Гістарычная дзяржава
Чэхаславакія
Československo, Česko-Slovensko
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Гімн: Czechoslovak anthem[d]
< 
 >
 >
1918  1993

Сталіца Прага
Мова(ы) чэшская, славацкая
Афіцыйная мова чэшская і славацкая
Рэлігія каталіцтва
Грашовая адзінка Чэхаславацкая крона
Плошча 127 900
Насельніцтва 15 600 000
Форма кіравання рэспубліка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чэхаславакія (чэшск.: Československo, славацк.: Česko-Slovensko (да 1990 Československo)) — краіна ў Цэнтральнай Еўропе, якая існавала ў перыяд з 1918 па 1992 г. (за выключэннем перыяду напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны).

Гісторыя

Першая рэспубліка (1918—1938)

Створана ў лістападзе 1918 года ў час распаду Аўстра-Венгрыі пры актыўнай падтрымцы дзяржаў Антанты. Рух за вылучэнне чэшскіх і славацкіх зямель са складу Аўстра-Венгрыі, які аформіўся 13 ліпеня 1918 года ў Чэхаславацкі нацыянальны камітэт (Národní výbor československý), узначаліў Томаш Гарыг Масарык, які знаходзіўся ў час вайны ў эміграцыі. 14 кастрычніка 1918 года быў створаны Чэхаславацкі часовы ўрад (Prozatímní česko-slovenská vláda), а 14 лістапада, шляхам расшырэння Чэхаславацкага нацыянальнага камітэта за кошт дэпутатаў Рэйхсрата ад чэшскіх зямель — Рэвалюцыйны нацыянальны сход (Revoluční národní shromáždění). 29 лютага 1920 года Рэвалюцыйны нацыянальны сход прыняў Канстытуцыйную хартыю Чэхаславацкай Рэспублікі (Ústavní listina Československé republiky), якая абвяшчала Чэхаславакію дэмакратычнай парламенцкай рэспублікай, заканадаўчым органам стаў Нацыянальны сход (Národní shromáždění), які складаўся з Сената (Senát) і Палаты дэпутатаў (Poslanecká sněmovna) і які выбіраўся па многамандатных выбарчых акругах тэрмінам на 6 гадоў, главой дзяржавы станавіўся Прэзідэнт (Prezident), якія выбіраўся Нацыянальным сходам тэрмінам на 7 гадоў і ажыццяўляў прадстаўніцкія функцыі, выканаўчым органам — Урад (Vláda), які прызначаўся Прэзідэнтам і нёс адказнасць перад Нацыянальным сходам. Першым прэзідэнтам Чэхаславакіі быў выбраны Томаш Масарык. У 1935 годзе Масарыка змяніў шматгадовы міністр замежных спраў Эдвард Бенеш. Захаваўшы шматпартыйны ліберальна-дэмакратычны лад і не скаціўшыся, у адрозненне ад шматлікіх дзяржаў Еўропы, у 1930-я гады да дыктатуры, Чэхаславакія, аднак, пала ахвярай кампрамісу шэрагу краін з Гітлерам (Мюнхенскае пагадненне 1938 года).

Другая рэспубліка (1938—1939)

Асноўны артыкул Другая Чэхаславацкая рэспубліка

Увосень 1938 года пасля Мюнхенскага пагаднення Чэхаславакія пазбавілася Судэцкай вобласці, якая адышла да Германіі. На змену Першай рэспубліцы прыйшла недаўгавечная і падкантрольная Германіі Другая рэспубліка на чале з Эмілем Гахам, у яе складзе Славакія і Падкарпацкая Русь атрымалі аўтаномію (пры гэтым 2 лістапада 1938 года паводле першага Венскага арбітражу паўднёвыя раёны Славакіі з горадам Кошыцы і паўднёвая частка Падкарпацкай Русі былі перададзены Венгрыі). Чэшская частка Цешынскай Сілезіі была анексавана Польшчай.

Пратэктарат Багеміі і Маравіі (1939—1945)

14 сакавіка 1939 г. рэйхсканцлер Германіі Гітлер выклікаў чэхаславацкага прэзідэнта Эміля Гаху ў Берлін і прапанаваў яму прыняць пратэктарат Германіі над Чэхіяй і Маравіяй і надаць незалежнасць Славакіі. Э. Гаха пагадзіўся на гэта, быў падпісаны дагавор аб стварэнні Пратэктарата Чэхіі і Маравіі, прэзідэнтам якога стаў Э. Гаха. Пры ўводзе германскіх войскаў адзіную арганізаваную спробу супраціўлення ў горадзе Містак (цяпер Фрыдак-Містак) распачала рота капітана Карала Паўліка.

