| |||||
Дэвіз: «Unité, Travail, Progrès" (фр. Адзінства, праца, прагрэс)» | |||||
Гімн: «La Tchadienne» | |||||
Дата незалежнасці | 11 жніўня 1960 (ад Францыі) | ||||
Афіцыйныя мовы | французская і арабская | ||||
Сталіца | Нджамена | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Сарх, Мунду, Абешэ, Аці | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм’ер-міністр | Махамат Дэбі Ітна Салех Кебзабо | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 20-я ў свеце 1 284 000 км² 1,9 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Шчыльнасць | ▲16 426 000[1] чал. ▲12,79 чал./км² | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2020) • На душу насельніцтва |
$▼ 10 829 076 801,73 [2] $▼ 659,27 [3] | ||||
ІРЧП (2019) | ▲ 0.398 [4] (нізкі) (▼ 187-ы) | ||||
Валюта | Франк КФА | ||||
Інтэрнэт-дамен | .td | ||||
Код ISO (Alpha-2) | TD | ||||
Код ISO (Alpha-3) | TCD | ||||
Код МАК | CHA | ||||
Тэлефонны код | +235 | ||||
Часавыя паясы | +1 |
Чад, Рэспубліка Чад — дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Мяжуе на поўначы з Лівіяй, на поўдні з ЦАР, на ўсходзе з Суданам, на захадзе з Камерунам, Нігерыяй, Нігерам. Сталіца — Нджамена. Афіцыйныя мовы — французская і арабская. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (11 жніўня).
Дзяржаўны лад
Чад — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996 года, ухваленая на рэферэндуме. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў, ён жа з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узброеных сіл. Заканадаўчы орган — Нацыянальны сход (125 дэпутатаў, іх тэрмін паўнамоцтваў 4 гады).
Геаграфія
Паверхня — плоская раўніна вышынёй 250—400 метраў. На поўначы нагор’е Тыбесты (вышыня да 3415 метраў, вулкан Эмі-Кусі), на паўночным усходзе плато Эрды і Энеды (вышыня да 1450 метраў), на паўднёвым усходзе масіў Вадаі (вышыня да 1666 метраў), на захадзе раўніна Канем. Карысныя выкапні: баксіты (запасы — 14 млн.тон), сода, соль, дыятаміты, вапнякі, каалін, нафта, уран, берыл, волава, медзь, золата. Клімат трапічны пустынны на поўначы, экватарыяльна-мусонны на поўдні. Сярэдняя тэмпература студзеня ад 15 °C на поўначы да 21 °C на поўдні, ліпеня адпаведна 30 °C і 33 °C. Ападкаў ад 100—250 мм на поўначы да 1000 мм на поўдні. Бываюць пясчаныя буры. Асноўныя водныя рэсурсы на поўдні краіны. Галоўныя рэкі Шары з прытокам Лагонэ (басейн возера Чад) і Батха (басейн возера Фітры). Расліннасць на поўначы прадстаўлена пустыннымі відамі (тамарыск, нізкарослая акацыя, вярблюджая калючка), у зоне Сахель — апустыненныя саванны з зараснікамі хмызнякоў на чырвона-бурых глебах, на поўдні — тыповыя саванны з баабабамі і пальмамі на чырвоных глебах. З жывёл ва ўнутраных раёнах пераважна траваедныя млекакормячыя (слон, жырафа, буйвал, насарогі, антылопы) і драпежнікі (леў, леапард, шакал, гіена). У рэках і азёрах — кракадзілы і бегемоты. Шмат птушак, змей, насякомых. Нацыянальныя паркі Закума і Манда, запаведнікі Абу-Тэльфан і Сініянка-Мінія.
