід вырошчваецца ў азімай культуры (высаджваецца восенню). Звычайны можа вырошчвацца ў яравой і азімай культуры.

Агратэхніка

Адрозніваюць яравы і азімы часнок. Азімы часнок аддае перавагу супяшчаныя глебы[31], а яравы добра расце на сярэдне- і лёгкасугліністых глебах[32].

Пад часнок выдзяляюць акультураныя, рыхлыя, лёгкія ўрадлівыя ўчасткі, лепшыя для яго глебы з нейтральнай рэакцыяй. Добрыя папярэднікі для часнаку — агуркі, гарбузы, кабачкі, ранняя і цвятная капуста. Бульба як папярэднік непрыдатная, таму што пасля яе часнок больш пашкоджваецца фузарыёзам; нельга часнок размяшчаць пасля цыбулі і часнаку раней як праз 4 гады. Участак павінен быць выраўнаваны, без застою расталых і дажджавых вод, добра асветлены[33]. Пры падрыхтоўцы ўчастка да пасадкі ўносяць перагной або кампост, суперфасфат, хлорысты калій. Вырошчваюць часнок звычайна на градах, схема пасадкі — аднарадковая з міжрадкоўямі 20—26 см.

Азімыя сарты размнажаюцца вегетатыўным шляхам трыма відамі пасадкавага матэрыялу[34]:

  • Зубкамі (бакавымі пупышкамі) цыбулін;
  • Адназубковымі цыбулінамі (сявок), якія гадуюцца з паветраных цыбулінак;
  • Паветранымі цыбулінкамі ў культуры праз рунь.

Для пасадкі выкарыстоўваюць буйныя і сярэдняга памеру цыбуліны, якія за 2—3 дні да пасадкі падзяляюць на зубкі. Высаджваюць часнок ранняй вясной, азімы часнок — увосень. Буйныя зубкі заграбаюць на адлегласці 8—10 см адзін ад аднаго, дробныя — 5—6 см на глыбіню 3—4 см ад верхавінкі зубка да паверхні глебы. Участак падтрымліваюць у рыхлым стане, чыстым ад пустазелля, паліваюць па меры неабходнасці, у перыяд вегетацыі.

Праз 2 месяцы пасля з’яўлення ўсходаў азімы часнок ідзе ў стрэлкі. Калі паветраныя цыбулінкі не выкарыстоўваюцца як пасадачны матэрыял, то пасля адрастання на 10—12 см да закручвання ў кольцы стрэлкі выдаляюць. Праз тры з палавінай месяцы пасля ўсходаў азімы часнок звычайна гатовы да ўборкі. Прыкметамі выспявання служаць пажаўценне і засыханне лісця, растрэскванне абгорткі суквецця ў адзінкавых раслін, змена афарбоўкі бульбачак. Ва ўмовах Беларусі часнок паспявае ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. Яго падкопваюць, выбіраюць з глебы і раскладваюць для прасушкі на 3—7 дзён. Потым часнок абразаюць, выдаляючы карані і надземную частку, пакідаючы частку стрэлкі над плечукамі цыбуліны вышынёй 1,5—2 см.

Калі для вырошчвання азімага часнаку выкарыстоўваюць паветраныя цыбулінкі, то стрэлкі зразаюць пры растрэскванні абгорткі, звязваюць у невялікія снапы і падвешваюць на пасляўборачнае даспяванне. Захоўваюць іх абмалочанымі або ў зрэзаных суквеццях. Сяўбу бульбачак праводзяць у тыя самыя тэрміны, што і пасадку зубкоў. На наступнае лета атрымліваюць дробную сеянку, якую выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.

Яравы часнок менш ураджайны, чым азімы, але валодае добрай лежнасцю, цыбуліны яго здольныя захоўвацца на працягу аднаго года, а ў некаторых сартоў і да 2 гадоў. Вырошчваюць яго так, як і азімы. Убіраюць пры масавым засыханні ніжняга лісця, пажаўценні і паляганні верхняга. У большасці сартоў гэта адзначаецца ў канцы лета — пачатку восені.

Сарты

Зверху ўніз: Ail blanc de Lomagne, Aglio Bianco Polesano, Ail rose de Lautrec

У Дзяржаўным рэестры селекцыйных дасягненняў Расіі па стане на снежань 2011 года ўнесена 19 сартоў азімага часнаку і 7 сартоў яравога часнаку[35].

Шэраг сартоў часнаку вырошчваецца ў Еўропе пад знакам ахоўнай назвы паходжання.
Сярод іх:

Шкоднікі і хваробы

Часнок пакутуе ад хвароб і шкоднікаў, многія з якіх характэрныя для відаў роду Allium, некаторыя паражаюць і іншыя цыбульныя расліны, а часам маюць больш шырокі спектр гаспадароў. Большасць хвароб і шкоднікаў маюць эндэмічны характар ​​і адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна або ўмоў вырошчвання. Хваробы культурных відаў цыбулі не паражаюць дзікарослыя або вельмі рэдкія ў іх[36].

Неінфекцыйным захворваннем з'яўляецца пажаўценне і засыханне кончыкаў лісця, часам — адміранне ніжніх лістоў, гэта адбываецца па прычыне нізкай вільготнасці глебы[37].

Інфекцыйныя захворванні

Часнок схільны да грыбковых і бактэрыяльных захворванняў. Вірусное захворванне, якое сустракаецца ў іншых відаў цыбулі — Мазаіка цыбулі — часнок не чапае[38].