Калона германскіх ваенных у Чэхаславакіі

15 сакавіка 1939 года ўказам рэйхсканцлера Германіі А. Гітлера Чэхія і Маравія былі абвешчаны пратэктаратам Германіі. Кіраўніком выканаўчай улады пратэктарата быў прызначаны фюрарам рэйхспратэктар (ням.: Reichsprotektor). Першым рэйхспратэктарам 21 сакавіка 1939 года быў прызначаны Канстанцін фон Нойрат. Існавала таксама фармальная пасада прэзідэнта пратэктарата, якую ўвесь час яго існавання займаў Эміль Гаха. Асабовы склад аддзелаў, аналагічных міністэрствам, быў укамплектаваны службовымі асобамі з Германіі. Яўрэі былі выгнаны з дзяржаўнай службы. Палітычныя партыі былі забаронены, многія лідары Камуністычнай партыі Чэхаславакіі перабраліся ў Савецкі Саюз.

Славакія на чале з аўтарытарным саюзнікам Гітлера Іозефам Ціса стала незалежнай дзяржавай, а Карпацкая Украіна, якая абвясціла 15 сакавіка незалежнасць, была праз 3 дні цалкам акупавана венгерскімі войскамі і ўключана ў склад Венгрыі.

У эміграцыі (Лондан) з пачаткам Другой сусветнай вайны другі прэзідэнт Чэхаславакіі Эдвард Бенеш стварыў Урад Чэхаславакіі ў выгнанні, які карыстаўся падтрымкай антыгітлераўскай кааліцыі (з 1941 г. да яе далучыліся ЗША і СССР). Існуе тэорыя працягу існавання чэхаславацкай дзяржавы, паводле якой усе рашэнні, прынятыя на тэрыторыі краіны пасля Мюнхена да 1945 г., былі несапраўднымі, а Бенеш, які падаў вымушана ў адстаўку, увесь гэты час захоўваў прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

Насельніцтва Чэхіі і Маравіі было мабілізавана ў якасці рабочай сілы, якая павінна была працаваць на перамогу Германіі. Для кіравання прамысловасцю былі арганізаваны спецыяльныя ўпраўленні. Чэхі былі абавязаны працаваць на вугальных шахтах, у металургіі і на вытворчасці ўзбраення; частка моладзі была адпраўлена ў Германію. Вытворчасць тавараў народнага спажывання была зменшана і ў значнай меры накіравана на забеспячэнне нямецкіх узброеных сіл. Насельніцтва пратэктарата зведала строгае нармаванне.

Міністр юстыцыі пратэктарата Багеміі і Маравіі Яраслаў Крэйчы выступае з прамовай у Табары, 1942

У першыя месяцы акупацыі германскае кіраванне было ўмераным. Дзеянні гестапа былі накіраваны пераважна супраць чэшскіх палітыкаў і інтэлігенцыі. Аднак 28 кастрычніка 1939 года на 21-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Чэхаславакіі чэхі выступілі супраць акупацыі. Смерць 15 лістапада 1939 года студэнта-медыка Яна Оплетала, параненага ў кастрычніку, выклікала студэнцкія дэманстрацыі. Рэакцыя Рэйха была жорсткай. Пачаліся масавыя арышты палітыкаў, таксама былі арыштаваны 1800 студэнтаў і выкладчыкаў. 17 лістапада ўсе ўніверсітэты і каледжы ў пратэктараце былі закрыты, дзевяць студэнцкіх лідараў пакараны смерцю, сотні людзей былі адпраўлены ў канцлагеры.

Увосень 1941 года ўлады Германіі распачалі шэраг радыкальных крокаў у пратэктараце. Намеснікам рэйхспратэктара Багеміі і Маравіі быў прызначаны начальнік Галоўныя ўпраўленні імперскай бяспекі Райнгард Гайдрых. Прэм'ер-міністр Пратэктарата Чэхіі і Маравіі Алаіс Эліяш быў арыштаваны, а затым расстраляны, чэшскі ўрад рэарганізаваны, усе чэшскія культурныя ўстановы былі закрыты. Гестапа пачало арышты і пакаранні смерцю. Была арганізавана высылка яўрэяў у канцлагеры, у гарадку Тэразін было арганізавана гета. 4 чэрвеня 1942 года Гайдрых памёр, паранены падчас аперацыі «Антрапоід». Яго пераемнік, генерал-палкоўнік Курт Далюгэ, распачаў масавыя арышты і пакаранні смерцю. Былі разбураны пасёлкі Лідзіцы і Лежакі. У 1943 годзе каля 350000 чэшскіх рабочых былі дэпартаваны ў Германію. У межах пратэктарата ўся неваенная прамысловасць была забаронена. Большасць чэхаў падпарадкаваліся і толькі ў апошнія месяцы вайны ўступілі ў рух Супраціўлення.

