Чалавек (лац.: Homo sapiens sapiens) — найвышэйшая ступень развіцця жывых арганізмаў на Зямлі[1], прадстаўнік біялагічнага віду, сацыяльная істота і суб'ект гісторыі і культуры.
Чалавек як біялагічная істота
Арганізм чалавека складаецца з вялікай колькасці разнастайных па форме, памерах і функцыях клетак. Нягледзячы на спецыялізацыю (структурныя змяненні клетачных элементаў у адпаведнасці з функцыяй, якую яны выконваюць), усе яны маюць агульны прынцып будовы (плазматычная мембрана, цытаплазма, ядро, арганоіды) і валодаюць асноўнымі ўласцівасцямі жывога (абмен рэчываў і энергіі, раздражняльнасць, узбудлівасць, праводнасць, сакрэцыя, дзяленне і інш.), уключаючы падтрыманне пастаянства ўнутранага асяроддзя клеткі. Плазматычная мембрана аддзяляе клетачнае змесціва ад знешняга асяроддзя і рэгулюе паступленне ў клетку і вывядзенне з яе розных рэчываў. Арганоіды і ядро забяспечваюць жыццёвыя функцыі клеткі.
Падобныя па будове, функцыях і паходжанні клеткі фарміруюць тканкі. Па характары дзейнасці (спецыялізацыі) усе тканкі падзяляюць на чатыры групы: нервовую, мышачную, эпітэліяльную і тканкі ўнутранага асяроддзя.
3 тканак утвораны органы — анатамічна адасобленыя часткі арганізма. Органы, якія сумесна забяспечваюць выкананне адной або некалькіх функцый, аб'ядноўваюцца ў сістэмы органаў (дыхальную, крывяносную, стрававальную і інш.). 3 сістэм органаў утвораны цэласны чалавечы арганізм, які здольны процістаяць неспрыяльным уздзеянням знешняга асяроддзя, што несумяшчальны з жыццём асобнай клеткі або сістэмы.
Гл.: Прыматы, Гамініды, Генетыка, Эвалюцыя, Антрапагенез, Раса, Пол.
Паводзіны і псіхіка
У аснове паводзін і вышэйшых псіхічных працэсаў чалавека ляжыць дзейнасць кары вялікіх паўшар'яў галаўнога мозга. Работа мозга працякае пры адначасовым удзеле абодвух паўшар'яў. Асноўная задача мозга — забяспечыць інтэграцыю сінхронных працэсаў узбуджэння і тармажэння ў розных нервовых цэнтрах.
Паводзінская дзейнасць фарміруецца з улікам навакольных абставін (успрыманне і адчуванне) і папярэдняга жыццёвага вопыту (памяць). На аснове гэтай інфармацыі адбываецца пабудова мадэлі дзеянняў (мысленне).
Надзвычай важную ролю ў паўсядзённым жыцці і творчасці адыгрывае маўленне. Дзякуючы яму робяцца магчымымі зносіны паміж людзьмі, перадача вопыту іншым пакаленням. На аснове зносін узнікае свядомасць — вышэйшая форма адлюстравання рэчаіснасці.
Сіла чалавечага інтэлекту, здольнасць абстрактна мысліць, знаходзіць неардынарныя падыходы да рашэння розных задач — усё гэта робіцца магчымым дзякуючы ўзгодненай рабоце ўсіх аддзелаў мозга, інтэграцыі бягучых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Мозг з'яўляецца фундаментам, на аснове дзейнасці якога будуюцца ўсе псіхічныя працэсы. Яны вызначаюць паводзіны чалавека, які ажыццяўляе мэтанакіраваны кантроль над сваімі ўчынкамі і ацэньвае іх вынікі, узбагачае свае веды.
Гл.: Свядомасць, Розум, Мысленне
Чалавек як сацыяльная істота
Сацыяльнае асяроддзе — канкрэтныя грамадскія адносіны, традыцыі, маральныя і прававыя ўстаноўкі, пры якіх нараджаецца і жыве чалавек. Такім чынам, сацыяльнае асяроддзе ўтвараюць людзі, аб'яднаныя ў розныя групы, з якімі кожны чалавек знаходзіцца ў спецыфічных адносінах і зносінах. Сацыяльнае асяроддзе ўздзейнічае на чалавека, аказвае ціск, падпарадкоўвае грамадскай думцы, захапляе, а нярэдка і прымушае да пэўнай накіраванасці сацыяльных паводзін.
Навуковыя веды, жыццёвы вопыт, матывы розных учынкаў, якія чалавек чэрпае з сацыяльнага асяроддзя, з'яўляюцца вядучымі ў фарміраванні асобы чалавека. На аснове асабістых якасцей (узровень адукацыі, мэтанакіраванасць, арганізатарскія здольнасці і інш.) кожнаму чалавеку належыць у грамадстве пэўнае месца. Акрамя сацыяльнага асяроддзя ў шырокім сэнсе слова, якое мае на ўвазе ўсё грамадства, вылучаюць і малыя сацыяльныя асяроддзі. Да іх адносяць сям'ю, клас, працоўны калектыў, членам якога з'яўляецца дадзены чалавек.
