Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР) — арганізацыя, якая ў 1917—1918 гадах займалася фарміраваннем беларускага войска і каардынавала працу беларускіх вайсковых рад.

Створана на з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, 12-й арміі Паўночнага фронту і Балтыйскага флоту ў Мінску (18—21 кастрычніка 1917), дзе быў абраны Часовы выканаўчы камітэт ЦБВР на чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, намеснікамі якога сталі Канстанцін Езавітаў і Язэп Мамонька. Выканаўчы камітэт ЦБВР увайшоў у склад Вялікай беларускай рады.

ЦБВР стварыла спецыяльны аддзел па фарміраванні беларускіх вайсковых адзінак, які ўзначаліў генерал-лейтэнант Кіпрыян Кандратовіч, і адправіла на франты вярбоўшчыкаў. Пасля з’ездаў беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага, Румынскага і Паўднёва-Заходняга франтоў (усе ў лістападзе 1917 — студзені 1918) іх прадстаўнікі папоўнілі склад Выканкома рады. Друкаваны орган — газета «Белорусская рада».

Намаганнямі ЦБВР у лістападзе 1917 года створаны беларускі полк у Мінску і кавалерыйскі полк (эскадроннага складу) пад Оршай. Члены ЦБВР удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні Усебеларускага з’езда (снежань 1917).

Пасля разгону з’езду бальшавікамі ЦБВР працавала легальна, вывесіўшы вялізны беларускі штандар у доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы (цяпер на тым месцы задні двор цырку). Рада атрымала ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага М. Крыленкі ў выніку перагавораў 10—11.1.1918 дазвол на стварэнне беларускай нацыянальнай Чырвонай гвардыі і прызначыла пунктамі яе фарміравання Мінск, Бабруйск, Рагачоў, Магілёў і Барысаў. Аднак з-за пазіцыі прадстаўнікоў Аблвыкамзаха, якія сарвалі праезд спецыяльна створанай для гэтага камісіі, ЦБВР не здолела ажыццявіць намечаны план. 31 студзеня 1918 Вайсковая рада была аточаная салдатамі і матросамі, якія прыбылі для вобшуку і арышту асоб, што там знаходзіліся. Аднак затрымалі толькі членаў Вайсковай рады Канстанціна Езавітава і Васіля Захарку, а таксама 14-гадовага хлопчыка Апанаса.

19 лютага каля поўдня да зняволеных сяброў ЦБВР дайшла навіна пра немцаў, што набліжаліся да Мінска. Карыстаючыся адступленнем бальшавікоў і агульным хаосам, яны збеглі з вартоўні, пасля чаго сустрэліся ў доме Антона Лявіцкага. У хуткім часе пачалося надзвычайнае паседжанне Выканаўчага камітэта ЦБВР. Яго ўдзельнікі прынялі рашэнне:[1]

"

Па-прычыне абсалютна выразнага памкнення Народнага Камісарыяту Заходняй вобласці ўцякчы на ўсход і па-прычыне набліжэння немцаў і верагоднасці анархіі ў горадзе — узяць на сябе ахову парадку і бяспекі ў Мінску, а калі спатрэбіцца, то і ва ўсёй Беларусі, а таксама прапанаваць Выканкому Рады 1-га Усебеларускага з’езда выканаць волю з’езда і ўзяць уладу ў свае рукі.

"

Канстанцін Езавітаў, кіраўнік ЦБВР, быў прызначаны камендантам горада. Пазней члены ЦБВР удзельнічалі ў стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зноскі

  1. Варта. — 1918. — № 1. — С. 36.

Літаратура

  • Мазец В. Цэнтральная беларуская вайсковая рада // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
  • Савіцкі В. Беларускае войска: ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 4.
  • Шупа С. Падарожжа ў БНР. Архіўны раман. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2018. ISBN 978-0-929849-30-0
  • Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.