Чартарыйскія | |
---|---|
![]() | |
Краіна паходжання | Вялікае Княства Літоўскае |
Тытул | князі |
Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае |
Першы з роду | Васіль Чартарыйскі |
Чартарыйскія, Чартарыскія — княжацкі род герба «Пагоня». Асаблівае значэнне ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай мелі ў XVIII стагоддзі, калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — «фамілію», якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. XVIII стагоддзя спрабавала правесці рэформы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расійскую імперыю, а пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю.
Паходжанне
Прозвішча атрымалі ў XV стагоддзі ад свайго маёнтку Чартарыйск на рацэ Стыр на Палессі (Луцкі павет Валынскага ваяводства). Спярша вызнавалі праваслаўе, у канцы XVI стагоддзя перайшлі ў каталіцтва[1]. Галоўная рэзідэнцыя — у горадзе Пулавы (Люблінскае ваяводства).
Паводле генеалагічнай традыцыі выводзілі свае карані ад князя Канстанціна Альгердавіча (?—1390), пры гэтым спасылаліся на пацверджанне каралём польскім Уладзіславам III іх сваяцтва з вялікім князем літоўскім Альгердам граматай ад 14 чэрвеня 1442 года. Аднак гісторыкі XIX стагоддзя выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі аб паходжанні Чартарыйскіх з зямель сучаснай Беларусі[1].
Пачынальнік роду Чартарыйскіх — уладальнік маёнтку Чартарыйск князь Васіль (? — пасля 1417), сынамі якога былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489).
Лагойская галіна роду (нашчадкі Аляксандра) у мужчынскім родзе згасла ў XVI стагоддзі. Ад унукаў Міхала (валынская галіна) паходзяць 2 асноўныя лініі роду: ад Аляксандра Фёдаравіча (?—1571) — чартарыйская лінія (згасла ў 1606 годзе), ад Івана Фёдаравіча (?—1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя (?—1662) пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая, клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Заходняй Еўропы), і малодшая, карэцкая (згасла ў 1810 годзе).
Княжацкі тытул Чартарыйскіх зацвердзіў Люблінскі сойм (1569).
На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш.
Найбольш вядомыя прадстаўнікі
- Казімір Чартарыйскі (1674—1741) — падканцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі (1696—1775) — канцлер вялікі літоўскі, кашталян віленскі
- Адам Казімір Чартарыйскі (1734—1823) — дзяржаўны дзеяч і літаратар
Галерэя
- Іканаграфія роду Чартарыйскіх
- Аляксандра Агінская (з Чартарыйскіх)
- Аляксандра Тышкевіч (з Чартарыйскіх)
Зноскі
Літаратура
- Грыцкевіч А. Чартарыйскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 739. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чартарыйскія