Бактэрыяльная гнілата можа паражаць часнок як падчас вегетацыі, так і пры захоўванні. Выклікаецца бактэрыямі Erwinia carotovora, Erwinia aroideae, Pseudomonas xanthochlora. Праяўляецца ў выглядзе карычневых язвачак рознай формы і памераў на зубках цыбулін, зубкі становяцца шклопадобными, прымаюць выгляд «падмарожаных». Магчыма з'яўленне перламутравай афарбоўкі і рэзкага гніласнага паху. Часнок, разам з цыбуляй рэпчатай, адносіцца да відаў, якія найбольш паражаюцца бактэрыяльнай гнілатой[39].

Фузарыёз з'яўляецца адным з самых небяспечных захворванняў часнаку[40]. Выклікаецца грыбком Gibberella pulicaris і прыводзіць да пажаўцення лісця, на якім затым з'яўляецца ружовы налёт спор. Споры заражаюць цыбуліну з донца і выклікаюць адміранне каранёў. Паражоныя цыбуліны пры захоўванні праз месяц пакрываюцца белым або ружаватым міцэліем і згніваюць. Хвароба сустракаецца ў сярэдняй паласе, але пераважна распаўсюджаная ў больш паўднёвых рэгіёнах, дзе грыбок добра пераносіць зіму ў глебе[41]. Частата сустракаемасці фузарыёзнага завядання на часнаку дасягае ў асобныя гады 70 %, што выклікае ў перыяд вегетацыі і захоўвання страту ўраджаю ў памеры ад 17,8 да 50 %. Небяспека гэтага захворвання заключаецца не толькі ў значным зніжэнні ўраджаю, але і ў здольнасці ўзбуджальнікаў выпрацоўваць шырокі спектр небяспечных для здароўя людзей і жывёл мікатаксінаў[42].

Акрамя гэтага, часнок схільны да наступных грыбковых захворванняў[33]:

  • пяронаспароз, ці ілжывая сопкая раса (глядзіце пяронаспароз цыбулі) выклікаецца ааміцэтам Peronospora destructor. Часнок адносіцца да відаў цыбулі, якія пяронаспароз паражае ў адносна меншай ступені. Захворванне распаўсюджана ва ўсіх раёнах вырошчвання, акрамя рэгіёнаў з гарачым і сухім кліматам. Паразіт здольны доўга развівацца ў тканках расліны, не паказваючы яўных прыкмет паталогіі, хвароба пачынае праяўляцца ў перыяд споранашэння грыбка. На лісці і стрэлцы з'яўляецца шэры налёт, затым гэтыя часткі расліны засыхаюць, а цыбуліны недаспяваюць. Такія цыбуліны заражаныя спорамі, якія могуць прарасці пры высадцы на наступны год[43].
  • чорная цвіль, або стэмфіліёз выклікаецца паўсапрафітным аскаміцэтам Stemphylium allii. Паражае часнок пры вырошчванні ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату, для іншых відаў цыбулі з'яўляецца другасным захворваннем, спадарожным пяронаспарозу. Чорная цвіль паражае лісце, на якім з'яўляюцца жаўтаватыя плямы, потым пакрываюць цёмным цвілепадобным налётам; захворванне прыводзіць да зніжэння ўраджаю[44].
  • чорная шэйкавая гнілата — захворванне некаторых відаў цыбулі, выкліканае грыбком Botritis allii.
  • іржа,
  • Зялёная цвіль можа з'явіцца пры захоўванні, выклікаецца пеніцылам Penicillium glaucum[45].
  • чорная цвілепадобная гнілата (пры захоўванні),
  • белая гнілата.

Насякомыя-шкоднікі

Лічынкі цыбулевай мухі

Значную шкоду часнаку наносяць цыбулевыя мухі — некалькі відаў насякомых сямейства сапраўдных мух (Muscidae) і мух-журчалак (Syrphidae). Шкодзяць лічынкі, якія сілкуюцца сакавітай тканкай цыбулін. Пашкоджаныя цыбуліны загніваюць, лісце расліны жоўкне і засыхае[21].

  • Delia antiqua даўжынёй 5—7 мм, светла-шэрая са слабым зеленаватым адценнем на спіне. Лічынка даўжынёй да 10 мм, белая. Акрамя часнаку, пашкоджвае цыбулю-батун (Allium fistulosum), цыбулю рэпчатую, Allium ascalonicum і Allium porrum. Распаўсюджаная ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы, у тым ліку ў арктычных рэгіёнах. Мухі зімуюць у глебе і выходзяць з пупарыяў у сярэдзіне мая, лічынкі развіваюцца ў ліпені — жніўні, у больш цёплых рэгіёнах (Украіна) цыбулевая муха можа даваць два пакаленні[46].
  • Eumerus strigatus даўжынёй 6,5-9 мм, бронзава-зялёная. Лічынка даўжынёй да 11 мм, ад брудна-жоўтага да зеленавата-шэрага колеру, маршчыністая. Пашкоджвае цыбулю, часнок, цюльпаны, нарцысы, касачы, часам падземныя часткі бульбы, морквы, буракоў. Сустракаецца ў Еўразіі, у краінах былога СССР — паўсюдна, акрамя Крайняй Поўначы. Зімуюць лічынкі або пупарыі, мухі выходзяць у чэрвені і адкладаюць яйкі на працягу паўтары месяцаў. У жніўні — верасні з'яўляецца другое пакаленне.
  • Eumerus tuberculatus па распаўсюджванню і жыццёваму цыклу падобная з Eumerus tuberculatus, гэтыя віды маюць невялікія адрозненні ў марфалогіі імага[47].

