Цэнтурыён (лац.: centurio) — у старажытнарымскім войску прафесійны малодшы афіцэр, які ўзначальвай найменшую вайсковую адзінку — цэнтурыю (50-100 чалавек). У кожным легіёне было 60 цэнтурыёнаў, па 6 у кожнай з кагортаў, іх званні мелі строгую іерархію як у межах кагорты (ад hastatus posterior — «ніжэйшы», да primus pilus — «вышэйшы»), так і паміж кагортамі: чым меншы быў нумар кагорты (ад 1 да 10), тым ніжэй быў статус цэнтурыёна. Цэнтурыёны рэдка павышаліся ў статусе ў адной кагорце, звычайна яны праходзілі значную колькасць легіёнаў, кожнаму пераводу адпавядала прызначэнне на больш высокую ступень.
Паступовая эвалюцыя статусу
Спачатку цэнтурыя была падраздзяленнем прымітыўнага легіёну і легіёну Сервія Тулія. Пазней легіён быў падзелены на драбнейшыя падраздзяленні — маніпулы, кожная з якіх складалася з двух цэнтурый — правага і левага «крыла». Цэнтурыён, які ўзначальвай першае, зваўся «prior», другое — «posterior». С другога боку салдаты дзяліліся на 3 катэгорыі: triarii («трыярыі», старэйшыя), principes («прынцыпы», сярэднія) і hastati («гастаты», малодшыя). Адпаведна было 10 цэнтурыёнаў трыярыяў, 10 — ад прынцыпаў, 10 — ад гастатаў, якія адрозніваліся паміж сабою нумарам маніпулы.
Іерархія цэнтурыёнаў адзначалася адначасова разрадам (прынцыпы, трыярыі ці гастаты) і рангам унутры кожнага з разрадаў. Аднак няма поўнай згоды навукоўцаў як цэнтурыёны павышаліся ў званні. Адны сцвярджаюць, што цэнтурыёны павінны былі праходзіць паслядоўна 10 ступеняў posteriores ў гастатаў, затым 10 ступеняў тых жа posteriores у прынцыпаў, затым 10 ступеняў posteriores у трыярыяў, каб зноў вярнуцца да гастатаў ужо ў як цэнтурыён prior і зноў прайсці ўсе 30 ступеняў — да звання цэнтурыёна 10 ступені prior у трыярыяў. Іншыя лічаць, што найперш трэба было прайсці 10 ступеняў posteriores і 10 ступеняў prior у гастатаў, затым пераадолець гэтыя ж узроўні ў прынцыпаў і трыярыяў.
У канцы Рэспубліканскай эпохі ўведзена дзяленне на найбуйнейшыя часткі легіёна — кагорты. У кожным легіёне цяпер было 10 кагортаў, кожная з якіх дзялілася на 6 маніпул, а кожная маніпула — на 2 цэнтурыі. Апошняй была дзясятая кагорта, а першая — самай ганаровай. Цэнтурыёны першай кагорты мелі званне primi ordines; яны займалі выключнае становішча, прымалі ўдзел ў ваенным сходзе і атрымлівалі ад галоўнакамандуючага самыя адказныя даручэнні. Цэнтурыён першай цэнтурыі першай кагорты меў званне primipilus і вельмі высокі статус, быў фактычна памочнікам камандзіра легіёна. Іерархія цэнтурыёнаў захавалася і пры імперыі. Адзіная ўнесеная змена была вынікам колькаснага павелічэння першай кагорты. Пры гэтым новым парадку колькасць цэнтурыёнаў у ёй была паменшана да пяці. Сам жа легіён цяпер налічваў 59 цэнтурыёнаў.
Пры поўным штатным складзе (які не заўсёды быў) кожны цэнтурыён узначальваў 80 чалавек. У элітных кагортах парадак быў іншы. Прыміпіл (primipilus), паводле Вегецыя, камандаваў 400 людзьмі, цэнтурыёны prior і praetorii ўзначальвалі 150 чалавек, primus princeps posterior — 150, primus hastatus posterior — 100. Акрамя 59 штатных цэнтурыёнаў, верагодна, былі ў легіёне і іншыя, размеркаваныя адпаведна званням паміж рознымі кагортамі, якім галоўны камандзір даручаў выкананне асабістых адміністрацыйных задач.
Службовы рух
У рэспубліканскую эпоху цэнтурыёны паднімаліся па кар’ернай лесвіцы з радавых; імі рабілі тых, чыя адвага і баявыя якасці былі заўважаны камандуючым. Пры Імперыі пераважная частка пасадаў цэнтурыёна давалася такім жа чынам: імператар даваў гэтае званне тым, хто праяўляў асабістыя вайсковыя якасці на ніжэйшых пасадах легіёна. Але пэўная частка цэнтурыёнаў належала да болей высокага сацыяльнага класу — да вершніцкага стану. Замест таго, каб пачаць вайсковую кар’еру звычайным чынам, на пасадзе прэфекта дапаможнай кагорты, яны лічылі за лепшае далучыцца да арміі ўжо як цэнтурыёны.
Роля цэнтурыёнаў
Цэнтурыён сачыў за парадкам і дысцыплінай у сваім падраздзяленні, кантраляваў адзенне і абутак сваіх людзей, каб уся зброя была начышчана. Паводле Вегецыя, яны таксама камандавалі рыццём рова вакол лагера, каралі салдат, якія працавалі нядбайна. Паводле Ювенала, здзяйснялі суд. Акрамя функцый, якія непасрэдна адпавядалі іх статусу, цэнтурыёнам часта даручалі асабістыя задачы — галоўнакамандуючы, рымскія ўлады або ўлады правінцыі. Па некаторых звестках, яны маглі ўзначальваць стайні легата, яго асабістую варту, збраёвыя майстэрні, руднікі, будаўніцтва дарог, вырашэнне памежных спрэчак, замяняць прэфекта легіёна, камандзіра кагорты, крыла, ірэгулярнага фарміравання, асобных атрадаў, часта буйных і г.д.
Асабістай увагі заслугоўваюць цэнтурыёны primipilus і princeps praetorii. Першы ўзначальваў значна большую за іншых колькасць салдатаў. Болей за тое, меў пэўную ўладу над іншымі цэнтурыёнамі. Менавіта ён ахоўваў «Арла», які быў пунктам збору легіёна. Ён даваў сігнал на выступленне, на маршы знаходзіўся на чале войска; загадваў падачай гукавых сігналаў, якія тычыліся ўсіх кагортаў. Таму Дыянісій Галікарнаскі мог сцвярджаць, што прыміпіл узначальваў 60 цэнтурый,
Што тычыцца princeps praetorii, то ён, напэўна, займаўся пераважна адміністрацыйнымі справамі, амаль усім, што было непасрэдна звязана з навядзеннем парадку ў легіёне. Гэта быў адзіны цэнтурыён, якога суправаджалі двое сакратароў (пісараў).
Месца цэнтурыёна лічылася вельмі прыбытковым, болей ці меней легальныя прыбыткі, якія можна было атрымаць — вызваленне ад цяжкай працы за грошы, доля ў ваеннай здабычы, значны пенсіён і выплаты пасля звальнення, — рабілі заняцце пасады момантам спаборніцтва.
Літаратура
- Cagnat R. Legio // Dictionnaire des antiquités grecques et romaines, III.2. — Paris, 1904. — col. 1047—1093.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цэнтурыён