Гісторыя
Чалавек насяляе тэрыторыю Чада з найстаражытных часоў. У 8 ст. у басейне возера Чад сфарміравалася Імперыя Канем, якая ў XII — XIII стст. уключала значную частку тэрыторыі сучаснага Чада. З XI ст. тут пашырыўся іслам, які стаў рэлігіяй пануючых вярхоў. У XVI ст. на ўсходзе Чада склалася дзяржава Вадаі, па паўднёвым захадзе — Багірмі; у канцы XIX ст. значная частка іх уладанняў увайшла ў склад дзяржавы Рабаха. У 1890-я гады на тэрыторыі Чада з’явіліся французскія войскі, якія ў 1900 г. знішчылі дзяржаву Рабаха, да 1914 г. падпарадкавалі ўсю тэрыторыю Чада, і як асобную калонію ўключылі яе ў склад Французскай Экватарыяльнай Афрыкі; з 1946 г. — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1947 г. створана Прагрэсіўная партыя Чада (ППЧ), прадстаўнікі якой у 1957 г. узначалілі першы нацыянальны ўрад краіны. З 1958 г. Чад — аўтаномная дзяржава ў складзе Французскага супольніцтва, з 11 жніўня 1960 г. — незалежная дзяржава. Старшынёй урада стаў Ф.Тамбалбай, які ў верасні 1960 г. быў абраны старшынёй ППЧ. 28 лістапада 1960 г. была прынята Канстытуцыя, якая была направлена на развіццё прадпрымальніцтва і прыцягненне замежных інвестыцый. У 1962 г. уведзены аднапартыйны рэжым ППЧ на чале з прэзідэнтам Ф.Тамбалбаем. Супраць яго вялі ўзброеную барацьбу мусульманскія народы Паўночнага Чада. У красавіку 1975 г. Тамбалбай забіты, уладу захапіў Вышэйшы ваенны савет на чале з генералам Ф.Малумам. Пад націскам паўночных паўстанцаў Малум у жніўні 1978 г. стварыў кааліцыйны ўрад на чале з лідарам Узброеных сіл Поўначы (УСП) Х.Хабрэ. У выніку ўзброенай барацьбы паміж рознымі паўночнымі групоўкамі ў лістападзе 1979 г. створаны Пераходны ўрад нацыянальнага адзінства (ПУНА) на чале з лідарам Фронту нацыянальнага вызвалення Чада (ФНВЧ) Г.Уэдэем; Хабрэ стаў міністрам абароны. З сакавіка 1980 г. разгарнулася грамадзянская вайна паміж ФНВЧ, якому дапамагалі Лівія, і УСП, што апіраліся на Францыю. У чэрвені 1982 г. УСП захапілі сталіцу — Нджамену. Хабрэ ў верасні 1982 г. абвешчаны прэзідэнтам Чада. У 1983—1987 гг. яго войскі разграмілі ўзброеныя сілы ФНВЧ і ўсталявалі кантроль над большай часткай тэрыторыі краіны. У верасні 1989 г. падпісана мірнае пагадненне паміж Чадам і Лівіяй. 1 снежня 1990 г. рэжым Хабрэ скінуты сіламі апазіцыі, якія ўварваліся з тэрыторыі Судана; іх лідар генерал І.Дэбі абвешчаны прэзідэнтам Чада. У кастрычніку 1991 г. дазволена шматпартыйнасць.
У студзені 1996 года ў Габоне паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі Чада была падпісана дэкларацыя аб прынцыпах унутранага ўрэгулявання. Пасля правядзення рэферэндума, у якім удзельнічалі 3,5 млн. грамадзян Чада, 31 сакавіка 1996 года прынята новая Канстытуцыя Чада. Прэзідэнцкія выбары 1996 года адбыліся на шматпартыйнай аснове і прайшлі ў два туры. Прэзідэнтам абраны Ідрыс Дэбі, які ў другім туры набраў 71,59%. Парламенцкія выбары 1997 года, якія прайшлі таксама ў два туры, прынеслі перамогу прэзідэнцкай партыі «Патрыятычны рух выратавання», якая атрымала 65 мандатаў з 125.
У эканамічнай палітыцы ўрад зрабіў стаўку на далейшае засваенне нафтавых радовішчаў, пачатае ў канцы 1970-х гадоў. Здабыча нафты на радовішчы Доба пачалася ў 1993 годзе. Яго засваенне вялося міжнародным кансорцыумам, у склад якога ўвайшлі амерыканскія кампаніі «ExxonMobil» (40% акцый), «Chevron» (25% акцый) і а таксама малазійская кампанія «PETRONAS». На эканоміку Чада спрыяльна паўплывала 50% дэвальвацыя франка КФА у 1994 годзе, а тэмпы эканамічнага росту ў 1997 годзе перавысілі 4,1%.
На прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе Ідрыс Дэбі, атрымаўшы 79,32% галасоў, зноў быў абраны прэзідэнтам. Згодна з новым выбарчым законам 2001 года, колькасць дэпутацкіх месцаў у Нацыянальным сходзе была павялічана са 125 да 155. Парламенцкія выбары 2002 года прынеслі пераканаўчую перамогу прэзідэнцкай партыі «Патрыятычны рух выратавання» — 113 мандатаў. У кастрычніку 2003 года у эксплуатацыю, сумесна з Камерунам, быў уведзены нафтаправод, што дазволіла краіне стаць новым экспарцёрам нафты ў рэгіёне. Дадатковыя расходы ўрада Чада з-за наплыву бежанцаў з Дарфура, дзе разгарэўся ваенны міжэтнічны канфікт, прывялі да значных эканамічных праблем у краіне (нявыплата па заработнай плаце і г.д.), што прывяло да забастовак асобных груп грамадзян. У маі 2005 года ў некаторых лагерах для бежанцаў з Дарфура адбыліся крывавыя сутыкненні бежанцаў з персаналам ААН, які зрабіў спробу спыніць спекуляцыю гуманітарнай дапамогай.
16 мая 2004 года групай ваенных у краіне была ажыццёўлена спроба дзяржаўнага перавароту. Прычынай мяцежа — выхадцаў з народнасці загава — стала іх незадаволенасць палітыкай прэзидэнта І. Дэбі ў дарфурскім канфлікце. У выніку 48-гадзінных перамоваў крызіс быў урэгуляваны без кровапраліцця.