Трэцяя Чэхаславацкая Рэспубліка (1945—1948)

Аднаўленне эканомікі Чэхаславакіі

5 красавіка 1945 года на першым пасяджэнні ўрада ў Кошыцах была афіцыйна абвешчана праграма, распрацаваная Камуністычнай партыяй і ўхваленая на перамовах у Маскве. Яна ўвайшла ў гісторыю пад назвай Кошыцкай урадавай праграмы.

У эканамічнай частцы праграмы ўрад Чэхаславакіі вылучыў некалькі ключавых праблем — хутка аднавіць народную гаспадарку разбураную ў час вайны, закласці асновы новай сацыяльнай палітыкі «ў інтарэсах усіх слаёў працоўнага народа», і аператыўна забяспечыць перадачу маёмасці здраднікаў пад кіраўніцтва нацыянальных актываў (дакумент гаворыць «маёмасць немцаў, венграў, здраднікаў радзімы», за выключэннем нямецкіх і венгерскіх антыфашыстаў), на страчанай зямлі правесці зямельную рэформу. Патрабаванне нацыяналізацыі народнай гаспадаркі ўрадам у праграме канкрэтна не згадваецца, але ў цэлым лічылася з ім. Яе аб'ём мусіў быць вырашаны толькі пасля вызвалення ўсёй краіны. Гэта патрабаванне было настолькі папулярнае сярод насельніцтва, што супраць яго ніхто не выйшаў адкрыта. Абмоўкі несацыялістычных партый у абмеркаванні нацыяналізацыі тычыліся галоўным чынам памераў нацыяналізацыі, яе скорасці, ролі кааператываў, а таксама некаторых арганізацыйных і працэдурных пытанняў.

Чэхаславацкая Рэспубліка (1948—1960)

Асноўны артыкул: Чэхаславацкая Рэспубліка (1948-1960)

Паражэнне нацызму ў 1945 г. прывяло да няпоўнага аднаўлення чэхаславацкай дзяржаўнасці на ранейшай тэрыторыі (за выключэннем Падкарпацкай Русі, у гэтым жа годзе перададзенай разам з часткай славацкага Кралёвахлмецкага раёна (Чоп і наваколлі) УССР). 28 кастрычніка 1948 года быў утвораны Часавы Нацыянальны сход Чэхаславацкай Рэспублікі (Prozatímní Národní shromáždění). 26 мая 1946 гады прайшлі выбары ў Нацыянальны Устаноўчы сход (Ústavodárné Národní shromáždění), першае месца на якіх заняла — КПЧ, другое — ЧНСП, трэцяе — ЧНП, чацвёртае — ЧСДП, Прэзідэнтам стаў Эдвард Бенеш, Старшынёй Урада — Старшыня КПЧ Клемент Готвальд. 4 ліпеня 1947 г. кабінет міністраў Чэхаславакіі прагаласаваў за план Маршала і за ўдзел у Парыжскім саміце. Але ўжо 7 ліпеня прэм'ер-міністр Готвальд быў выкліканы для тлумачэнняў у Маскву. Адразу ўслед за гэтым, кабінет міністраў прыняў рашэнне не ехаць у Парыж. У гэты ж час праводзілася палітыка дэпартацый — немцы і венгры былі дэпартаваны з краіны (гл. Дэкрэты Бенеша). Эканамічнае становішча краіны пагаршалася і большасць насельніцтва непасрэдна звязвала гэта з адмовай ад плана Маршала.

Пры падтрымцы СССР сілу набрала Камуністычная партыя Чэхаславакіі, якая прыйшла да ўлады ў лютым 1948 г. 9 мая 1948 года Нацыянальны Устаноўчы сход прыняў Канстытуцыю Чэхаславацкай Рэспублікі, паводле якой заканадаўчым органам станавіўся Нацыянальны сход, главой дзяржавы — Прэзідэнт, які выбіраўся Нацыянальным сходам, выканаўчым органам — Урад, органам аўтаноміі Славакіі — Славацкі Нацыянальны Савет, органамі мясцовага самакіравання — краявыя, раённыя, абшчынныя, гарадскія, раённыя нацыянальныя камітэты, судовымі органамі — Вярхоўны Суд, краявыя суды, раённыя суды. Прэзідэнтам быў выбраны Клемент Готвальд, Старшынёй Урада — Антанін Запатацкі. У тым жа годзе былі ўведзены адзіныя кандыдацкія спісы, якія складаліся Нацыянальным Фронтам, большасць у якіх належала Камуністычнай партыі Чэхаславакіі.