Іншыя шкоднікі часнака[33]:

  • цыбулевыя трыпсы (Thysanoptera) — дробныя (даўжынёй 0,8-0,9 мм) насякомыя з махрыстымі крыламі. Цела вузкае, даўгаватае, светла-жоўтай або цёмна-бурай афарбоўкі. Лічынкі без крылаў, бялёсыя або зелянява-жоўтыя;
  • Ceutorhynchus jakowlewi — жук даўжынёй 2,2-2,5 мм, з тонкай доўгай падкурчанаю пад грудзі галаватрубкаю. Цела жука чорнае, пакрыта бялёсымі лускавінкамі, з-за чаго здаецца шэрым. Лічынкі даўжынёй да 6,5 мм, бязногія, жаўтлява-белыя, са светла-бурай галавой. Распаўсюджаны ва ўмераным клімаце ад Заходняй Еўропы да Казахстана. Жукі і лічынкі пашкоджваюць лісце, выклікаючы іх пажаўценне і ўсыханне. Часцей за нападаюць не на часнок, а на іншыя віды цыбулі[48].
  • цыбулевыя молі (Acrolepia assectella ([[Zeil.]]), Acrolepiopsis assectella caucasica ([[Zagulajev]])) — цёмна-карычневыя матылькі. Размах крылаў 8-10 мм. Гусеніцы жаўтлява-зялёныя, з падоўжнымі жаўтлявымі палосамі і плямамі, даўжынёй да 40 мм.
  • Ditylenchus allii — вельмі дробны ніткападобны белы чарвяк 1-1,5 мм даўжынёй і таўшчынёй 0,04 мм, добра прыкметны толькі пры моцным павелічэнні,
  • Некаторыя віды совак і іншыя.

Кляшчы-шкоднікі

  • Tyroglyphidae, прадстаўнікі родаў Tirophagus і Rhizoglyphus — дробныя, з авальным бялёса-шклопадобным целам васьміногія кляшчы даўжынёй 0,7-1,1 мм. Пашкоджваюць маладыя расліны цыбулі і часнаку ў грунце і пры захоўванні.
  • Aceria tulipae — выключна дробныя (0,21-0,25 мм), з падоўжаным целам, маюць усяго дзве пары хадзільных канечнасцей[49].

Значэнне і ўжыванне

Гісторыя культуры

Збор часнаку.
Выява з кнігі Tacuinum Sanitatis, XV стагоддзе (Нацыянальная бібліятэка Францыі)

З глыбокай старажытнасці часнок вырошчвалі ў Індыі, куды яго завезлі арыі. Індыйцы выкарыстоўвалі яго ў лячэбных мэтах, пры гэтым у ежу гэту расліну не ўжывалі з-за рэзкага паху[29].

Акультурванне часнака пачалося каля 5 тысяч гадоў назад[50]. Ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў антычнасці, яго апрацоўвалі рымляне, асірыйцы, егіпцяне, грэкі, яўрэі і арабы.

Самыя раннія вядомыя спасылкі паказваюць, што часнок быў важнай часткай штодзённага харчавання многіх егіпцян, таксама егіпецкія рукапісы гэтага перыяду апісваюць 800 лекавых прэпаратаў, 22 з якіх вырабляліся на аснове часнаку[51]. Ён уваходзіў у рацыён рабочых, занятых на цяжкай працы, напрыклад, пры будаўніцтве пірамід. У старажытнай гісторыі наогул часта згадваецца, што часнок давалі рабочым для падтрымання і павелічэння іх сілы, каб такім чынам павялічыць прадуктыўнасць іх працы[52]. Аднойчы ў Старажытным Егіпце (каля 1600 гадоў да н. э.) успыхнула паўстанне, калі працоўныя пры будаўніцтве пірамід не атрымалі часнок[51]. Невядома, ці быў папулярны часнок ў вышэйшага класа, ці ён быў ежаю толькі бедных слаёў, але вядома, што ў 1922 годзе пры раскопках грабніцы Тутанхамона, датаванай каля 1300 гадоў да н. э., былі выяўленыя цыбуліны часнаку[53]. Лук і часнок знаходзілі ў саркафагах на закрытых вачах і ва ўнутраных поласцях мумій[29]. Магчыма, часнок меў рытуальнае значэнне (альбо яго там пакінулі рабочыя)[54].

Часнок згадваецца ў Бібліі: «Прышэльцы сярод іх пачалі аддавацца прыхамаці; а з імі і сыны Ізраілевыя сядзелі і плакалі і казалі: хто накорміць нас мясам? Мы памятаем рыбу, якую ў Егіпце мы елі дарам, агуркі і дыні, і цыбулю, і рэпчатую цыбулю і часнок; а цяпер душа нашая знемагае; нічога няма, толькі манна ў вачах нашых» (Лік. 11:4 — 11:6). Гэта значыць, у Бібліі, датаванай V ст. да н. э. — II ст. н. э., ёсць звесткі аб тым, што ізраільцяне ў Старажытным Егіпце елі шмат цыбулі, часнаку і цыбулі-парэя, якіх ім не ставала ў падарожжах з Майсеем[29]. Згадка гэтай расліны ў Бібліі і Каране сведчыць пра яго вялікае значэнне ў якасці вострай прыправы і лячэбнай расліны для старажытных цывілізацый[16].

Выкарыстанне

Зверху: «Чорны часнок» - папулярная страва ў Японіі і Карэі. Унізе: часнок ў аліўкавым алеі - страва іспанскай кухні.