Эканоміка
Валюта — франк КФА. 1 дол. ЗША = 480 франкам КФА.
Умовы наведвання
Мінімальны тэрмін афармлення візы — 3 дні. Колькасць анкет і фатаграфій — па 2 шт. Анкеты запаўняюцца на рускай або французскай мовах і адсылаюцца ў Канцылярыю пасольства Рэспублікі Чад у Маскве. Да візавага запыту прыкладаецца запрашэнне або факс і міжнародны сертыфікат аб прышчэпцы супраць жоўтай ліхаманкі. Тэрмін дзеяння ўязной візы — 90 дзён. Консульскі збор — 100 долараў ЗША. Бязвізавы транзіт не дазваляецца. Дзеці да 16 гадоў запісваюцца ў візу бацькоў (маці).
Пералёт да Нджамены магчыма ажыццявіць толькі праз Парыж, Дубаі, Хартум. Рэгулярныя рэйсы Парыж — Нджамена (чатыры разы на тыдзень) здзяйсняюць самалёты авіякампаніі «Эр Франс».
Пры перасячэнні мяжы неабходна прад’явіць пашпарт з уязной візай, запоўніць бланк паліцэйскага кантролю, у якім паказваюцца асноўныя біяграфічныя звесткі, мэта прыезду і г.д. Дазволены бязмытны ўвоз новых рэчаў і прадуктаў харчавання для асабістага спажывання, апроч аўдыя-, відэа- і камп’ютарнай тэхнікі. На ўвоз золата ў злітках патрабуецца дазвол Цэнтральнага банка Рэспублікі Чад. Забаронены ўвоз наркотыкаў, зброі і боепрыпасаў. Пры вывазе абавязковаму мытнаму кантролю падлягаюць зброя, боепрыпасы, рэдкія віды фаўны. Пры ўвозе і вывазе хатніх жывёл неабходна прад’явіць ветэрынарнае пасведчанне аб прышчэпцы супраць шаленства. Увоз і вываз нацыянальнай валюты не абмежаваны.
Беларускія грамадзяне, якія заязджаюць на тэрмін ад тыдня да 3 месяцаў па агульнаграмадзянскіх замежных пашпартах, падлягаюць абавязковай рэгістрацыі ў іміграцыйнай службе Міністэрства ўнутраных спраў на працягу 72 гадзін, а звыш 3 месяцаў (прыбыццё да сваякоў, праца па кантракце, адкрыццё свайго прадпрыемства і д.г.п.) павінны не пазней 10 дзён запытаць у цэнтральным камісарыяце паліцыі Нджамены дазвол на атрыманне візы на знаходжанне і віду на жыхарства (у абавязковым парадку патрабуецца даведка аб адсутнасці судзімасці, выдадзеная не раней, чым за тры месяца да прыбыцця ў Чад). Для працы па кантрактах замежнікам неабходна атрымаць дазвол Міністэрства працы.
Усе катэгорыі замежнікаў, якія легальна знаходзяцца ў краіне, могуць перасоўвацца па краіне без якія-небудзь абмежаванняў. Тым не менш, у адпаведнасці з арт. 20 Дэкрэту № 211, «па прычынах дзяржаўнай бяспекі або аховы грамадскага парадку свабода перамяшчэння і знаходжання замежных грамадзян у некаторых раёнах Чаду можа быць абмежаваная або забароненая». Не рэкамендуюцца паездкі ў паўночныя і ўсходнія раёны краіны, а таксама на возера Чад.
Па прыбыцці ў краіну варта звязацца з консульскай установай Расіі з тым, каб атрымаць рэкамендацыі па нормах асабістай бяспекі з улікам асаблівасцяў краіны знаходжання.
Адлегласць ад аэрапорта да цэнтра горада — 1,5 км. Кошт праезду на таксі ад аэрапорта да пасольства, а таксама сярэдні кошт адной паездкі на таксі — 2 тыс. франкаў КФА (каля 4 дал. ЗША). Грамадскі транспарт адсутнічае. Дарожны рух — левабаковы. Кошт 1 хвіліны тэлефоннай размовы з Мінскам — 2700 франкаў КФА (каля 5 дол. ЗША), тэлефонная размова ў межах Нджамены — 200 франкаў КФА (0,4 дол. ЗША). Маецца сотавая сетка GSM-900. Кошт абеду ў рэстаране — 20 тыс. франкаў КФА (40 дал. ЗША), нумары ў гасцініцы сярэдняга класа — 90-100 тыс. франкаў КФА (190—210 дол. ЗША). Медыцынскае абслугоўванне платнае. Колькасць кваліфікаваных лекараў абмежавана, некаторыя спецыялісты наогул адсутнічаюць. Для правядзення фота- і відэаздымак патрабуецца афіцыйны дазвол чадскіх уладаў. Фатаграфаванне ваенных аб’ектаў, адміністрацыйных будынкаў, аэрапортаў, паркаў і рэлігійных аб’ектаў забароненае.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).