У краіне ўсталяваўся звычайны ўсходнееўрапейскі камуністычны рэжым, які першыя пяць гадоў суправаджаўся рэпрэсіямі на ўзор сталінскіх. Некаторая лібералізацыя была звязана з амаль адначасовай смерцю Сталіна і Готвальда ў сакавіку 1953 і затым — хрушчоўскімі рэформамі ў СССР. Часам даходзіла да беспарадкаў, так 1 чэрвеня 1953 г. у чэшскім горадзе Пльзень рабочыя заводаў «Шкода», незадаволеныя грашовай рэформай, адмовіліся выйсці на працу, і замест гэтага — выйшлі на вуліцы. Дэманстранты захапілі ратушу, спалілі гарадскі архіў. Пасля дробных сутыкненняў з паліцыяй у горад былі ўведзены танкі, і дэманстранты былі вымушаны разысціся. Пасля смерці Клемента Готвальда Прэзідэнтам стаў Запатацкі, Старшынёй Урада Вільям Шыракі, Першым сакратаром ЦК КПЧ (пасада Старшыні КПЧ была скасавана) — Антанін Новатны. Пасля смерці Запатацкага ў 1957 годзе Прэзідэнтам стаў Новатны.

Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка (1960—1990)

З 1960 Чэхаславацкая Рэспубліка стала называцца Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікай (ЧССР). У гэтай абрэвіятуры аднаму слову «Чэхаславацкая» адпавядае дзве літары — «ЧС».

З 1962 г. эканоміка краіны знаходзілася ў перманентным крызісе — пяцігадовы план 1961—1965 гг. быў правалены па ўсіх паказчыках. Увосень 1967 г. у Празе прайшлі дэманстрацыі пратэсту супраць курсу ўрада. У 1968 годзе спроба рэфармавання палітычнай сістэмы (Пражская вясна) была задушана войскамі Варшаўскага дагавора (аперацыя «Дунай»).

З нацыянальна-дзяржаўнага пункта першыя 20 паваенных гадоў у Чэхаславакіі існаваў так званы асіметрычны нацыянальна-дзяржаўны лад: чэшская нацыя не мела сваіх нацыянальна-дзяржаўных органаў, а славацкая мела (Славацкі нацыянальны савет і нацыянальныя камітэты на месцах), што азначала пэўную ступень нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі для Славакіі. У той жа час цэнтральныя органы дзяржаўнай улады па факце выконвалі ў чэшскіх землях тую ж ролю, што славацкія нацыянальныя органы ў Славакіі, застаючыся пры гэтым кіравальнымі і для апошняй, што стварала для чэшскіх зямель пэўныя прэферэнцыі.

Чэхаславацкая сацыялістычная рэспубліка 1969?1989

З 1 студзеня 1969 года ў ЧССР быў уведзены федэратыўны падзел краіны на Чэшскую Сацыялістычную Рэспубліку і Славацкую Сацыялістычную Рэспубліку, па аналогіі з рэспублікамі СССР і СФРЮ.

Наступныя дваццаць гадоў, калі краінай кіраваў Густаў Гусак, былі адзначаны палітыкай «нармалізацыі» (палітычнага застою пры эканамічным стымуляванні). У 1989 камуністы пазбавіліся ўлады ў выніку аксамітныя рэвалюцыі, а краіну ўзначаліў пісьменнік-дысідэнт Вацлаў Гавел з 31.12.1989 — апошні прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэхіі.

Распад Чэхаславакіі (1993)

Падзенне камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе прывяло да ўзмацнення тэндэнцый палітычнага размежавання Чэхіі і Славакіі. Посткамуністычныя эліты абедзвюх частак дзяржавы ўзялі курс на незалежнасць.

У 1990 годзе разгарэлася так званая «злучковая вайна». Чэшскія палітыкі настойвалі на захаванні ранейшага напісання «Чэхаславакія» ў адно слова, славакі патрабавалі злучковага напісання: «Чэха-Славакія». У выніку кампрамісу з 29 сакавіка 1990 года краіна стала афіцыйна называцца «Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка» (ЧСФР), скарочаная назва «Чэхаславакія» па-славацку магла пісацца са злучком, па-чэшску — без злучка[1].

1 студзеня 1993 краіна мірным шляхам распалася на Чэхію і Славакію, адбыўся так званы аксамітавы развод (па аналогіі з аксамітнай рэвалюцыяй).

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.