У кулінарыі

Дзякуючы востраму смаку, часнок шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце як заправа. Ён з'яўляецца важным элементам многіх страў у розных рэгіёнах, напрыклад, ва Усходняй і Паўднёвай Азіі, на Сярэднім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы; часнок — абавязковы атрыбут міжземнаморскай кухні.

У Карэі і Японіі галоўкі часнаку квасяць пры высокіх тэмпературах; атрыманы прадукт, так званы «чорны часнок», мае прыкра-салодкі смак; яго можна купіць у ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі, яго сталі вырабляць і прадаваць у Расіі.

Стрэлкі часнаку квасяць, соляць, марынуюць, тушаць.

У якасці прыправы выкарыстоўваюць сушоны молаты часнок. Ён бывае розных фракцый: шматкамі, дробнены, перамолаты ў муку[55].

Аёлі — соус, які ўяўляе сабой сумесь часнаку, аліўкавага алею і яечнага жаўтка, вельмі папулярны на поўначы Міжземнамор'я.

Турэн — часночны суп з Гасконі.

Спажываецца ён у свежым і марынаваным выглядзе, выкарыстоўваецца ў мясаперапрацоўчай, агароднінна-кансервавай прамысловасці, у медыцыне і ветэрынарыі.

У медыцыне

Часнок — каштоўны харчовы прадукт, які мае таксама і лекавае значэнне. У лекавых мэтах выкарыстоўваюць цыбуліны часнаку — лац.: Bulbus Allii sativi[3].

Часночны сок змяшчае ў сабе біялагічна актыўныя рэчывы, якія аказваюць супрацьмалярыйнае, фунгіцыднае (супрацьгрыбковае), супрацьгліставае, супрацьпратайзойнае, супрацьвіруснае і супрацьзапаленчае дзеянне[3][56][57][58].

Прэпараты на аснове часнака паніжаюць артэрыяльны ціск[3], актывізуюць сардэчную дзейнасць, паскараюць вывядзенне халестэрыну з арганізма, расшыраюць сасуды, паляпшаюць дзейнасць органаў стрававання[3]. Часнок ўмацоўвае дзясны, паніжае захворваемасць зубоў карыесам. Кашка і сок часнаку выкарыстоўваюцца для лячэння гнойных ран, язваў і апёкаў[3]. Пры прастудах, грыпе, ангіне, коклюшы добры эфект дае інгаляцыя парай часнаку. Часнок зніжае колькасць цукру ў крыві, прадухіляе цукровы дыябет.

У міфах Старажытнага Егіпта сумесь солі з часнаком згадваецца, як гарачкапаніжальны сродак[59].

У медыцыне ўжываюць прэпараты з цыбулін часнаку — настойку часнаку і спіртовую выцяжку (алілсат), якія ўзмацняюць рухальную і сакраторную функцыі страўнікава-кішачнага тракту, што спрыяе развіццю нармальнай кішачнай флоры і павышэнню супраціўляльнасці арганізма да прастудных, інфекцыйных захворванняў і служыць сродкам павышэння імунітэту арганізму[3][56]. Апошняе звязана яшчэ і з тым, што кампаненты часнаку павялічваюць актыўнасць фагацытаў, Т-лімфацытаў, макрафагаў і клетак-кілераў. Часнок прызначаюць унутр таксама для падаўлення працэсаў гніення[56] і закісання ў кішэчніку (пры атаніі кішэчніка і калітах). Таму ў якасці дабаўкі да ежы часнок можа прадухіліць атручванне няякаснымі прадуктамі[60].

Часнок гоіць і абеззаражвае раны. Лічыцца, што часночныя прэпараты стымулююць імунітэт і зніжаюць рызыку ракавых захворванняў[61][62][63].

Часнок змяшчае вялікую колькасць аліцыну. Сульфенавыя кіслоты, якія з'яўляюцца прадуктам распаду аліцыну, рэагуюць са свабоднымі радыкаламі. Гэта тлумачыць антыаксідантныя ўласцівасці часнаку, у якім няма флаваноідаў, як у зялёным чаі або вінаградзе[64].

Часнок для барацьбы з інфекцыямі і паразітамі

Тое, што часнок з'яўляецца прыродным антыбіётыкам, было навукова даказана толькі ў XIX стагоддзі, калі Луі Пастэр выявіў, што часнок здольны забіваць бактэрыі[56]. Свежы часнок валодае актыўнасцю супраць бактэрый Escherichia coli, Staphylococcus aureus, Salmonella і грыба Candida[60].

Даказана супрацьвіруснае дзеянне часнаку[65], у прыватнасці, часнок у пэўнай мэры дапамагае прадухіліць грып[66].

У барацьбе з паразітамі кішэчніка, у першую чаргу — са стужачнымі чарвямі, ўжываюць клізмы з растворам часнаку.

Дзеянне на сардэчна-сасудзістую сістэму

Часнок здольны зніжаць халестэрын ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці і агульны ўзровень халестэрыну, павышаць узровень карыснага халестэрыну ліпапратэінаў высокай шчыльнасці, а таксама зніжаць артэрыяльны ціск, што карысна для прафілактыкі атэрасклерозу і артэрыяльнай гіпертэнзіі[67].

Кампаненты аліцыну ўступаюць у рэакцыю з чырвонымі крывянымі клеткамі. У выніку рэакцыі ўтвараецца серавадарод, які памяншае напружанне сценак крывяносных сасудаў. Унутры крывяносных сасудаў рэчыва спрыяе больш актыўнаму крывацёку. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да зніжэння крывянага ціску, дазваляе даць больш кіслароду жыццёва важным органам і знізіць нагрузку на сэрца[68].