За час развіцця чалавечай цывілізацыі былі выпрацаваны пэўныя нормы паводзін людзей у розных грамадскіх групах. Гэтыя асаблівасці паводзін не заўсёды былі аднолькавыя. Яны грунтуюцца на нацыянальных традыцыях, звычаях, сацыяльным і саслоўным дзяленні людзей, нормах маралі, веравызнанні і інш.
Гл.: Грамадства, Культура, Цывілізацыя, Антрапасацыягенез, Чалавецтва.
Чалавек як духоўная істота
Сутнасць чалавека, яго паходжанне і прызначэнне, яго месца ў свеце былі і застаюцца цэнтральнымі праблемамі філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва.
У антычнай філасофіі чалавек разглядаўся як частка космасу, «малы сусвет», мікракосм (Дэмакрыт) — адлюстраванне і сімвал Сусвету, макракосму. Паводле Арыстоцеля, чалавек — істота, надзеленая духам, розумам («разумнай душой») і здольнасцю да грамадскага жыцця. У хрысціянстве чалавек — вобраз і падабенства Бога. Філасофія эпохі Адраджэння зыходзіла з прынцыпу аўтаномнасці, дасканаласці і бязмежнасці творчых магчымасцей чалавека, разумення яго як цэнтра ўсяго Сусвету (макракосму). Р. Дэкарт сфармуляваў палажэнне аб мысленні як адзіным дакладным сведчанні чалавечага існавання. Г. Гегель лічыў чалавека суб'ектам духоўнай дзейнасці, які стварае свет культуры, з'яўляецца носьбітам агульназначнай свядомасці, усеагульнага ідэальнага пачатку — духу. Л. Феербах у межах антрапалагічнай канцэпцыі ставіў у цэнтр філасофіі чалавека, як пачуццёва-цялесную істоту. Марксісцкая канцэпцыя чалавека грунтавалася на ято трактоўцы як «сукупнасці ўсіх грамадскіх адносін». Прадстаўнікі розных філасофскіх кірункаў XVIII—XX ст. рабілі акцэнт на такіх спецыфічных асаблівасцях чалавека, як пачуццё (І. Гаман), воля (А. Шапенгаўэр), «гульня жыццёвых сіл» (Ф. Ніцшэ), інтуіцыя (А. Бергсон), перажыванне страху і канчатковасці існавання (М. Хайдэгер) і інш. Ідэі філасофіі жыцця і фенаменалогіі паслужылі асновай для ўзнікнення філасофскай антрапалогіі.
Генетычна звязаны з іншымі жывымі арганізмамі, чалавек адрозніваецца ад іх наяўнасцю свядомасці, абстрактнага мыслення і мовы, здольнасцю пранікаць у сутнасць навакольных прадметаў і самога сябе. Ён з'яўляецца суб'ектам грамадска-гістарычнага працэсу, творцам каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры, носьбітам традыцый, якія змяшчаюць у сабе дасягненні цывілізацыі. Чалавек ставіць перад сабой мэты і ўсведамляе матывы, якія заахвочваюць яго да дзейнасці. Неад'емнымі атрыбутамі чалавека з'яўляюцца перакананасць і вера — ад веры ў лагічныя ісціны да веры ў духоўны Абсалют. Як асоба чалавек — своеасаблівае адзінства агульначалавечых і індывідуальных якасцей. Ступень свабоды яго дзеянняў абмяжоўваецца прынятымі грамадствам маральнымі, прававымі нормамі і правіламі пэўнага віду дзейнасці. Аднак чалавек у пэўнай ступені свабодны ў выбары сацыяльных роляў, вызначэнні ў іх межах варыянтаў сваіх дзеянняў, праяўленні творчага падыходу да выканання сваіх абавязкаў. У працэсе далучэння да культуры ў чалавека выпрацоўваюцца механізмы самакантролю, якія выяўляюцца ў здольнасці намаганнямі волі рэгуляваць спектр сваіх імкненняў, захапленняў, інстынктаў, каштоўнасных арыентацый і да т.п.
Зноскі
- ↑ Характарызацыя чалавека як найвышэйшай ступені развіцця лічыцца некаторымі праявай антропацэнтрызму.
Літаратура
- Дубянецкі С. Ф., Марозаў В. Дз., Цягака Л. І. Чалаве́к // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 210. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Чалаве́к // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984. — Т. 5 кн. 2: Улада — Я / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 289. — 608 с. — 18 000 экз.
- Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. — ISBN 978-985-03-1531-1.
- Чалавек: Тэматычны слоўнік. — Мн.: Беларуская навука, 2006. — ISBN 985-08-0715-6.
- Фролов И. Т., Борзенков В. Г. Человек // Новая философская энциклопедия: В 4 т. (руск.) / Ин-т философии РАН, Нац. общ.-научн. фонд; Научно-ред. совет: предс. В. С. Степин, заместители предс.: А. А. Гусейнов, Г. Ю. Семигин, уч. секр. А. П. Огурцов. — М.: Мысль, 2010. — Т. 3. — С. 344—346. — 692 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-2-244-01118-0.