Супрацьпаказанні

Няма адзінага меркавання, ці разбурае часнок мікрафлору кішэчніка[69].

Цыбуля і часнок таксічныя для катоў і сабак[70].

Пры захворваннях нырак[29][71], жоўцекамянёвай хваробы, анеміі, язве страўніка ці кішэчніка[72] варта быць вельмі асцярожным ва ўжыванні часнаку.

Іншае

У ветэрынарнай практыцы прэпараты часнаку выкарыстоўваюцца для прафілактыкі захворванняў страўніка і кішэчніка ў цялят, ягнят, жарабят. Ужываюць яго таксама для прадухілення псавання прадуктаў харчавання (кладуць у крупы, муку), барацьбы са шкоднікамі і хваробамі сельскагаспадарчых раслін (высаджваюць паміж радамі іншых культур).

Класіфікацыя

Класіфікацыя Кронквіста (1988) адносіла гэты род да лілейных (Liliaceae), пазней паводле вынікаў філагенетычных даследаванняў род Цыбуля (Allium) быў выдзелены ў асобнае сямейства Цыбулевыя (Alliaceae) (Сістэма APG II), аднак у больш позняй Сістэме класіфікацыі APG III (2009) роды, якія ўваходзілі ў гэта сямейства, былі ўключаны ў сямейства Амарылісавыя (Amaryllidaceae)[73].

Таксанамічная схема
  яшчэ 13 сямействаў, сярод якіх найбольш буйныя — Касачовыя, Асфадэлавыя, Архідныя, Спаржавыя   яшчэ дзве трыбы: Gilliesieae, Tulbaghieae[74]   яшчэ некалькі соцень відаў, у тым ліку Цыбуля-батун, Цыбуля-парэй, Цыбуля рэпчатая, Цыбуля скарада, Цыбуля мядзведжая
           
  парадак Спаржакветныя     падсямейства Allioideae     род Цыбуля    
                   
  аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя     сямейства Амарылісавыя (каля 1600 відаў)     трыба Allieae    
Часнок
             
  яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін (згодна з Сістэмаю класіфікацыі APG III)[73]   яшчэ два падсямействы, Agapanthoideae і Amaryllidoideae[74]   яшчэ каля 15 родаў, з іх да роду Цыбуля найбольш блізкі Nectaroscordum  
       

Часнок у народнай культуры

Павер'і славян

Гандляр зелянінай.
Вілем ван Мірыс,
(1731)

У міфалогіі славянскіх народаў змеі шукаюць гаючыя травы і вылечваюцца з дапамогай іх, нават змяя, рассечаная папалам, датыкаючыся да гэтай травы, зноў зрастаецца. Успаміны пра змяіную траву пераважна звязваюцца з часнаком і цыбуляй. Таму часнаку прыпісваюцца магічныя ўласцівасці. На думку чэхаў, часнок на даху дома засцерагае будынак ад удару маланкі. У Сербіі існуе павер'е, што калі перад Дабравешчаннем забіць змяю, вырасціць на яе галаве цыбуліну часнаку, потым гэты часнок прывязаць да шапкі, а шапку надзець на галаву, то ўсё ведзьмы збягуцца і стануць адымаць часнок, таму што ў ім заключана вялікая сіла. Таму, хто хацеў атрымаць верх на судовым паядынку, ведзьмакі і знахары раілі забіць змяю, яе язык пакласці ў левы бот, а калі спатрэбіцца, то пакласці ў гэты бот тры долькі часнаку і ісці на судовае пасяджэнне або на поле бітвы. Часнаку прыпісвалася ўласцівасць праганяць ведзьмаў, нячыстых духаў і хваробы. Для гэтай мэты сербы націралі сябе сокам часнаку, а чэхі вешалі яго над дзвярыма. У некаторых вёсках паўднёвай Расіі, калі нявеста збіралася ў царкву, ёй завязвалі ў касу часнок для прадухілення наслання[75]. У міфалогіі славян і мастацкай літаратуры часнок — абярэг супраць вампіраў[76][77]. Гэтыя ўласцівасці прыпісваліся часнаку ў сувязі з яго моцным пахам[78].

Русіны выкарыстоўвалі часнок каб выявіць ведзьму. Для гэтага здзяйсняўся спецыяльны магічны абрад: у вігілію пасля вячэры збіралі часнок, які вырошчваўся да Вялікадня, і раскладвалі яго па кутах стала. Затым трэба было ўзяць пёры часнаку, якія выраслі, і пратрымаць іх у роце на працягу ўсёй службы ў царкве, пакуль не паставяць кулічы. У гэты момант становіцца відаць, што ў некаторых жанчын на галаве даёнка з малаком — гэта і ёсць ведзьмы[79].

Часнок лічыцца чароўнай раслінай у балгараў[80], а ў народаў поўначы — расліна сатаны[80].

Згодна з украінскай легендай, часнок вырас з зубоў вядзьмаркі, таму есці яго лічыцца грахом[81].

Падчас паморку жывёлы на Русі звязкі цыбулі і часнаку вешалі на шыю коней і кароў[82].

Павер'і індусаў

Старажытныя індыйцы згадваюць часнок — Джангіду — у адной з самых старажытных кніг, Атхарва-Ведзе, як сродак супраць хвароб і дэманаў, ракшасаў, злых духаў; гэта сродак, дадзены багамі, яго называюць тым, што далі сокі раллі. Гэта кудмень, які псуе вядзьмарства[83].

У іншым перакладзе іншымі словамі пра гэта ж кажа М. К. Рэрых у аўтаманаграфіі «1929 год Вясна». Там жа даецца пераклад слова джангіда[84].

Часнок ў сучасным свеце

У 2009 годзе ў сувязі з пандэміяй свінога грыпу ў Кітаі распаўсюдзіўся слых аб тым, што часнок дапамагае арганізму чалавека прадухіліць інфекцыю. На працягу года цэны на часнок у Кітаі павялічыліся амаль у 40 разоў[85][86].

У ЗША з 1998 года існуе штогадовы дабрачынны Фестываль часнаку, усе сродкі ад якога пералічваюцца ў дапамогу мясцовым дзецям, якія пакутуюць псіхічнымі расстройствамі[87].

Часнок ляжыць у аснове іспанскай кухні, а сярод самых вядомых аматараў гэтага прадукта — кароль Хуан Карлас I і Папа Рымскі Бенедыкт XVI. Іспанскі горад Лас-Педраньерас прызнаны сусветнай сталіцай часнаку[88][89].

У Варонежы адкрыўся першы ў свеце музей часнаку[90].

Часнок у літаратуры

На градзе сядзеў часнок
Пасярод гароду.
У расе сцюдзёнай мок,
Мёрз у непагоду.
Тонкі быў.
Ды вось чаго
Сталі пухнуць шчочкі?
Паглядзелі, а ў яго
Выраслі зубочкі.

Віктар Гардзей. «Часнок»[91].

У сусветнай літаратуры часнаку прыпісваюцца магічныя ўласцівасці супраць вампіраў.

Часнок у мастацтве

Часнок у геральдыцы

Часнок у скульптуры

Часнок у выяўленчым мастацтве

Часнок можна пабачыць на палотнах такіх мастакоў, як Вінцэнт ван Гог, Жан Батыст Шардэн, Марыяна Стоўкс, Эдуард Манэ і іншых.

Часнок у філатэліі

Часнок можна пабачыць на паштовых марках Ліхтэнштэйна і Рэспублікі Македонія.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Чеснок // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 90-92. — 592 с. 120 000 экз.
  4. Введенский А. И. Род 267. Лук — Allium L. // Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор и редактор тома акад. В. Л. Комаров. М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1935. — Т. IV. — С. 112—280. — 760 + XXX с. 5 175 экз.
  5. Этимологический словарь славянских языков. М.: Наука, 1977. — Т. 4. — С. 89-90.
  6. Słownik Prasłowiański. — Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk. — 1976. — Т. 2. — С. 172-173, 175-176.
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  8. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  9. 1 2 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. 2 350 экз.
  10. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  11. Березович Е. Л. Язык и традиционная культура. М., 2007. — С. 435.
  12. Sychta B. Słownik gwar kaszubskic. T. 1–7. — Wrocław — Warszawa, 1973. — С. 300.
  13. Rogowska E. Kaszubskie nazwy roślin uprawnych. — Gdańsk, 1998. — С. 45.
  14. Zowczak M. Biblia ludowa. Interpretacje wątków biblijnych w kulturze ludowej. — Wrocław, 2000. — С. 175–176.
  15. de Vaan M. Etymological dictionary of Latin and the other Italic languages. — Brill, 2008. — P. 33.
  16. 1 2 Eric Block. Garlic and Other Alliums: The Lore and the Science. — Royal Society of Chemistry, 2010. — 480 p. — ISBN 1849731802.
  17. 1 2 3 Введенский А. И. Род 267. Лук — Allium L. // Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор и редактор тома акад. В. Л. Комаров. М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1935. — Т. IV. — С. 112—280. — 760 + XXX с. 5 175 экз.
  18. Pooler, M. R. and P. W. Simon. Characterization and classification of isozyme and morphological variation in a diverse collection of garlic clones(англ.) // Euphytica : журнал. — 1993. — № 68. — С. 121—130.
  19. Volk, G. M., Henk, A. D., Richards, C. M. Genetic Diversity among U.S. Garlic Clones as Detected Using AFLP Methods(англ.) // J. Amer. Soc. Hort. Sci : журнал. — 2004. — № 129. — С. 559—569.
  20. 1 2 Фёдоров Ал. А., Кирпичников М. Э., Артюшенко З. Т. Атлас по описательной морфологии высших растений. Стебель и корень / Под общ. ред. чл.-кор. АН СССР П. А. Баранова. — М.—Л.: Изд-во АН СССР, 1962. — С. 59. — 392 с. 3 000 экз. Архівавана 14 студзеня 2014.
  21. 1 2 3 Луковые мухи (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
  22. 1 2 3 Коршиков Б. М., Макарова Г. В, Налетько Н. Л. и др. Лекарственные свойства сельскохозяйственных растений / Под ред. Борисова М. И., Соколова С. Я.. — Минск, 1985. — С. 38—40. — 272 с.
  23. Лекарственное растение чеснок(недаступная спасылка). Медицина и фармацевтика. medicina.kharkov.ua. Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2011. Праверана 19 снежня 2013.
  24. Терёхина Н. В.. Основные сельскохозяйственные культуры - Allium sativum L. - Чеснок.(недаступная спасылка). AgroAtlas — агроэкологический атлас России и сопредельных стран. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2010. Праверана 19 снежня 2013.
  25. Чеснок — Луковичные культуры — Овощные культуры(недаступная спасылка). Greeninfo.ru — электронная энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2009. Праверана 20 снежня 2013.
  26. Флора европейской части СССР / Отв. ред. Ан. А. Фёдоров. — Л.: Наука, 1979. — Т. IV. Ред. тома Ю. Д. Гусев. — С. 268. — 355 с. — 3950 экз.
  27. Учёные объяснили целительные свойства чеснока (руск.)(недаступная спасылка). Membrana: Люди. Идеи. Технологии.. «Мембрана» (9 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2012. Праверана 18 лютага 2011.
  28. Учёные научились уничтожать раковые опухоли «чесночной бомбой» (руск.)(недаступная спасылка). Membrana: Люди. Идеи. Технологии.. «Мембрана» (30 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2012. Праверана 18 лютага 2011.
  29. 1 2 3 4 5 6 Целительная сила чеснока и лука / Сост. Л. Г. Лебелева. СПб.: Нева, 2003. — 96 с. — ISBN 5-7654-2568-2.
  30. Hans Melchior, Hans Kastner: Przyprawy, badania botaniczne i chemiczne. Warszawa: Wydawnictwa Naukowo-Techniczne, 1978.
  31. Татьяна Казакова.. Озимый чеснок(недаступная спасылка). Супер садовник. ООО «Бонниер Пабликейшенз». Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2011. Праверана 25 студзеня 2010.
  32. Казакова Т.. Яровой чеснок (руск.)(недаступная спасылка). Супер садовник. ООО «Бонниер Пабликейшенз». Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2011. Праверана 25 студзеня 2010.
  33. 1 2 3 Брижань В. И. Чеснок — одна из самых древних культур // Арсеньевские вести : газета. — Владивосток: 2010. — № 34 (910).
  34. Сузан В. Г. Агротехника озимого чеснока // Аграрный вестник Урала : журнал. — Екатеринбург: Издательский дом Уральск. гос. сельскохоз. академии, 2007. — № 4. — С. 46—48. — ISSN 1997-4868.
  35. Реестр охраняемых селекционных достижений РФ Архівавана 28 студзеня 2016. (Праверана 8 снежня 2011)
  36. Казакова 1978, с. 223.
  37. Хохряков и др. 2003, с. 381.
  38. Казакова 1978, с. 227.
  39. Казакова 1978, с. 223—224.
  40. Лудилов В.. Чеснок заболел(недаступная спасылка). Газета Приморья «АВ». «Арсеньевские вести» (3 ноября 2005). Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2010. Праверана 10 ліпеня 2011.
  41. Казакова 1978, с. 226—227.
  42. Никульшин В. П. Селекция чеснока озимого на устойчивость к фузариозу // Аграрный вестник Урала : журнал / Под ред. Сёмина А. Н.. — Екатеринбург: Уральская государственная сельскохозяйственная академия, 2009. — В. 11. — № 65. — С. 66. — ISSN 1997-4868.
  43. Казакова 1978, с. 224—225.
  44. Казакова 1978, с. 226.
  45. Хохряков и др. 2003, с. 383.
  46. Бровдий и др. 1974, с. 547.
  47. Бровдий и др. 1974, с. 521.
  48. Бровдий и др. 1974, с. 154—155.
  49. Мишустин Р. И. Клещ чесночный четырёхногий (Aceria tulipae Keif) (руск.)
  50. Alimentary products and the cold chain: elements, insurance and loss prevention (англ.) (pdf)(недаступная спасылка). ANIA (1 лістапада 2005). — стр. 149. Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2006. Праверана 22 студзеня 2010.
  51. 1 2 Jerzy Lutomski. Известный и неизвестный чеснок = Czosnek znany i nieznany. — Варшава: Wydawnictwo Spółdzielcze, 1989. — С. 5—7. — ISBN 83-209-0721-7.
  52. Susan Moyers. Garlic in Health, History, and World Cuisine. — St. Petersburg, FL: Suncoast Press, 1996. — 264 с. — ISBN 0965423603.
  53. Orville C Green, Nicholas Polydoris. Garlic: Review & Recommendations. Cancer & Heart Disease. — Real Estate News Corporation, 1993. — 90 с. — ISBN 0963771302.
  54. Richard S. Rivlin. Historical Perspective on the Use of Garlic (англ.)(недаступная спасылка). The Journal of Nutrition. The American Society for Nutritional Sciences. — Department of Medicine, Memorial Sloan-Kettering Cancer Center and Weill Medical College of Cornell University, New York Presbyterian Hospital, New York. Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2009. Праверана 25 студзеня 2010.
  55. Чеснок (руск.). Энциклопедия специй. ООО «Мастер Спайс». Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2012. Праверана 12 студзеня 2010.
  56. 1 2 3 4 Анисимова О. Аптечка от природы: чеснок // Российские аптеки : журнал. — 2007. — № 22. Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2014.
  57. Беляков К. В. Чеснок. Объективно об эффективности // Consilium medicum : журнал / Под ред. проф. П. В. Морозова. — 2006. — Т. 4. — № 5. Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013.
  58. Турова А. Д. Лекарственные растения СССР и их применение. М., 1967.
  59. Рак И. В. Мифы Древнего Египта. СПб.: Петро-РИФ, 1993. — 270 с. — (Древний Восток: Религия. Мифология. Культура). — ISBN 5-85388-013-6.
  60. 1 2 Голан Л., Виноградова Н. Лекарственные растения. Современная Materia Medica. Справочник. — AND Group, Inc, 2009. — С. 204. — 260 с. — (Materia Medica). — ISBN 978-1-4116-8088-3.
  61. Wei-Cheng You et al. Allium Vegetables and Reduced Risk of Stomach Cancer(англ.) // JNCI Journal of National Cancer Institute. — 1988. — P. 162—164. — DOI:10.1093/jnci/81.2.162
  62. Garlic (англ.)(недаступная спасылка). — Артыкул пра часнок на сайце медыцынскага цэнтра універсітэта Мерыленда. — «In fact, researchers who reviewed 7 studies found a 30% reduction in risk of colorectal cancer among people who ate a lot of raw or cooked garlic.»  Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2012. Праверана 2 лютага 2012.
  63. Steinmetz K. A. et al. Vegetables, Fruit, and Colon Cancer in the lowa Women's Health Study(англ.) // American Journal of Epidemiology. — Oxford University Press, 1994. — Vol. 139 (1). — PMID 8296768.
  64. Учёные объяснили целительные свойства чеснока(недаступная спасылка). Мембрана (9 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2012. Праверана 18 ліпеня 2012.
  65. Tsai Y. et al. Antiviral Properties of Garlic: In vitro Effects on Influenza B, Herpes Simplex and Coxsackie Viruses // Planta Med. — 1985 Oct. — Vol. 51. — P. 460—461. — PMID 17342616.
  66. Nagai K. Preventive effect of garlic extract against influenza(яп.). — 1973 Sep. — Vol. 47. — С. 321—325. — PMID 4202430.
  67. University of Maryland Garlic(недаступная спасылка).
  68. Медики спорят о пользе чеснока для сердца(недаступная спасылка). Вокруг света. Изд-во «Вокруг Света» (16 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2012. Праверана 2 ліпеня 2011.
  69. Вреден ли чеснок(недаступная спасылка). Вредно ли (10 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 23 лютага 2014. Праверана 10 снежня 2009.
  70. What you should know about household hazards to pets (англ.)(недаступная спасылка). брошюра Американской ветеринарной медицинской ассоциации. American Veterinary Medical Association (сакавік 2009). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2009. Праверана 6 лютага 2010.
  71. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. м: Высш. шк., 1990. — С. 257. — ISBN 5-06-000085-0.
  72. Действие чеснока на кишечник и пищеварение(недаступная спасылка). Сайт: Всё о продуктах питания (красавік 2010). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2010. Праверана 2 красавіка 2010.
  73. 1 2 Angiosperm Phylogeny Group (2009) An update of the Angiosperm Phylogeny Group classification for the orders and families of flowering plants: APG III // Botanical Journal of the Linnean Society : часопіс. — Лондон: 2009. — Т. 161. — № 2. — С. 105—121. — DOI:10.1111/j.1095-8339.2009.00996.x (англ.) (Праверана 28 студзеня 2013)
  74. 1 2 Семейство Amaryllidaceae J. St.-Hil., nom. cons. Архівавана 21 лютага 2013. // Germplasm Resources Information Network (GRIN) — 3 чэрвеня 2003 (апошнія змены). (англ.) (Праверана 8 студзеня 2013)
  75. Афанасьев А. Н. Поэтические воззрения славян на природу. Опыт сравнительного изучения славянских преданий и верований в связи с мифическими сказаниями других родственных народов. В трёх томах. М.: Современный писатель, 1995. — Т. 2. — С. 194.
  76. Михайлова Т. А. Граф Дракула: проблема прототипа // Миф в фольклорных традициях и культуре новейшего времени : Зборнік. — 2009. — ISSN 978–5–7281–1079–8.
  77. Кузнецова И. В. Персонажи демонологии в славянских устойчивых сравнениях // Вестник Орловского государственного университета. — 2011.
  78. Колосова В. Б. Лексика и символика славянской народной ботаники. Этнолингвистической аспект. М.: Индрик, 2009. — С. 49. — 352 с. — ISBN 978-5-91674-026-4.
  79. Толстая С. М. Магические способы распознавания ведьмы // Studia Mythologica Slavica. — 1998. — С. 144.
  80. 1 2 Усачева В. В.. Чеснок(недаступная спасылка). Дом Сварога — языческий проект (Библиотека Дома Сварога). Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2010. Праверана 15 лістапада 2009.
  81. Булашёв Г. О. Вып. 1. Космогонические украинские народные воззрения и верования // Украинский народ в своих легендах и религиозных воззрениях и верованиях. — Киев, 1909. — С. 379.
  82. Решетников Н. Н. и др. Русский народный календарь: пословицы, поговорки, обычаи, обряды, имена. М.: Олма-Пресс, 2005. — С. 268. — 608 с.
  83. Атхарваведа. — Т. 1. Кн. 2, раздел 4. Против болезней и демонов — с амулетом джангида (в пер. Т. Я. Елизаренковой).
  84. Автомонография Н. К. Рериха.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2013. Праверана 21 лютага 2014.
  85. Sarımsak, altından değerli hale geldi (тур.). DÜNYA Online (9 снежня 2009). Праверана 19 снежня 2009.(недаступная спасылка)
  86. Чеснок на вес золота (руск.)(недаступная спасылка). Вокруг света. ООО «Издательство „Вокруг Света“» (27 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2011. Праверана 2 ліпеня 2011.
  87. В американском штате Мэн состоится 13-й благотворительный Фестиваль чеснока (Контрабанда, 25 жніўня 2011 года)
  88. "Испанский город официально признан столицей чеснока". euromag.ru [руская]. Холдинг «Евромаг медиа». 21 июля 2012. Праверана 2012-07-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  89. El Ajo Morado (ісп.). Las Pedroñeras Capital del ajo. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2012. Праверана 18 ліпеня 2012.
  90. Музей чеснока — Garlic Museum — Knoblauch Museum (руск.)
  91. Віктар Гардзей. «Часнок»

Літаратура

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Введенский А. И. Род 267. Лук — Allium L. // Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор и редактор тома акад. В. Л. Комаров. М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1935. — Т. IV. — С. 112—280. — 760 + XXX с. 5 175 экз.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.